Гарынскі млын

Здаўна работа млынара паважалася. У вёсцы ці невялікім гарадку без млынара – ніяк. Асабліва гэта праяўлялася восенню, калі ўраджай быў сабраны, а на сталы так і прасіліся свежыя караваі.

У народзе  хадзіла такая прымаўка: “Мельнікава карова, дзеўка папова і эканомава кабыла ніколі галоднымі не былі”. Існаванне гэтага свята млынароў восенню невыпадковае, таму што да гэтага часу хлеб амаль увесь быў перамолаты, надыходзіў час адпачынку, хоць і не працяглага.

Часы мяняюцца. Зараз хлеб і муку для выпечкі мы купляем у магазіне. Але млыны працягваюць карыстацца папулярнасцю ў насельніцтва.  Найбольш напружаная пара ў млынароў – жнівень-верасень.

Карэспандэнт “НП” завітаў у госці ў млын у р. п. Рэчыца, які належыць ААТ “Гарынскі КБМ”. Будынак млына хоць і не першай свежасці, але выконвае сваю справу на ўсе сто працэнтаў. За многія гады тут была перамелена не адна тысяча тон збожжа. Усё тут наладжана такім чынам, каб як мага хутчэй і без страт якасці аказаць паслугу кліентам, большасць з якіх тут пастаянная. Млынар-касір Аляксандр Іванавіч Сушчык працуе тут ужо шэсць гадоў.

—      Няма і дня, каб хто-небудзь не прыехаў. Хоць мяшочак-два, але прывозяць. Напругі ўжо няма, што была ў жніўні-верасні. Працуецца лёгка. Да пылу мучнога ўжо прызвычаіўся – хаджу цэлы дзень увесь белы (усміхаецца). Акрамя таго, што займаюся млынарствам непасрэдна, трэба і за абсталяваннем сачыць, грошы прымаць ад кліентаў. І ўсё трэба рабіць самому, і каб усе засталіся задаволенымі.

Што тычыцца цэн, то змалоць100 кгзбожжа тут каштуе 31 тысячу рублёў. Думаю, што гэта нядорага. І таму тут заўсёды назіраецца вялікі наплыў кліентаў. Людзі заўсёды ўмелі лічыць свае грошы. І калі млын карыстаецца папулярнасцю, то значыць, гэта выгадна ў першую чаргу яго карыстальнікам.

Аляксандр  НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий