«Чым больш робіш добрых спраў, тым больш дабра вяртаецца…»

Людміла Мікалаеўна Сеген, загадчыца Рэчыцкай аптэкі, сёлета адзначае працоўны юбілей – 35 гадоў. Яе добрую работу пацвярджаюць станоўчыя запісы ў кнізе заўваг і прапаноў, водгукі наведвальнікаў. На добрым рахунку работніца знаходзіцца і ў кіраўніцтва.
Людміла нарадзілася ў Гарадной. З дзяцінства ёй падабалася месца, дзе прадаваліся вітаміны, травы, куды людзі прыходзілі па лекі. Скончыўшы базавую школу, дзяўчына разам з сяброўкай вырашыла паступаць у Магілёўскае медыцынскае вучылішча. Паспрабавалі – і паступілі. А ў 1978 годзе Людміла прыйшла на работу ў цэнтральную аптэку г. Століна. Некалькі гадоў працавала ў Струзе, Гарадной, а з 1982 года яе рабочая дзейнасць цесна звязана з аптэкай, якая знаходзіцца ў рабочым пасёлку Рэчыца.
—    Работа з людзьмі навучыла мяне быць стрыманай, з увагай ставіцца да кожнага кліента, — дзеліцца думкамі Людміла Сеген. – Аднак я заўважаю, што людзі зараз сталі больш мітуслівымі, пастаянна недзе спяшаюцца, у які б час сутак яны ні прыйшлі. Магчыма, на   гэта  ўплывае  хуткаплыннасць нашага жыцця.
Работа ў аптэцы патрабуе добрых ведаў медыцынскага характару, асноўных псіхалагічных правілаў, уважлівасці, руплівасці, і, безумоўна, цярпення.
—    Часам прыходзяць людзі і кажуць: “Дайце мне што-небудзь ад галавы”. Пачынаеш распытваць, задаваць удакладняючыя пытанні, а наведвальнік паўтарае: “Ну, што-небудзь”. У такіх выпадках я рэкамендую схадзіць да ўрача, бо аптэкар і ўрач не адно і тое, як многія думаюць, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Ці, напрыклад, прыйшоў нядаўна мужчына і просіць даць яму таблеткі ад павышанага ціску, якія заканчваюцца на “лір”. Маўляў, поўную назву забыў, памятае толькі апошні склад. Я прапанавала некалькі варыянтаў, але мужчына не мог вызначыцца з выбарам. Як дапамагчы чалавеку ў такім выпадку? Набыў неабходнае, толькі калі патэлефанаў жонцы і ўдакладніў назву прэпарата…
Загадчыца аптэкі мяркуе, што галоўнае – гэта добрасумленна выконваць свае абавязкі. Калі трэба прывесці справы ў парадак, затрымліваецца на рабочым месцы. Бо ёсць такое слова “патрэбна”. Яна ўпэўнена, што жыццё падобна бумерангу — чым болей робіш добрых спраў, тым больш дабра да цябе вяртаецца.
Людміла Мікалаеўна замужам, мае дваіх дзяцей. Муж, Валянцін Іванавіч, працуе ў райфінаддзеле. Дачка Таццяна замужам, выбрала прафесію настаўніка замежных моў, сын Мікіта вучыцца ў 11 класе. Многа радасных хвілін дораць стасункі з любімым унукам Антошкам.
Вольны час прысвячае чытанню літаратуры, прыгатаванню ежы. Жанчына любіць парадаваць дамачадцаў пячэннем, пірагамі. З карэспандэнтам Людміла Мікалаеўна ахвотна падзялілася рэцэптам поснай шарлоткі.
Святлана
ШПАКОЎСКАЯ
Фота аўтара

Добавить комментарий