«Любі і паважай людзей, і яны адкажуць тым жа…»

Дзелавая, пазітыўная, абаяльная, жыццярадасная… Такой Людмілу Фёдараўну Голубеву ведаюць усе – і блізкія, і калегі па рабоце, і шматлікія кліенты прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Столінскім раёне, дзе яна ўжо доўгі час працуе на пасадзе начальніка аддзела па рабоце з грамадзянамі.

…Нарадзілася Людміла ў р. п. Рэчыца, скончыла рэчыцкую СШ № 1. Любімыя прадметы – замежная мова і літаратура — нават не намякалі на прафесію, якую з часам атрымала дзяўчына. Тады як тата Людмілы марыў аб яе медыцынскай кар’еры, у дачкі былі свае планы. У яе душы жыў гарачы інтарэс да эканомікі і аналізу. І дзяўчына дасягнула сваёй мэты.
Першай прыступкай да прафесіі стаў Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Наступнай – вучоба ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
Пасля вучобы Людміла Голубева працавала па спецыяльнасці ў самых розных сферах. Пачынала з пасады інспектара крэдытнага аддзела ў Столінскім аддзяленні Дзяржбанка СССР (сённяшні Белаграпрамбанк), працавала эканамістам у ПМК-62. Потым – розныя пасады ў “Брэсткамбанку” (сёння гэтага банка ўжо не існуе), апошняя з якіх – начальнік аддзялення.
У сваім ужо родным для сябе Белдзяржстраху Людміла Фёдараўна працуе з 2001 года. Родным, таму што любіць тут усё – ад сваіх абавязкаў да мікраклімату ў калектыве.
У абавязкі начальніка аддзела па рабоце з грамадзянамі ўваходзіць арганізацыя работы аддзела па заключэнні дагавораў абавязковага і добраахвотнага страхавання з насельніцтвам. З гэтай работай Л. Ф Голубева спраўляецца цудоўна, з’яўляецца ўзорам для іншых, заўжды гатова падзяліцца сваімі вопытам і глыбокімі прафесійнымі ведамі. На добрым рахунку ў кіраўніцтва ўсіх узроўняў. Зусім нядаўна, напрыклад, атрымала Падзяку дырэктара філіяла Белдзяржстраху па Брэсцкай вобласці…
— Я заўжды любіла сваю работу, — дзеліцца з карэспандэнтам Людміла Фёдараўна – Дзе б ні працавала. Мне заўжды шанцавала на добрыя калектывы…
Вялікае месца ў жыцці гэтай жанчыны займае яе сям’я – дружная, згуртаваная, нягледзячы на адлегласць. Дочкі Каця і Оля жывуць у сталіцы. Абедзве пайшлі па слядах мамы – атрымалі эканамічную адукацыю. Скончылі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (факультэт “Банкаўская справа”) і працуюць па спецыяльнасці.
Малодшая Кацярына пакуль яшчэ выбірае сталічнага кавалера, а Оля ўжо стварыла сям’ю і падарыла бацькам двух любімых унукаў – Дзіму і Мішу. Мая гераіня разам з мужам Мікалаем — частыя госці ў Мінску. Не прапускаюць ні адной важнай даты ў жыцці блізкіх людзей: адпраўлялі ўнука ў школу 1 верасня, святкавалі разам дні нараджэння, разам ездзілі ў водпуск… Дарэчы, ужо рыхтуюць для ўнукаў навагоднія падарункі: дзеці па скайпу ўжо запрасілі бабулю і дзеда на Новы год.
У Людмілы Фёдараўны, нягледзячы на насычанае жыццё, ёсць месца і для хобі. Яна не можа жыць без… лазні. Кожны тыдзень наведваецца туды, падсілкоўваецца там здароўем і добрым настроем. А працягам працэдуры становіцца кубачак зялёнай гарбаты з імбірам, часнаком і мятай – напітак, які цудоўна танізуе і, між іншым, найлепшы сродак ад прастуды зімой…
Галоўны жыццёвы дэвіз Людмілы Фёдараўны Голубевай падобны на біблейскі запавет. Праўда, жанчына яго крыху перафразавала і гучыць ён пасля “рэдакцыі” так:
— Любі і паважай людзей, і яны адкажуць тым жа.
І жыццё падмацоўвае гэтыя словы жывымі прыкладамі…
Лілія ГУШЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *