Клiкала родная школа

Жыццё Канстанціна Іванавіча Сцяпуры цесна звязана са школай № 1 горада Давыд-Гарадка, куды пайшоў вучыцца ў 1960 годзе. Ён усё свядомае жыццё ведаў: абавязкова буду працаваць у роднай школе. І вось ужо настаўнічае тут з 1979 года, а пасаду дырэктара займае з 1999 года.
Нарадзіўся ў сям’і краўцоў, дзе справа перадавалася з пакалення ў пакаленне, але бацькі паўтаралі сыну, каб не ішоў іх шляхам —  атрымліваў адукацыю. Вагаючыся паміж тэхнічнай і педагагічнай ВНУ, ён выбраў апошнюю. Так стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага педінстытута. Аб гэтым ніколькі не шкадуе. Пасля заканчэння ВНУ ў 1974 годзе пачаў працаваць у Сямігосціцкай, а пасля ў Мачульскай школах. Але заўжды адчуваў, што яго месца ў роднай навучальнай установе.
Гэты год для Канстанціна Іванавіча юбілейны. Праз месяц ён адзначае сваё 60-годдзе. Шмат круглых дат у сям’і. Яшчэ ён дзясяты дырэктар СШ № 1.
—    Канстанцін Іванавіч, якія яркія ўспаміны дзіцячых гадоў?
—    Гэта паводка ў Давыд-Гарадку, якая спыняла, змяняла звычайны ход жыцця, несла абнаўленне.  Летам – футбол да цемнаты, купанне на Гарыні… Яшчэ заўжды шмат чытаў: зімой на цёплай печцы, летам хаваўся паміж градак у агародзе.
—    Якія самыя значныя вашы асабістыя ўзнагароды?
—     Гэта паштоўка выдатніку вучобы 3 “Б” класа ад дырэктара школы Веніяміна Абрамавіча Школьнікава, якая і зараз захоўваецца ў мяне. Што да прафесійнай дзейнасці, дык двойчы прайшоў кола ўзнагарод ад аддзела адукацыі да Міністэрства адукацыі.
—    Каго вы лічыце сваімі настаўнікамі?
—    Любоў да фізікі і педагогікі мне прывіў Анатоль Іванавіч Жаўнярчук. Брат маёй маці Уладзімір Васільевіч Туравец працаваў у нашай школе лабарантам у кабінеце фізікі, настаўнікам чарчэння і працоўнага навучання. Ён многаму навучыў мяне ў жыцці. Наогул, у мяне былі добрыя настаўнікі, якія вучылі ў школе і інстытуце, якія дапамагалі, калі прыйшоў працаваць маладым спецыялістам.
—    Зараз вы кіраўнік вялікага калектыву…
—    У нашым калектыве 64 чалавекі. На жаль, у школе вучацца толькі 492 вучні. Калі я пачынаў працаваць дырэктарам, дык было 715 вучняў. Хвалюе мяне тое, што нашы лепшыя вучні ідуць пасля дзявятага класа ў абласны ліцэй. Напрыклад, у мінулым годзе пяць чалавек, а сёлета тры сталі яго навучэнцамі. Спадзяюся, што з гэтага года будуць змены, калі вярнулі назад профільнае навучанне, бо мы шмат страцілі за гады без профіляў.
—    Вы часта падымаеце праблемы горада.
—    Без гэтага немагчыма. З’яўляюся членам гарадскога выканкама, дэпутатам мясцовага Савета. Гэта грамадская работа, праз якую агучваю праблемы не толькі школы, а і горада. У нас няма ні адной абсталяванай спартыўнай залы, хоць мы жывём у горадзе. Заўжды гавару, што трэба задзейнічаць памяшканні ваеннай часці. Чаму б там не арганізоўваць летняе аздараўленне дзяцей горада і бліжэйшых вёсак? Для Давыд-Гарадка і наваколля таксама патрэбна гімназія, дзе маглі б займацца лепшыя вучні. У нашым горадзе заўжды перавагу аддавалі адукацыі. З году ў год працэнт паступлення нашых вучняў даволі высокі. Сёлета студэнтамі ВНУ сталі 62,5 працэнта выпускнікоў.
Вось з гэтага года на базе школы адкрыты рэсурсны цэнтр па фізіцы і інфарматыцы. Працягваюць працаваць міжшкольныя факультатывы. Педагогі-прафесіяналы ў нас ёсць.
—    Вашы вучні звязалі сваё жыццё з педагогікай і фізікай?
—    З педагогікай многія. Дакладныя навукі выкладаюць мае вучні Віктар Матусевіч, Аляксандр Бразоўскі, Аляксандр Калько і іншыя. Наогул, 50 працэнтаў настаўнікаў нашай школы – нашы ж выпускнікі.
Не магу не адзначыць, што наогул наша ўстанова мае добры фундамент і мы атрымліваем добрых выпускнікоў, якія становяцца інжынерамі, медыкамі. Прыемна бачыць дарослых людзей, якія кожны год збіраюцца на юбілейныя сустрэчы пад дахам роднай школы. Яны не забываюць сваю навучальную ўстанову, хоць дасягнулі пэўных вышынь. Былі сустрэчы, якія збіралі людзей і праз 60 гадоў.
—    Быць дырэктарам – гэта азначае працаваць штодня 365 дзён на год?
—    Гэта так. У дырэктара водпуск толькі на паперы. Зазірнеш у школу на адпачынку на паўгадзіны, а прабудзеш дзень. І так пастаянна. У кіраўніка школы шмат гаспадарчых пытанняў. Таму трэба мець добрую каманду. У мяне ёсць такая каманда аднадумцаў. Гэта людзі, на якіх можна паспадзявацца, якія дапамогуць, падтрымаюць. Дырэктар павінен усё бачыць і ведаць. Шмат часу займае папяровая работа.
—    Вы загаварылі пра гаспадарчую дзейнасць. Ваша ўстанова штогод змяняецца, у ёй ідуць рамонты.
—    Гэта так. Аднаму будынку нашай школы ў наступным годзе будзе 80 гадоў. І рамонт, аднаўленне проста неабходны. У 2000 годзе зроблена прыбудова, якая змясціла ў сабе сучасную сталовую, актавую залу. У нас зроблены рамонт спартыўнай залы. Пастаўлены шклопакеты ў навучальным корпусе. Толькі апошні – трэці этап замены шклопакетаў каштаваў 200 мільёнаў рублёў. За апошнія гады ўстаноўлена два камп’ютарныя класы, набыта 10 камплектаў мэблі, у тым ліку два — для камп’ютарных класаў.
—    Што для вас стаіць на першым плане: сям’я ці работа?
—    Разумею, што павінна быць сям’я. Але зараз азіраюся на мінулае і бачу, што дзецям сваім аддаваў мала часу. Вось зараз чытаю казкі ўнукам, а дзецям мала чытаў.
Жонка Таццяна разумее і падтрымлівае. Дачка Алена працуе ў Брэсце ў Беларусбанку, Ірына жыве ў Давыд-Гарадку і з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам. У мяне трое ўнукаў.
—    Калі ёсць вольны час, то ўсё ж чым займаецеся?
—    Маё хобі – гэта сад, які сам вырошчваю, прышчэпваю, даглядаю. Ёсць яблынькі, на якіх паспявае па 5-6 сартоў яблыкаў. Яшчэ з пятага класа займаюся фатаграфіяй.
—    У якой краіне хацелі б пабываць?
—     Мне пашчасціла пабываць у Канадзе, Германіі, Францыі, Галандыі. Хацеў бы пабачыць Аўстралію, Японію. З сям’ёй вельмі любім прымаць дома гасцей. Часта ў нас спыняюцца сябры з далёкага замежжа.
—    Калі пафантазіраваць, то з кім бы з мінулага, сучаснага ці будучага хацелі б правесці гутарку?
—    Хацеў бы сустрэцца з кім-небудзь са сваіх вучняў, які праз гады зойме віднае становішча не толькі ў Беларусі, а і ў свеце.
—    З надыходзячым вас прафесійным святам!
—     Віншую ўсіх настаўнікаў раёна – тых, хто працуе, і тых, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Здароўя, міру і дабрабыту ў сем’ях, дастойнай заработнай платы і энтузіязму, а таксама ўзаемаразумення.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий