Яго грэла памяць пра свае мярлiнскiя каранi

Да 80-годдзя вядомага эканаміста, дзяржаўнага дзеяча Рыгора Вячоркі

Палеская зямля з яе непаўторнай прыгажосцю,  працавітасцю народу, культурнымі традыцыямі дала Беларусі і свету нямала вядомых людзей. Адзін з іх – Рыгор Мікалаевіч Вячорка, вучоны-эканаміст, спецыялiст-практык у галiне макраэканамічнага рэгулявання і прагнозу, фінансаў і крэдыту, публіцыст. Займаў важныя дзяржаўныя пасады ў нашай краіне.

Рыгор Вячорка нарадзіўся 27 лютага1934 г. на Хутарах Мярлiнскіх. Гэта паўднёва-ўсходні, цяпер запаведны, «кут» цяперашняга Столінскага р-на, пакрыты балотамі. У1961 г. людзей адтуль выселілі і зрабілі авіяпалігон. Нашчадак патомных мяшчан Гарадной (па бацьку) і Давыд-Гарадка  (па маці).  Рос  у   шматдзетнай сям’і, у штодзённай сялянскай працы.

Вучыўся ў мясцовага народнага (але прафесійнага) настаўніка,  у  сямігодцы. Першыя эканамічныя веды  атрымаў у Пiнскім улікова-крэдытным тэхнiкуме, куды часам даводзілася дабірацца напалову пехатой. Тэхнікум закончыў з чырвоным дыпломам, што дазволіла паступіць завочнікам на эканамiчны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Кандыдацкую дысертацыю абараніў на аснове свайго практычнага досведу. Рыгор Вячорка быў дэпутатам, старшынёй планава-бюджэтнай камiсii Вярхоўнага Савета Беларусi. Заслужаны эканамiст Рэспублiкi Беларусь, ганаровы член калегii Мiнiстэрства эканомiкi.

Працаваў у Сельскагаспадарчым банку, у Дзяржаўным банку, Брэсцкую абласную кантору якога ўзначальваў у пачатку 1970-х гг. Шмат разоў бываў на Століншчыне – і па працы, і наведваючы родных.

У 1974 годзе Рыгора Вячорку запрасіў да сябе памочнiкам па эканоміцы Пётр Машэраў – першы сакратар ЦК КПБ. Такім чынам, Р. Вячорка ўдзельнічаў у распрацоўцы і ажыццяўленні стратэгіі эканамічнага развіцця краіны: пасля доўгіх гадоў адміністрацыйнага кіравання эканомікай пераконваў у неабходнасці эканамічна стымуляваць працаўнікоў, абгрунтоўваў укараненне навукаёмістых тэхналогій, індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі.

У пачатаку 1990-х гадоў Рыгор Вячорка – першы намеснiк старшынi Дзяржэканомплана ў рангу міністра. Адзін са стваральнікаў нацыянальнай праграмы эканамічных рэформаў «Праграмы пераходу Рэспублікі Беларусь да рынкавай эканомікі», ухваленай Вярхоўным Саветам і падтрыманай экспертамі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Праграма забяспечвала стварэнне эканомікі незалежнай беларускай дзяржавы.

Выкладаў у БДУ, БДЭУ, Беларускай акадэміі кіравання. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях Лонданскай школы эканомікі, Інстытута Адама Сміта ў Парыжы, Інстытута Усясветнага банка ў Вашынгтоне і г.д. Мае больш за 100 навуковых публікацый, у тым ліку 3 манаграфіі.

У пачатку 90-х гадоў, калі трэба было «дзяліць» савецкую спадчыну, эфектыўна адстойваў эканамічныя інтарэсы Беларусі на перамовах краін СНД. Арганізатар супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі фінансава-крэдытнымі арганізацыямі.

Куды б ні прыводзіў яго лёс, Рыгор Вячорка зберагаў памяць пра сваю малую радзіму – Хутары Мярлінскія, свой род і сям’ю. Гэта служыла яму крыніцай энергіі, надавала жыццю глыбокі сэнс. Эканаміст, ён шчыра цiкавiўся праблемамi захавання беларускай, у тым ліку палескай, культурнай спадчыны, традыцый, гаворак.

У апошнiя гады жыцця Рыгор Вячорка працаваў над успамiнамі, кнігу якіх цяпер рыхтуе да выдання яго сям’я. Некаторыя раздзелы ўжо друкаваліся ў «Навінах Палесся».

Памёр у 2007 годзе, пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Аляўціна ВЯЧОРКА

Добавить комментарий