«Азірніся: што ты робіш!»

—   Прачытаў матэрыял пад рубрыкай “Немагчыма маўчаць” і сам не змог стрымацца, каб не пазваніць у рэдакцыю. Вы адлюстравалі толькі адзін бок праблемы, а другі бок застаўся па-за кадрам, — пачаў тэлефонную размову наш чытач.

На самай справе 15 кастрычніка пад рубрыкай “Немагчыма маўчаць” надрукавала інфармацыйны матэрыял “Азірніся: што ты робіш!”. У ім ішла размова пра тое, што некаторыя нядобрасумленныя грамадзяне выкідаюць бытавое смецце на аўтобусных прыпынках, засоўваюць пакеты з хатнім смеццем у маленькія ўрны, пакідаюць смецце на ўскрайках дарогі.

—      Вы прыводзіце штрафы. А разам з тым трэба прыняць меры, каб чалавек мог у любы час выкінуць смецце на нейкай пляцоўцы, на якой былі б устаноўлены кантэйнеры. Калі будзе па горадзе такая адна-дзве пляцоўкі, то і не будзе бытавога смецця на прыпынках, — тлумачыў свой пункт погляду чытач.

Ён расказаў пра выпадкі, калі неаднойчы бачыў, як людзі выносілі пакеты са смеццем і пакідалі іх каля ўрнаў. Але ён цалкам падтрымлівае такіх людзей, бо калі не заўжды можна выкінуць адходы на трактар, калі ты працуеш па зменах, калі рабочы дзень заканчваецца далёка пасля 17 гадзін. Ды прычын быць можа вельмі шмат, а вось месцаў, куды можна выкінуць смецце, зусім няма. Не паспеў на трактар ці смеццявоз – пакідай яго сабе на дзень ці на тыдзень.

Калі ў шматкватэрных дамах вывозяць смецце некалькі разоў на тыдзень, дык ад прыватнага сектара гэта далёка не так. Зараз – адзін раз на тыдзень. А зімою, у пачатку вясны – адзін раз на месяц. І ты не паспеў, не злавіў гэты трактар ці проста забыў пра яго. Што рабіць? Куды дзяваць добры дзясятак пакетаў са смеццем, якія збіраў на працягу трыццаці дзён?!

—      Толькі абсталяваўшы пляцоўку для смецця ў межах горада, на якую можна будзе вывезці адходы ў зручны табе час, можна справіцца з праблемай, паднятай у матэрыяле. Тады можна будзе і штрафаваць  людзей за нядобрасумленныя адносіны да роднага горада. А пакуль няма за што. Няма ўмоў – не павінна быць пакарання, — закончыў размову мой апанент.

Прапанаваў наш чытач простае вырашэнне праблемы, калі няма сродкаў, дык на тэрыторыі ЖКГ адгарадзіць месца для складзіравання бытавога смецця, а ў агароджы прарэзаць на пэўнай вышыні дзірку, праз якую пралазілі б пакеты са смеццем. Усё было б пад кантролем – сабакі не разграбалі, а работнікі ЖКГ своечасова прыбіралі б сабраныя адходы.

Тлумачыла нашаму чытачу, што гэтае пытанне пастаянна падымаюць работнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яны нават прапануюць месца для кругласутачнага збору смецця – каля будынка былога РБУ, які зараз належыць ЖКГ. Аднак пакуль гэтая праблема не настолькі вострая, каб прыняць меры?

Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий