Аўтобус са святочнымі гасцінцамі

31 снежня па дарогах раёна ездзіў не зусім звычайны мікрааўтобус: за яго рулём сядзеў Дзед Мароз, а збоку – Снягурачка. Яны развозілі падарункі дзецям з нядобранадзейных сем’яў.
У ролі Дзеда Мароза выступіў Дзмітрый Цыганкоў, а Снягурачкі — яго сястра Таццяна.
Арганізатарам акцыі стаў Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў. Прадстаўнікі арганізацыі звярнуліся па спонсарскую падтрымку да фермераў аграгарадка Альшаны. Спонсарамі выступілі Якаў Сімановіч, Аляксандр Кецька, Данііл Быба, Леанід Тарасевіч, Віктар Быба. На сабраныя сродкі было куплена 50 падарункаў, якія былі раздадзены ў 17 сем’ях.
Дзмітрый пасля аб’езду сем’яў падзяліўся сваімі думкамі:
—    Чакаў убачыць усякае, аднак быў моцна ўзрушаны. Нават не верыцца, што ў наш час людзі так жывуць. У некаторых сем’ях стаялі ёлачкі, на якіх не было ні адной купленай цацкі, а толькі выразаныя дзецьмі сняжынкі… І не ва ўсіх сем’ях бацькі пітушчыя.
…Невядома, хто больш радуецца дабрачыннасці: той, хто атрымлівае, ці той, хто дорыць. А поруч заўжды ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе – не вялікай, а пасільнай.
Таццяна СЕГЕН
На здымку: Дзед Мароз і Снягурачка ў пачатку свайго шляху.
Фота аўтара

Добавить комментарий