Прызы Саюзнай дзяржавы

На мінулым тыдні з урачыстага мерапрыемства, арганізаванага Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, вярнуліся вучаніца Столінскай дзяржаўнай гімназіі Ірына Стоўба і яе настаўніца рускай мовы і літаратуры Ларыса Паўлаўна Жук.
Ірына Стоўба стала пераможцай творчага конкурсу “Пісьмо сябру” ў намінацыі “Как воевали наши деды за Победу” ў рамках інфармацыйнага праекта Саюзнай дзяржавы “Юныя журналісты Беларусі і Расіі аб Саюзнай дзяржаве”.
Конкурс індывідуальных творчых работ, якія напісаны ў жанры пісьма, праводзіцца па трох намінацыях – “Как воевали наши деды за Победу”, “О Родине своей пою” і “Нету срока давности у дружбы”. Яго мэта – прапаганда і папулярызацыя культуры і традыцый брацкіх славянскіх народаў, выяўленне і падтрымка маладых талентаў, асвятленне канструктыўных міжнацыянальных адносін.
Ірына па расказу сваёй настаўніцы напісала пісьмо пра Якіма Рыгоравіча Савіча, які быў у групе тых людзей, што ўстанавілі сцяг над Рэйхстагам у маі 1945 года.
Усяго на конкурс было пададзена 1498 работ, якія прайшлі адбор. Фіналістамі сталі 45 вучняў. Інтрыга захоўвалася да апошняга моманту. І толькі падчас узнагароджання 12 чалавек даведаліся, што сталі пераможцамі ў трох намінацыях. Сярод іх і Ірына.
Узнагароджанне праходзіла ў Мінску ў Доме Масквы, які сам па сабе ўразіў удзельнікаў конкурсу. На ўручэнні ўзнагарод прысутнічалі члены Урада, пераможцы мінулых гадоў, з якімі таксама было цікава пагутарыць, завесці знаёмствы.
Перад урачыстай часткай мерапрыемства Ірына і Ларыса Паўлаўна сталі ўдзельнікамі ток-шоу на радыёканале.
Ірына прывезла шмат падарункаў, самым каштоўным з якіх з’яўляецца планшэт. Яшчэ ад мерапрыемства засталіся яркія ўражанні і жаданне дасягаць новых вышынь.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий