«Тэатральны прыстанак» запрасіў артыстаў

 15 сакавіка ў Столінскім гарадскім доме культуры адбыўся раённы конкурс абласнога этапу тэатральнай творчасці “Тэатральны прыстанак”, на якім розныя ўстановы адукацыі паказалі 18 пастановак.

Століншчына стала першай у вобласці, дзе прайшоў такі фестываль. Ацэньвала работу калектываў журы, у склад якога ўвайшлі майстры сваёй справы – метадысты Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, кіраўнікі тэатраў. Яны не проста выбіралі лепшыя работы, а і давалі канкрэтныя рэкамендацыі, як палепшыць тую ці іншую пастаноўку, на што звярнуць увагу, як адукавана размеркаваць музычнае суправаджэнне, якія касцюмы лепш падабраць.

Адкрыла фестываль “Казка пра Івана Цяпельшыка” ў выкананні вучаніцы Мачульскай БШ Анастасіі Паш

кавец, якую журы адзначыла за мясцовы каларыт, цудоўную ігру акцёра. Таксама адзнаку журы заслужыла і пастаноўка “У нядзельку раніцою” гэтай жа школы пад кіраўніцтвам І. М. Ляшкевіч.

Самыя маленькія ўдзельнікі фестывалю – члены аб’яднання па інтарэсах “Тэатр папяровых мініяцюр” Цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам І. Ю. Строк паказалі мініяцюры “Вось такія мышкі” і “Лялька Маша”.

Прымалі ўдзел і навучэнцы Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа. Іх “Тэатр мініяцюр” пад кіраўніцтвам В. Ф. Наскевіч наладзіў гумарыстычную пастаноўку “Зборы ў госці”.

Журы высока ацаніла работы аб’яднанняў па інтарэсах “Тэатральны” і “Лялечны тэатр”  Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам А. К. Семянюк. Яны адзначылі, што адразу адчувалася рука чалавека, які мае тэатральную адукацыю. Выхаванцы гэтага аб’яднання паказалі спектаклі “Школа чараўнікоў” (дзе проста немагчыма не адзначыць выкананне ролі Кашчэя. Хаця ўсе ўдзельнікі ігралі бліскуча), “Галоўнае слова”, эцюды.

Добра былі размеркаваны ролі, наладжана музычнае суправаджэнне ў пастаноўцы “Казка пра маленькае мышаня”, якую паставілі вучні Церабяжоўскай СШ пад кіраўніцтвам Л. Г. Грэчка.

Цудоўнае выкананне ролі Ваўка адзначалася ў інсцэніроўцы байкі Крылова “Воўк і ягня”, якую паказалі навучэнцы Столінскай дзяржаўнай гімназіі пад кіраўніцтвам Т. Я. Жук. Тут журы сказала пра тое, што кіраўнік выдатна папрацаваў над сцэнічным вобразам і мовай артыста.

Свае прадстаўленні давалі вучні Кароціцкай СШ пад кіраўніцтвам В. В. Шпакевіч “Зайка”, аб’яднанне па інтарэсах “Літаратурна-драматычны” Сямігосціцкай СШ пад кіраўніцтвам Я. Ф. Арлянін “Жыць не тужыць”, аб’яднанне па інтарэсах ЦДТ г. Століна “Драматычны” пад кіраўніцтвам І. Ю. Строк “Капрызка”, вучні СШ № 1 аг. Альшаны пад кіраўніцтвам А. Р. Крупкевіч “Зімовая казка”, аб’яднанне па інтарэсах “Пятрушка” СШ № 1 г. Давыд-Гарадка пад кіраўніцтвам Н. М. Марчук мініяцюры “Аўтатрэнінг” і “Паненка і Анюта”, аб’яднанне па інтарэсах “Драматычны” Радчыцкага НПК яслі-сад базавая школа   пад  кіраўніцтвам  М. А. Стральчук “Гарэза Пятрушка”, вучні Стружскай СШ пад кіраўніцтвам В. І. Мароз урывак з п’есы Міхася Чарота “Мікітаў лапаць”.

Не магу не адзначыць, што ўсе ўдзельнікі – малайцы. Яны змаглі не толькі з карысцю праводзіць час на рэпетыцыях, але і дасягнуць  таго  ўзроўню,  калі  гледачам     было   цікава    глядзець іх работы.

Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий