Брава, «Карамель»!

Ансамбль танца “Карамель” Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў сёлета другі раз стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу. Трэці адкрыты рэспубліканскі конкурс дзіцячага харэаграфічнага мастацтва “Брава, дзеці!” адбыўся 12 красавіка ў Мінску ў Доме культуры трактарнага завода.
“Карамелькі” з Рэчыцы выступалі ў намінацыі “Народны танец” ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў і занялі першае месца. Прадстаўлялі калектыў Кацярына Бабіч, Віялета Бабіч, Вікторыя Яцэвіч, Ірына Дульская, Ксенія Гайдук, Марыя Шэлест, Соф’я Губіна і Яна Бабіч. Дзеці выканалі італьянскі танец “Тарантэла” і ўзнагароджаны Кубкам і дыпломам, а кіраўнік Алена Казеня – Падзячным лістом.
Алена Казеня закончыла аддзяленне харэаграфічнага мастацтва Гродзенскага каледжа мастацтваў. Вучылася ў заслужанага дзеяча культуры і мастацтваў Ніны Канстанцінаўны Залеўскай, якой вельмі ўдзячна. Падчас вучобы з’яўлялася ўдзельніцай ансамбля танца “Гарадзенскія карункі”, з якім аб’ездзілі ўсю Беларусь і неаднойчы выступалі ў Палацы Рэспублікі. Сёлета Алена Казеня заканчвае аддзяленне менеджменту сацыякультурнай сферы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. У Рэчыцкай ДМШ працуе з 2012 года. Акрамя выкладання харэаграфічнага мастацтва дзецям, вядзе для дарослых заняткі па аэробіцы з элементамі ўсходняга танца. Алена і сама выходзіць на сцэну з харэаграфічнымі кампазіцыямі.
Ансамбль юных танцораў адлічвае сваю біяграфію з верасня 2012 года. А ў маі 2013-га ён выступае са справаздачным канцэртам і аб’яўляе сябе як “Карамель”. Чаму “Карамель”?
— Ды таму, што ўсе дзеткі такія індывідуальныя, яркія, я сказала б, салодкія, нібы рознакаляровыя цукерачкі – карамелькі, — тлумачыць кіраўнік Алена Казеня.
У тым жа 2013 годзе ансамбль прымае ўдзел у раённым конкурсе сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся”. Выкананыя два танцы заахвочваюцца граматамі.
Сцэнічныя касцюмы, у якіх ансамбль выступаў на рэспубліканскай сцэне, набыты аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Да іншых танцаў шыюць самі з дапамогай бацькоў. Нядаўна ў калектыве распрацаваны свой лагатып, які занатаваны на майках удзельнікаў усіх пяці груп.
Пастаянныя трэніроўкі, ахвотнае жаданне займацца танцамі прынеслі свой плён. Юных танцораў пазнаюць на сцэне, іх выступленні захапляюць гледачоў, радуюць бацькоў і родных. У рэпертуары ансамбля беларускія танцы “Таўкачыкі”, “Кросны”, польская “Мазурка”, іспанскі з веерамі, егіпецкі і шэраг іншых.
Зараз “Карамель” рыхтуецца да справаздачнага канцэрта, які адбудзецца 4 мая ў Рэчыцкім ГДК, і раённага конкурсу сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся”.

Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий