Нашай бiблiятэцы – 75

У Дзень абаронцаў Айчыны у нашым Вялікамалешаўскім доме культуры адзначылі яшчэ адно свята – юбілей сельскай бібліятэкі, якой сёлета спаўняецца 75 гадоў.
На юбілей запрасілі лепшых чытачоў бібліятэкі, сяброў, калег з суседніх вёсак нашага Вялікамалешаўскага сельскага Савета. Святочную праграму вялі бібліятэкары Вольга Антонаўна Марыніч і Святлана  Аляксееўна Карняйчук. На беларускай мове гучалі словы віншаванняў – тым самым работнікі ўстановы культуры адсвяткавалі Дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
Кветкамі, шарамі, каляровымі стужкамі ўпрыгожана зала. Цікава аформлены выстаўкі народных умельцаў “З чароўнага куфэрка” і кніжная “З любоўю да роднага слова”.
Гучала шмат цёплых слоў пра шчырую працу бібліятэчных работнікаў, слоў удзячнасці ад чытачоў, гасцей – усіх, хто любіць і паважае  нашу бібліятэку.
Вельмі спадабалася ўсім выступленне былой загадчыцы бібліятэкі Марыі Паўлаўны Мішковай, якая зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Любімай справе яна аддала амаль сорак гадоў і ніколькі аб гэтым не шкадуе.
Ад усяго сэрца дзякую гэтаму вельмі дарагому для мяне чалавеку, жадаю ёй моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Словы ўдзячнасці адрасую Любові Дзмітрыеўне Паўловіч – былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Вялікамалешаўскай сярэдняй школы. Я вельмі люблю і паважаю гэтую простую, шчырую жанчыну. Мы часта звяртаемся да яе з рознымі пытаннямі. І яна ніколі ні ў чым не адмовіць, параіць, дапаможа.
Вялікім майстэрствам і ўмелымі рукамі валодае Кацярына Кузьмінічна Міхалевіч. Яна вышывае крыжыкам. Кожнае наша мерапрыемства ў Доме культуры праходзіць з яе ўдзелам і Ганны Іосіфаўны Беразоўскай. Яны – нашы лепшыя сябры і чытачы бібліятэкі.
З удзелам бібліятэкара Альгомельскай сельскай бібліятэкі Алены Андрэеўны Кудласевіч была паказана жартоўная інсцэніроўка “Як мы працуем”.
Прагучала і шмат музычных нумароў у выкананні юных артыстаў Дома культуры і музычнай школы, за што вялікі дзякуй Ірыне Валер’еўне Камароўскай, Ларысе Аляксееўне Савонавай і Васілю Адамавічу Птушко. Мы заўсёды працуем разам, ва ўсім падтрымліваем адзін аднаго, таму і мерапрыемствы праходзяць у нас весела і цікава.
Святлана Аляксеева

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *