Партызанскiмi сцежкамi

У наступным годзе мы будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзесяцігоддзе за десяцігоддзем аддаляюць нас ад падзей тых дзён, калі на фронце і ў тыле кавалася Перамога, усё менш застаецца людзей, якія бачылі вайну, перажылі яе жахі і праз усё жыццё пранеслі боль страт родных і блізкіх. І толькі памяць можа захаваць той подзвіг старэйшага пакалення, якое пазбавіла нас цяжкай долі рабоў. Нашы бацькі і дзяды сваёй барацьбой з ворагам усялілі веру ў тое, што вораг будзе разбіты, а землі нашы будуць вызвалены ад захопнікаў.
На поўдзень ад вёсак Століншчыны Варані, Бухлічы, Капані, Люты Бор, Альманы пачынаюцца лясы, якія праз некалькі кіламетраў шумяць ужо на ўкраінскай зямлі. У Хочанскім лесе знайшлі паратунак у далёкім 1943 годзе жыхары спаленых Варанёў. Там базіраваліся партызанскія атрады, у якіх ваявалі нашы землякі поруч з украінцамі, рускімі.
Напрасткі ад нас да вёскі Жадзень Дубровіцкага раёна каля дваццаці кіламетраў. Ва ўрочышчы Гаёўка паблізу Жадзеня  на мінулым тыдні прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня партызанскай славы, які штогод адзначаецца ва Украіне ў памяць аб подзвігу партызан Вялікай Айчыннай. Па запрашэнні Дубровіцкай дзяржаўнай адміністрацыі ў іх прынялі ўдзел прадстаўнікі нашага раёна.
На месцы дыслакацыі партызанскай брыгады асобага прызначэння Сцяпана Каплуна адноўлена некалькі зямлянак. Тут ствараецца музейны комплекс партызанскага руху на Дубровіччыне.
Мерапрыемствы пачаліся з малебна на месцы паселішча, дзе хаваліся ад ворага жыхары спаленых украінскіх і беларускіх вёсак. Малебен адслужылі настаяцель Свята-Дзмітрыеўскага храма вёскі Жадзень айцец Алег і настаяцель храма Параскевы Вялікамучаніцы вёскі Заслучча айцец Раман. Быў асвечаны крыж, устаноўлены на гэтым месцы.
На мітынгу-рэквіеме,  які пачаўся з хвіліны маўчання, узгадваліся тыя героі, якія з першых дзён вайны ўзняліся на барацьбу з ворагам. Засталося нямнога жывых сведкаў  тых  далёкіх  падзей. Ад імя тых, хто каваў Перамогу ў партызанскіх атрадах каля  Жадзеня, слова даецца Марыі Міхайлаўне Куцецкай. Яна пранікнёна і хвалююча расказала пра жахі вайны, нагадала, як нялёгка было вытрываць усе выпрабаванні. Такія, як яна, а таксама прысутныя ветэраны партызанскага руху з вёскі Жадзень Таццяна Цімафееўна Гешотка, Назар Пракопавіч Лёгкі, Надзея Максімаўна Жакунец, Вольга Майсееўна Сталярэц, Надзея Сцяпанаўна Лёгкая чым маглі дапамагалі ў партызанскай вайне.  Узгадваліся і жыхары навакольных вёсак, што ваявалі ў гэтых месцах супраць фашыстаў. Сярод іх знаёмыя нам прозвішчы Жакун, Барычэўскі, Ражко…
Пра неабходнасць свята памятаць пра патрыятызм і любоў да Радзімы заклікалі ў выступленнях на мітынгу-рэквіеме кіраўнік Дубровіцкай дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандр Уладзіміравіч Шатаў, старшыня раённай Рады Дубровіцкага раёна Леанід Фёдаравіч Стрыбулевіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Анджэла Мікалаеўна Кісель.
Вучні Жадзенскай базавай школы ў літаратурна-мастацкай кампазіцыі расказалі пра подзвіг мясцовых партызанаў, уславілі іх памяць.
У час мерапрыемства прагучалі песні ваенных гадоў і пра вайну.
Фёдар ШУМКО
Фота  аўтара

Добавить комментарий