«Як абараніць сына ад дрэннай кампаніі?»

“Шаноўная рэдакцыя, апошнім часам на майго непаўналетняга сына дрэнна ўплываюць яго сябры.  Яны ўсе паўналетнія, часта ўжываюць спіртныя напіткі самі і прапаноўваюць майму сыну. Ці можна прыцягнуць іх за гэта да адказнасці? Куды мне звяртацца?”

На пытанне чытачкі адказвае старшы памочнік пракурора раёна Алёна Рыгораўна АНДРЭЙКАВЕЦ:

—      За ўцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны  — маецца на ўвазе ў тым ліку і распіццё спіртных напояў —  законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь (у адпаведнасці з арт. 17. 4 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў Рэспублікі Беларусь).

Калі асоба ўцягвае ў антыграмадскія паводзіны непаўналетняга сістэматычна (два разы і больш), то законам прадугледжана больш жорсткае пакаранне.  У адпаведнасці з ч. 1 арт. 173 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за гэта прадугледжваецца ўжо крымінальная адказнасць – арышт на тэрмін да шасці месяцаў ці пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Маці падлетка пытае, куды ёй звяртацца. Безумоўна, трэба пісаць заяву ў праваахоўныя органы і змагацца за будучыню свайго сына.  Правапарушальнікаў чакае  адказнасць за іх дзеянні.

Зазначу, што пракуратурай раёна  адсочваюцца ўсе факты прыцягнення асоб да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці  за ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны. З усімі асобамі праводзяцца прафілактычныя гутаркі і аб’яўляюцца афіцыйныя папярэджванні пракурорам раёна.

Лілія ГУШЧА

 

Добавить комментарий