Газету – у кожны дом

Пра паштальёнаў заўжды гаварылі, што гэта самы жаданы госць у кожным доме. І нават пры тым, што цяпер менш газет і часопісаў сталі выпісваць людзі, менавіта работнікі паштовай сувязі часцей за ўсіх бываюць амаль на кожным нашым падворку.
—    Толькі раённай газеты я разношу па вёсцы 120 экзэмпляраў, — расказвае паштальён з Мачуля Аліна Іванаўна Ляшкевіч, — а гэта практычна да кожнай вясковай сям’і.
Выпісваюць у вёсцы і некалькі цэнтральных газет, абласных. А яшчэ ў сельскім аддзяленні сувязі можна набыць тавары шырокага попыту. І хаця “пошта”,  як  яе  называюць  тут,  знаходзіцца на ўскрайку вёскі, тут у невялічкім памяшканні заўсёды бываюць людзі.
Аліна Іванаўна Ляшкевіч па выніках падпіскі на гэты год стала адной з перадавых у раёне. Яна гаворыць, што вяскоўцы ахвотна падпісваюцца на “Навіны Палесся”, трэба толькі дапамагчы аформіць падпіску.
Значна прыбавілася падпісчыкаў перыядычных выданняў і ў Белавушы. У многім гэта заслуга паштальёна Таццяны Уладзіміраўны Пракапчук, якая працуе тут параўнальна нядаўна, але да работы сваёй ставіцца вельмі добрасумленна, творча.
Прыклад уважлівага абслугоўвання насельніцтва ў апошнія гады паказваюць работнікі Харомскага аддзялення сувязі.  Тут пастаянна дабаўляецца чытачоў раённай і іншых газет. Узначальвае дружны калектыў аддзялення паштовай сувязі Алена Рыгораўна Гапко.
Па выніках падпіскі на 2014 год рэдакцыя газеты «Навіны Палесся» ўзнагародзіла лепшых паштальёнаў грашовымі прэміямі.
Тэкст і фота Фёдара ШУМКО

Добавить комментарий