Столінскі ўнівермаг: новае аблічча пасля вялікага рамонту

У пятніцу 17 кастрычніка ў 17 гадзін 17 хвілін  адбылося ўрачыстае адкрыццё Столінскага ўнівермага пасля вялікай рэканструкцыі, у якую, як стала вядома “НП”, было ўкладзена каля трох мільярдаў рублёў.

Карэспандэнт разам з іншымі жадаючымі трапіць у магазін (а іх было нямала!) спачатку насалоджваўся музычнымі нумарамі народнага інструментальнага ансамбля  “Брыз”, які з веданнем справы “разаграваў” публіку перад  “экскурсіяй” і шопінгам.

Нарэшце, у заяўлены час магазін адчыніў свае дзверы і можна было на ўласныя вочы ўбачыць  вынік вялікай і карпатлівай работы.

На першым паверсе размясціліся секцыі дзіцячых цацак (акрамя мяккіх), мота-вела, бытавой тэхнікі, спартыўных тавараў, бытавой хіміі, разнастайных гаспадарчых тавараў…

Але самае цікавае чакала на другім паверсе, дзе ўласна і адбыліся найбольш значныя і прыемныя змены, пачынаючы ад сучаснага дарагога дызайну (не горшым, чым у сталічных магазінах), якаснага гандлёвага абсталявання і заканчваючы асартыментам, які значна пашырыўся.   Тут размешчаны секцыі абутку,  вопраткі, адзення, бялізны, спартыўнага адзення, а таксама ювелірныя вырабы, кнігі…

Па гучнай сувязі дырэктар універмага І. А. Вярбіцкая вітала наведвальнікаў магазіна і складала для іх найбольш зручны маршрут (пры гэтым жартавала, што нават самі прадаўцы яшчэ дрэнна арыентуюцца ў новых умовах).

Гучная сувязь, відэаназіранне, камеры захоўвання, сістэма аховы ад несанкцыянаванага вынасу тавараў – гэта тыя зручныя навінкі, якія ёсць у магазіне.  Немалаважны факт: ва ўнівермагу з’явіўся інфа-цэнтр. Загадчыцу  гэтага аддзела на другім паверсе Валянціну Страха пакупнікам можна турбаваць па самых розных пытаннях адносна работы ўнівермага: вяртанне тавару, гарантыйны рамонт, тавары ў крэдыт, скідкі і інш.

Жыхароў і гасцей райцэнтра ў магазіне чакалі прыемныя сюрпрызы. Першым 15 пакупнікам тавараў на суму  ад 300 тысяч да мільёна рублёў уручаліся шампанскае, цукеркі, дысконтныя карты ўнівермага.  Самай першай пакупніцай стала жыхарка Радчыцка Чорненькая, якая прыдбала дэмісезоннае паліто.

І дарослыя, і дзеці маглі пачаставацца цукеркамі, якімі ўсіх жадаючых частавала дзяўчына ў касцюме Восені.

Акрамя таго, на шэраг тавараў дзейнічала сяміпрацэнтная скідка.

Ажыятаж назіраўся ў кніжным аддзеле, гарачы інтарэс выклікалі секцыі верхняга адзення, ювелірная, дзіцячага адзення, абутку…

Пры тым, што магазін пашырыўся, штат універмага не павялічыўся.   Сем прадаўцоў абслугоўваюць пакупнікоў на першым паверсе і 13 – на другім.  Прадаўцы прымяраюць на сябе новую ролю – кансультантаў. Пакупнікі могуць арыентавацца на мадэль. Памер падбярэ прадавец-кансультант.

Прыемны момант: на другім паверсе працуюць 4 касы па прынцыпе вольных кас.  Напрыклад, за дзіцячае адзенне мы разлічыліся ў касе ювелірнай секцыі, дзе на той момант не было чаргі. Зручна і хутка.

І спажыўцы стары-новы магазін, відавочна, высока ацанілі, раз за дзве гадзіны работы 17 кастрычніка купілі тавараў на 40 млн рублёў!

Нядрэнны пачатак!

Лілія ГУШЧА

Добавить комментарий