На службу ў армію

На дзень прызыўніка, які праходзіў на мінулым тыдні ў Столінскім гарадскім доме культуры, прыйшлі не толькі прызыўнікі, якія вытрымалі да гэтага пільны адбор раённай прызыўной камісіяй, а і іх родныя і блізкія, прадстаўнікі раённых службаў і арганізацый.

Пад гукі марша прызыўнікі арганізаванай калонай заходзяць у залу і займаюць свае месцы. Пра важнасць пачатку новага этапа ў жыцці кожнага маладога чалавека, які праз некалькі дзён уступіць у рады беларускай арміі, сказаў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Піліпавіч Несцяровіч.

І вось адказны момант. Пачынаецца ўручэнне прызыўнікам павестак на службу ў арміі.

Гонар праходзіць службу ў пятай асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы, восьмай асобнай мабільнай брыгадзе Брэста і 14-м асобным палку сувязі КДБ у Маладзечне атрымалі гэтай восенню васемнаццаць нашых землякоў. Павесткі ім уручыў ваенны камісар Столінскага раёна палкоўнік Уладзімір Мікалаевіч Семянюк.

Яшчэ чатырнаццаць прызыўнікоў адабраны раённай прызыўной камісіяй для службы ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Павесткі ім уручае намеснік начальніка РАУС Юрый Аляксеевіч Арсяновіч.

Таксама чатырнаццаці прадстаўнікам Століншчыны выпаў гонар служыць на дзяржаўнай граніцы краіны. Яны атрымалі павесткі для праходжання службы ў 86-й пагранічнай групе ў Брэсце і восьмай радыятэхнічнай брыгадзе ў Баранавічах з рук намесніка начальніка аддзела пагранічнай службы “Рэчыца” маёра Барыса Барысавіча Лісаўца.

Тым, каму пашчасціла праходзіць сапраўдную службу ў ваенна-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны, павесткі ўручае намеснік ваеннага камісара капітан Міхаіл Міхайлавіч Хоміч, які яшчэ нядаўна быў начальнікам тэхнічнага разліку на самалётах МІГ-29 на знішчальнай авіябазе.

Павесткі будучым байцам танкавых і механізаваных воінскіх часцей уручыў начальнік групы тэрытарыяльнай абароны маёр Сяргей Аляксандравіч Патрубейка.

Васемнаццаць прызыўнікоў папоўняць у бліжэйшыя дні сілы транспартных войскаў. Павесткі на службу ў асобнай чыгуначнай брыгадзе Слуцка ім уручыў першы сакратар РК «БРСМ» Вадзім Васільевіч Заруба.

У нашай краіне ёсць і такі від воінскай службы, як служба ў рэзерве. Праходзіць яе вызначаны высокакваліфікаваныя спецыялісты з вышэйшай або сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, якія маюць адпаведную ваенную падрыхтоўку. Яны будуць рэгулярна прыцягвацца на воінскія зборы. Павесткі ім уручае старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускага саюза афіцэраў запасу падпалкоўнік запасу Мікалай Антонавіч Пракаповіч.

Ад імя прызыўнікоў рашучасць не падвесці і надзейна несці воінскую службу выказаў Аляксандр Анатольевіч Васільчук.

З цёплымі і мудрымі пажаданнямі на службу да прызыўнікоў звярнулася маці прызыўніка Людміла Мікалаеўна Куст.

Праграма дня прызыўніка суправаджалася выступленнямі на сцэне салістаў ГДК Таццяны Вабішчэвіч, Веранікі Рабец, Таццяны Цупа, дзіцячага ўзорнага ансамбля танца “Карагод”, танцавальнага калектыву “Карамель” Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў, танцавальнай групы аграрна-эканамічнага каледжа.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий