Транспарт перашкаджае жыць

Жыхары вёскі Дзераўная звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай аб дапамозе: ДРБУ-141 вывозіць гравій з кар’ера. Дарога, па якой едуць машыны, ідзе па самой вёсцы. Падымаецца пыл, машыны моцна стукаюць.

Праблему мы адрасавалі старшыні Гараднянскага сельвыканкама Мікалаю Васільевічу ЛІЧЭЎСКАМУ:

– Мы ўчора абмяркоўвалі гэтую праблему, якая паступіла і ад жыхароў Гарадной, з начальнікам ДРБУ-141.  І прыйшлі да думкі, што патрэбна абмежаваць хуткасць транспарту. Справа ў тым, што тэхніка не толькі падымае слуп пылу, а і працуе ў дзве змены, а гэта азначае, што і ў цёмны час сутак таксама грукочуць машыны.

Сельвыканкам падрыхтаваў паперы ў ДАІ, каб далі дазвол на ўстаноўку абмежавальных знакаў,  а далей і да кіраўніцтва ДРБУ, каб устанавілі гэтыя знакі.

Старшыня сельвыканкама пераканаў, што мінімум за два тыдні знакі будуць устаноўлены і праблема стане не такой вострай. Зусім забараніць вывазку гравію, лесу арганізацыям і прадпрыемствам ніхто, канешне, не можа.

Што да аб’язной дарогі, пра якую гаварылі жыхары Дзераўной, дык яна проста не прыгодна для вялікагрузных машын.

Добавить комментарий