Не ганьбіце зямлю

З дзявятага па 23 кастрычніка на тэрыторыі раёна праводзіўся маніторынг палігонаў. У ходзе гэтага мерапрыемства работнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя наведалі міні-палігоны, палігоны бытавых адходаў і цвёрдых камунальных адходаў. Былі адзначаны як станоўчыя, так і адмоўныя моманты работы.

Пра вынікі маніторынгу расказаў галоўны спецыяліст інспекцыі Уладзімір Мікалаевіч ДОМНІЧ:

—      Асноўная праблема нашых палігонаў – гэта неналежны іх догляд, завальванне смеццем пад’язных дарог. Таксама ў некаторых месцах пясчаныя кар’еры ператвараюць у сметнікі.

Палігон аграгарадка Белавуша знаходзіцца ў добрым стане, але патрэбна яго падбуртаваць, бо смецце разносіцца ветрам.

На палігонах ў Лядцы і Беражным парушаны   парадак  захоўвання адходаў – яны не падбуртоўваюцца, а “размазваюцца” па ўсёй тэрыторыі, што перашкаджае людзям заехаць і выкінуць смецце. Лёгкія матэрыялы – папера, пластык — вылятаюць з палігона і асядаюць вакол яго. Пад’язныя шляхі завалены. Машына ЖКГ выгрузіла смецце, нават не даязджаючы да палігона, бо не змагла заехаць. А што рабіць жыхарам вёскі, якія не маюць спецтранспарту? Знайшлі і трактарыста, які не абцяжарваў сябе работай, а сцёкі з малочнатаварнай фермы зліваў недалёка ад палігона.

На палігоне Малых Арлоў сустрэлі тэхніку і рабочых ЖКГ, якія павінны былі навесці парадак. Пасля ад’езду рабочых мы пабывалі зноў на  палігоне. І не пабачылі ніякіх змен – смецце як валялася, так і валяецца.

У Вялікіх Арлах ужо не  разбярэш, дзе поле СВК, дзе кар’ер, дзе сам палігон.

У кар’еры СВК “Беражное” пачалі згладжваць адхоны, але работа па рэкультывацыі далей не пайшла.

Больш-менш нармальны палігон вёскі Радчыцк, але да яго практычна немагчыма дабрацца. Жыхарам вёскі прасцей смецце вывезці на Рухчанскі палігон, дзе ўсё падгрэблена, другрэсурсы выбіраюцца пастаянна. А вось прылягаючыя тэрыторыі нікому не патрэбныя. Калі нехта выкінуў смецце за тэрыторыяй палігона, то яго ў лес проста запіхаюць трактарам…

Палігон у Плотніцы мае добрыя заезды, але ў час рэйду ён дыміўся. За тэрыторыяй палігона таксама знойдзены звалкі, якія гарэлі на той час. Палігон у вёсцы Стахава зарос пустазеллем так, што туды нават страшна заехаць. Ды і дарога да палігона такая, што па ёй толькі на трактары ў добрае надвор”е можна дабрацца.

Вось у прыклад усім можна паставіць палігон вёскі Відзіборац. Па ім ніколі не было заўваг: мясцовыя жыхары акуратна складваюць смецце, яго своечасова падграбае тэхніка ЖКГ.

На палігоне ў Дубаі пачалі браць пясок, а адходы выкідаюць на поле СВК.

Добрую справу пачалі ў Вулька-Араі: вывезлі будаўнічыя адходы, каб падмасціць дарогу. Але   так і не закончылі: гурбы адходаў ляжаць пасярод дарогі.

Закрыты кар’ер СВК “Новая Прыпяць” паўторна распрацоўваецца фізічнай асобай, на якую і быў складзены пратакол. Туды таксама вывозяць смецце.

У Альшанах на пляцоўцы часовага складзіравання бытавых адходаў працуе тэхніка. Цяпер пляцоўка закрыта. Жыхары аграгарадка павінны вывозіць смецце на палігон, які размешчаны ўбок Давыд-Гарадка.

Перад ачышчальнымі збудаваннямі каля Давыд-Гарадка выяўлена незаконная здабыча пяску. А пасля ў гэтыя накапаныя ямкі людзі выкідаюць смецце. Па прынцыпу – “ямачка не павінна пуставаць” робяць і тыя, хто вывозіць смецце ў лясок каля рыбгаса (недалёка ад Белавушы). Двойчы за гэты год прыбіралі смецце па дарозе на водазабор Століна. Жыхары Новага пасёлка працягваюць выкідаць туды смецце.

Работнікі інспекцыі звяртаюцца да ўсіх жыхароў раёна, да кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў: выкідайце смецце ва ўстаноўленых месцах – не  ганьбіце родную зямлю.

Таксама работнікі інспекцыі нагадалі пра адказнасць за парушэнне заканадаўства па рабоце з адходамі — ад 5 да 50 базавых велічынь.

Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий