Недавезлi да палiгона раз, недавезлi два

Чарговы рэйд работнікаў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя зноў выявіў гурбы смецця, стыхійныя звалкі, засмечаныя кар’еры, вялікую колькасць другасных рэсурсаў у розных куточках населеных пунктаў і па-за імі.
Дарогу на мініпалігон вёскі Відзібор акаляе смецце. Людзі проста яго недавозяць, а выкідаюць там, дзе ім бліжэй і зручней. На самім месцы шмат плёнкі. На палігоне Відзіборца таксама гурбы плёнкі і ў дадатак старыя шыны. Гэта другасная сыравіна магла б пайсці на перапрацоўку і яшчэ раз паслужыць чалавеку. На месцы збору смецця аграгарадка Плотніца шмат шкла. Адходы туды недавозяцца. Дрэнная дарога з боку Рухчы перашкаджае нармальнаму заезду. Таму смецце пад кожным хмызнячком з боку малочнатаварнай фермы ў меліярацыйным канале.
У самім аграгарадку Плотніца ёсць лясны масіў, які прыстасавалі для выкідання смецця. Попел тут высыпаюць гурбамі пад кожнае дрэўца. На тэрыторыі мехдвара КСУП “Прыпяць-2009” таксама столькі гурбаў попелу, што дзіву даешся: чаму яго рассыпаюць па ўсёй тэрыторыі. Пэўна, у кожнага свая логіка. Кантэйнер для металічнай стружкі завалены ўсялякім смеццем. Стружкі тут намнога менш, чым бутэлек, пластыку. Пад агароджай можна знайсці шмат чаго. Напрыклад, столькі ўсемагчымых фільтраў валяецца.
Традыцыйна з воданапорнай вежы КСУП льецца фантан вады. Вось так эканомім ваду і энергарэсурсы.
Палігоны аграгарадка Рухча і Радчыцка знаходзяцца ў нармальным стане. Ды дарога да месца збору смецця ў Радчыцку дрэнная, таму і трапіла ў палон смецця.
Поле каля месца збору смецця Верхняга Церабяжова ўсё закідана плёнкай, пластыкам, паперай. Людзі недавозяць смецце за абвалоўку палігона і атрымліваецца, што вецер нясе яго на палі, на якіх вырошчваецца хлеб да нашага стала… Проста не думаем. Наогул, уся дарога на палігон Верхняга Церабяжова знаходзіцца ў смецці. Былы кар’ер па дарозе на гэтую вёску завалены бытавымі адходамі. Лясны масіў Касачова ператварыўся ў раскопкі пяску і смеццевыя гурбачкі. Тут жа знаходзяцца і будаўнічыя адходы.
Адпаведныя службы, пэўна, ужо збіліся з ліку, колькі разоў у мінулым годзе прыбіралі стыхійную звалку ў раёне Новага пасёлка (па дарозе на станцыю абезжалезвання). Колькі было затрачана сродкаў, сілы, часу. Нарэшце зрабілі абвалоўку такім чынам, каб дабрацца да месца не было магчымасці. І ўжо ў гэтым годзе лясгас заложыць там лясок. Аднак мясцовае насельніцтва знайшло альтэрнатыву – выкідаюць смецце адразу за меліярацыйным каналам.
Вядучы спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Мікалаевіч Домніч звярнуўся да жыхароў раёна з просьбай:
— Шануйце і беражыце той край, дзе вы нарадзіліся і жывяце. Не забруджвайце родную зямлю. Зараз ёсць умовы для нармальнай вывазкі і выкідання бытавых адходаў. Удакладніць графік вывазкі смецця і другасных адходаў можна ў сельвыканкамах і ЖКГ па тэлефонах: у Століне — 76-2-66, у Давыд-Гарадку – 51-4-25, у Рэчыцы – 25-4-09.

Недавезлi да палiгона раз, недавезлi два: 1 комментарий

  • 25.03.2014 в 9:15 пп
    Permalink

    Вот бы тех, кто типа недовозит мусор, заставить разгребать эти горы. Мало не показалось бы. А уговоры, штрафы неэффективны.

Добавить комментарий