Быць пагранічнікам хачу

Прававыя класы СШ № 2 г. Століна пад кіраўніцтвам класных кіраўнікоў Жанны Іосіфаўны Домніч і Святланы Іванаўны Бруцкай пабывалі на экскурсіі ў аддзеле пагранічнай службы ў Рэчыцы Пінскага пагранатрада. Для маладых людзей гэта стала адным з урокаў прафарыентацыі.

Іх гасцінна сустрэў намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце Барыс Барысавіч Лісавец, які правёў пазнавальную экскурсію.

Вучні з цікавасцю разглядалі тэхніку, якой карыстаюцца пагранічнікі, – усюдыходы, машыны з высокай праходнасцю.

Асабліва спадабалася работа службовага сабакі – як ён пераадольвае перашкоды, як затрымлівае парушальнікаў. Удзельнікам экскурсіі расказалі аб трэніраванні сабак, што яны патрэбныя памочнікі, якія знаходзяць кантрабанду там, дзе яе не ўбачыць ні вока чалавека, ні тэхніка.

З цікавасцю назіралі за пастраеннем на плацу, з якога пагранічнікі заступаюць на абарону нашых рубяжоў. Пазнаёміліся са зброяй – аўтаматам Калашнікава і пісталетам Макарава.

У пагранічнікаў ёсць добрая спартыўная база. Спартзала, трэнажорная зала дазваляюць ім падтрымліваць добры фізічны стан.

Прадэманстравалі вучням прававых класаў відэафільмы – аб гісторыі стварэння Пінскага пагранатрада, які ахоўвае 334 кіламетры дзяржаўнай граніцы, і пагранкамендатуры “Рэчыца”, 320 пагранічнікаў якой адказваюць за парадак на 129,8 кіламетра граніцы з Украінай.

Барыс Барысавіч адказаў на шматлікія пытанні, якія паступалі ад экскурсантаў: якая адукацыя патрэбна, каб стаць пагранічнікам, ці прымаюць на службу дзяўчат, як часта затрымліваюць парушальнікаў і г. д.

Як вучні, так і настаўнікі ўдзячны Барысу Барысавічу Лісаўцу за яго разуменне, цярпенне і цікавую экскурсію.

Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий