Дом для алкаголікаў і наркаманаў

«Школа духоўнага выхавання», ці рэабілітацыйны цэнтр,  у верасні пачаў працаваць на тэрыторыі Гараднянскага сельскага Савета. Сюды прымаюць тых людзей, якія не могуць самастойна справіцца са шкоднымі звычкамі – наркотыкамі, спіртным.

Я прачынаўся ў прытонах з думкаю:  жыццё скончана

Вадзім – малады мужчына, якому толькі 29 гадоў. У яго ёсць сям’я – жонка і шасцігадовы сын. Некалі ён іх любіў, але надышоў час, калі яны сталі яму абыякавымі. На першым месцы стаялі наркотыкі, пошук грошай на іх, мара аб чарговай дозе.

Выхоўваўся Вадзім, як і яго трое братоў і сясцёр, у інтэрнаце. Але адрозненне ў іх лёсе ў тым, што яны сталі людзьмі, а ён наркаманам. Вадзім зараз сам спакойна расказвае сваю гісторыю, быццам глядзіць на сябе збоку…

—      Хацелася хутчэй стаць дарослым. Здавалася, што наркотык робіць мяне бліжэй да самастойнага жыцця. Напачатку проста забаўляліся – доза ў месяц, пасля – раз у тыдзень…

Вадзім сустрэў добрую дзяўчыну, сям’я якой цудоўна прыняла яго. Яны пажаніліся. Нарадзіўся сын. Вадзім меў добрую работу, маючы талент мастака, таксама і зарабляў неблагія грошы. Але ўсё гэта з цягам часу забралі наркотыкі. Ён стаў абыякавым да родных яму людзей, неадэкватна сябе паводзіў. Жонка прасіла: давай лячыцца, бо ты паміраеш. Ён і спрабаваў лячыцца. Быў на прыёмах у нарколага, у бабак-шаптух, лячыўся ў наркалогіі. Але ён выходзіў адтуль і разумеў, што гэта не той вынік, які патрэбен яму для нармальнага жыцця. Таблеткі здымалі сіндром, а пачуццё пустаты ў душы заставалася.

Аднойчы ў пошуках чарговай дозы ён забег да нарколага. Медсястра яму адказала, што прыём ужо скончаны, а стары ўрач усё ж выслухаў яго кароткае: “Выпішце рэцэпт, каб не ламала ногі, каб мог заснуць”. Ён выпісаў рэцэпт, але сказаў: “Я 25 гадоў сяджу ў гэтым кабінеце. Ты вылечыш ногі, але душу тваю ніхто не вылечыць”. Тады было не да слоў урача, бо малады чалавек хутчэй пабег у аптэку…

Нават дома ў галаве была толькі адна думка: дзе знайсці грошы, дзе купіць наркотык, як падмануць, бо заўтра  зноў  будзе дрэнна.

У выніку жонка перастала яго заўважаць, як і ён не заўважаў яе і сына. У адзін з момантаў Вадзім зразумеў, што трэба даць спакой сям’і і паехаў да сябра ў Столін.

Два тыдні  піў гарэлку, пераадольваючы ломку ў целе. Ён даў сабе слова, што не паедзе ў Пінск, бо там абавязкова знойдзе наркотык. Але выйсця не бачыў – вяртанне дахаты было раўназначна вяртанню да наркотыкаў. Ён сустрэў мужчыну, які меў за плячыма таксама не вельмі прывабнае мінулае. Той мужчына забраў яго да сябе і прапанаваў яму аплаціць рэабілітацыю.

Так Вадзім трапіў у рэабілітацыйны цэнтр.

—      Я памятаю прытоны, у якіх прачынаўся з думкаю: жыццё скончана. Тут няма агароджы – кожны можа пайсці  туды, куды хоча. Але мы разумеем, што за межамі цэнтра нас нічога не чакае.

Вадзіму трэба прайсці яшчэ вялікі шлях да адужвання. Але ён ужо марыць пра тое, як вернецца дахаты. Разам з тым ён не мае ніякіх ілюзій наконт будучыні. Ён  упэўнены,  што  будзе расказваць сваім знаёмым пра рэабілітацыйны цэнтр, пра лячэнне, а яны будуць круціць каля скроні. Ён абавязкова хоча, каб яго лепшы сябар прыехаў сюды, каб змог пазбавіцца ад наркатычнай залежнасці, бо ён ужо згубіў у жыцці і жонку, і дзяцей. Бацькі і тыя апусцілі рукі.

Тры браты алкаголікі

Тры браты з Альшан. Тры хлопцы пад адным дахам. Калі не стала маці, то і пачалося разгульнае жыццё. Днём грузілі фуры. Заробленыя за дзень грошы спускалі за ноч на гарэлку.

Яны трое прыехалі ў  рэабілітацыйны цэнтр, трое прайшлі гутарку. Але засталіся двое. Трэці паехаў дахаты. Але мінуў час. Літаральна напярэдадні майго візіту ён вярнуўся ў цэнтр, каб падпісаць паперы, згадзіцца на ўмовы пражывання. Ён выглядаў як чалавек пасля доўгага запою.

«Вяртанне»

У Беларусі 8 такіх цэнтраў, створаных  дабрачыннай  рэлігійнай місіяй “Вяртанне” саюза хрысціян веры евангельскай.

Многімі з іх кіруюць менавіта тыя людзі, якія прайшлі час лячэння, рэабілітацыі пры такіх цэнтрах. Яны не хаваюць свайго мінулага, а, наадварот, расказваюць усім, як змаглі вярнуцца да нармальнага жыцця. Андрэй зараз працуе ў Гараднянскім рэабілітацыйным цэнтры. Ён былы наркаман.

Повар Гараднянскай школы духоўнага выхавання Аляксандр таксама былы наркаман, які праходзіць адаптацыйны працэс. За лёсам кожнага з гэтых і многіх іншых людзей, што працуюць у цэнтрах, схавана шмат страшнага і жудаснага. Але яны змаглі перавыхавацца.

 Рэабілітацыя для кожнага наркамана і алкаголіка

Супрацоўнік місіі Аляксандр Макарэвіч, які правёў нас па цэнтры, сам жыве ў Пінску. У Гарадную ён прыязджае па графіку, каб працаваць з хворымі. Хворых называюць студэнтамі.

Лячэнне складаецца з трох этапаў – крызіс, рэабілітацыя і адаптацыя. Гараднянскі цэнтр менавіта крызісны. Тут хворыя знаходзяцца чатыры месяцы. Рэабілітацыйны працэс праходзіць у бліжэйшым да нас Баранавіцкім аддзяленні. Звычайна адаптуюцца да жыцця людзі ў тых жа крызісных цэнтрах, дзе і пачыналі лячэнне. Толькі яны ўжо тут займаюцца пэўнай работай. Вось як повар Аляксандр.

Пры паступленні ў цэнтр падпісваецца двухбаковае пагадненне. Хворага знаёмяць з умовамі знаходжання, патрабаваннямі да яго. Напрыклад, у дзявятым пункце значыцца: “Я разумею, што паступаю на праграму рэабілітацыі добраахвотна і магу пакінуць яе ў любы час”.

Ужо быў выпадак, калі мужчына сам пакінуў лячэнне. Яму вельмі цяжка было адаптавацца да новага жыцця. Ён быў таксікаманам, які доўгі час нюхаў клей. Мозг ужо моцна атрафіраваны. Перакананні і жывыя прыклады вылечвання не змаглі ніяк паўплываць на мужчыну.  Ён змог пераадолець сябе толькі на два дні.

Нельга прывозіць з сабою алкаголь і наркотыкі, парнаграфічныя часопісы і радыё,  магнітафоны.  Мабільныя тэлефоны трэба здаць на захоўванне. Нельга выходзіць за межы памяшкання ў першыя чатыры месяцы без дазволу персаналу.

У кожнага “студэнта” ёсць свае абавязкі, якія ён выконвае па графіку. Ёсць і пакаранні ў выглядзе адной-дзвюх гадзін адымання вольнага часу на нейкія работы.

Наогул, у цэнтры ёсць графік работы. Панядзелак і аўторак – гэта поўныя рабочыя дні. У сераду, чацвер і пятніцу працуюць да абеду, а пасля абеду ідуць на заняткі. На занятках вывучаюць Біблію, маральныя прынцыпы.

Зараз у цэнтры рэабілітацыі знаходзяцца 8 чалавек. Напаўняльнасць   18.  Сюды  прыходзяць людзі, якія нейкім чынам даведаліся пра магчымасць пазбавіцца ад шкодных звычак. Напрыклад, у Пінску пры царкве існуе дабрачынная кавярня “Рука дапамогі”. Туды запрашаюць тых, хто знаходзіцца “ў праблеме”. З імі гутараць.

Інфармацыя аб рабоце місіі ёсць і ў інтэрнэце. Тэлефон для сувязі 8-029-918-50-06.

Родзічам тых, хто прыходзіць на лячэнне, прапануюць аплачваць іх харчаванне – 800 тысяч рублёў у месяц. Але калі няма такой магчымасці, то чалавека ўсё роўна прымаюць. Цэнтр існуе на дабрачынныя ахвяраванні.

У будучым плануецца адкрыць ганчарную майстэрню. Яна, канешне, не прынясе вялікіх заробкаў, але адзін з прынцыпаў лячэння – гэта працатэрапія.

Старшыня Гараднянскага сельвыканкама Мікалай Васільевіч Лічэўскі расказаў, што прадстаўнікі місіі просяць вылучыць ім зямлю, каб заняцца агародніцтвам і садаводствам.

Знаходзяць пакрысе агульную мову і з мясцовымі жыхарамі. Калі яны напачатку падазрона ставіліся да такой справы, дык зараз некаторыя дапамагаюць – то агародніны прынясуць, то падзеляцца яшчэ якімі лішкамі.

Школа духоўнага выхавання знаходзіцца ў Новым Пасёлку ў будынку былой пачатковай школы. Яго крыху больш за год назад купіла арганізацыя. За гэты час будынак быў цалкам рэстаўрыраваны. Зараз ён сустракае сучасным абсталяваннем, светлымі пакоямі і спакоем.

Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий