Успаміны грэюць сэрца

Яе жыццё ніяк не назавеш  лёгкім, бо нарадзілася Роза ў 1939-м годзе, у вясковай сям’і, што жыла  ў в. Беланавічы на Петрыкаўшчыне. Былі ў яе брат і сястра, але  дзеці ў час вайны асірацелі: засталіся без бацькі і маці. Гадавала іх  цётка.
Роза вучылася добра, з пахвальнай граматай скончыла сем класаў і адразу ж паступіла ў Калінкавіцкі  сельскагаспадарчы тэхнікум на заатэхніка. Па накіраванні прыехала  ў Столін, дзе яе паслалі  галоўным заатэхнікам у Беражное, у калгас імя Леніна. Было гэта 1 жніўня 1958 года.
Гаспадаркай па тым часе кіраваў  Клінаў, калгас  у перадавіках не хадзіў. Перамены пачаліся, калі  на сходзе  11 лістапада 1960 года абралі  калгаснікі старшынёю Яфіма Пятровіча Сагановіча. Строгі і прынцыповы быў гэты чалавек, нялёгкі  характар меў, але быў надзелены талентам  кіраўніка, арганізатара.
—    Ён нас вучыў  працаваць, а сам не браў нічога калгаснага, — успамінае Роза Раманаўна. – Мы не толькі  ўкаранялі перадавыя тэхналогіі ў гаспадарцы, але і  захоўвалі пастаянна і паўсюдна дысцыпліну. На фермах стаяла па 1000 галоў кароў, столькі ж бычкоў  на адкорме. Рэнтабельнасць дасягала 79 працэнтаў…
Як гэта нялёгка давалася, ведае не толькі яна, а ўсе, хто  працаваў тады. Раскажы сённяшняй моладзі, што трэба было на золку ўстаць, аб’ехаць усе фермы, каб мець дакладны малюнак таго, што робіцца ў жывёлагадоўлі, каб потым раніцай  далажыць старшыні на нарадзе, — не павераць. А хутчэй за ўсё  не захочуць працаваць у такім рытме. А яна працавала. І дабівалася  высокіх паказчыкаў, і праца  ёй была ў радасць, хоць і мела напружанне і шмат цяжкасцяў. Ці пераадолела б іх, каб не было поруч сям’і, — не ведае.
Са светлым сумам у вачах Роза Раманаўна расказвае, як  пазнаёмілася са сваім мужам. Было гэта паміж справамі і зусім непрыкметна для яе, бо жыла яна  на кватэры ў Басацкіх, а з арміі прыйшоў іх сын. Мімалётная сустрэча – і юнак  паехаў па сваіх справах з вёскі, але пакінуў для Розы падарунак  —  залаты  жаночы гадзіннік. А поруч запіска, у якой прызнаваўся, што яна  спадабалася хлопцу.
Так і засталася  Роза  ў хаце Басацкіх, стала неўзабаве не кватаранткай, а нявесткай. Бачачы яе занятасць у калгасе, старыя  вызвалялі  маладую жанчыну ад хатніх клопатаў. Нават калі нарадзіліся дзве дзяўчынкі, то спалі яны з дзедам Сцяпанам  і бабуляй Ганнай, а не з бацькамі. З часам  маладыя пабудавалі поруч з бацькоўскім і свой дом – цагляны, прасторны, з паркетам у зале.
Цяпер у гэтым доме жыве  адна Роза Раманаўна. Муж памёр восем гадоў назад, дочкі вывучыліся. Алена пасля заканчэння  Мінскага  педінстытута  працуе ў Брэсце настаўніцай матэматыкі, а Ганна  скончыла Мінскі медыцынскі  інстытут, жыве і працуе  ў Мінску. Бабуля мае  ўнука Аляксандра і ўнучку Надзею, якія пайшлі  па дарозе свайго бацькі, яе зяця, і скончылі Акадэмію  культуры.
Адзіная мара Розы Раманаўны сёння – зрабіць аперацыю на ногі, каб можна было без болю хадзіць. Вось ужо год стаіць у чарзе, кажуць, што хутка  і ёй дапамогуць урачы. Добра было б, а так больш надзеі на дачку, якая штомесяца  прыязджае са сталіцы,  каб дапамагчы маці.
Валянціна  МІРАНОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий