100 магчымасцяў жадання

Творчасць, актыўнасць, інавацыі, прага да змен – гэта невялікі пералік характарыстык настаўніцы геаграфіі СШ № 2 г. Століна Ларысы Цімафееўны Гарагляд.
Ларыса нарадзілася на Магілёўшчыне ў сям’і патомных настаўнікаў. Дзядуля Рыгор Мікалаевіч быў настаўнікам фізікі, бабуля Марыя Лаўрэнцьеўна і мама Анастасія Рыгораўна – настаўнікамі пачатковых класаў. Бабулін брат быў дырэктарам педагагічнага вучылішча ў Магілёве. Таму старэйшая ўнучка нават не раздумвала, а выбрала для сябе педагагічны шлях.
Дзяцінства было напоўнена падарожжамі, цікавымі паездкамі. Такім жа было і студэнцкае жыццё – паездкі ў Санкт-Пецярбург, Мурманск, Архангельск.
Яна паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага на факультэт прыродазнаўства, калі на адно месца было 17 чалавек. Атрымала спецыяльнасць “Геаграфія і біялогія” і… разам з мужам прыехала на яго радзіму – Століншчыну.
Першым месцам работы маладога спецыяліста была Лукская базавая школа. Дапамогу пачынаючаму педагогу аказвала метадыст аддзела адукацыі Валянціна Андрэеўна Вярэніч. У 1991 годзе Ларыса Цімафееўна ўжо працавала выхавальнікам групы прадоўжанага дня, настаўнікам біялогіі, хіміі, геаграфіі ў СШ № 3 р. п. Рэчыца. Там ёй таксама пашанцавала на калег – Вольгу Станіславаўну Паповіч, Валянціну Рыгораўну Хлябцэвіч.
Аднак цалкам акунуцца ў геаграфічны асяродак змагла толькі з пераходам у СШ № 2 г. Століна. Тут яна ўжо выкладае толькі сваё – геаграфію і біялогію, вядзе турысцка-краязнаўчы гурток.

Разам са сваімі гурткоўцамі яна аб’ездзіла і абхадзіла цікавыя месцы Століншчыны і ўсёй рэспублікі. Менавіта так прывівае дзецям любоў да роднага краю, да свайго прадмета. Ларыса Цімафееўна – член абласной творчай групы настаўнікаў геаграфіі. Туды прывяла яе Тамара Міхайлаўна Павядайка. Цяпер настаўніца адна з самых актыўных членаў групы. Вялікім дасягненнем, напрацоўкай лепшых географаў Брэстчыны з’яўляецца Геаграфічны атлас. У час стварэння гэтага выдання настаўніца штомесяц ездзіла на тры дні ў Брэст, дзе працавалі над кнігай.
Зараз творчыя педагогі падрыхтавалі электронны сродак навучання па гэтым атласе. Ён знаходзіцца на апрацоўцы. Складаюць алімпіядныя задачы для вучняў 6-8 класаў. А так кожная сустрэча творчай групы – гэта новы штуршок да інавацыйнай дзейнасці, пошукаў і знаходак. Акрамя пастаянных зносін з калегамі з іншых раёнаў, ёсць яшчэ работа двойчы на год на выездах у раёны. Тады кожны настаўнік імкнецца падзяліцца самым лепшым урокам, сваімі напрацоўкамі. Такую творчую групу некалькі гадоў назад прымала і Століншчына.
На жаль, прадмет геаграфіі не такі запатрабаваны. Для ЦТ ён патрэбны толькі ў некалькіх ВНУ, ды і то на вельмі вузкія спецыяльнасці. Але ёсць у Ларысы Цімафееўны вучні, якія выбіраюць блізкія да геаграфіі прафесіі. У мінулым годзе ў інстытут турызму паступіла Уладлена Домніч, ёсць навучэнцы, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Геаінфармацыйныя сістэмы” ў тэхналагічным універсітэце.
У Ларысы Цімафееўны пастаянна ёсць пераможцы раённай алімпіяды, работы вучняў займаюць прызавыя месцы на навукова-практычных канферэнцыях. У самой настаўніцы шмат напрацовак. Напрыклад, яе работа “Арганізацыя і правядзенне турысцка-краязнаўчай дзейнасці як адна з формаў вольнага часу школьнікаў” узнагароджана дыпломам ІІІ ступені ў вобласці. Напрацоўкамі дзялілася ў часопісе “Народная асвета”. Ды самая важная для гэтага чалавека ўзнагарода – гэта ацэнка калег, кіраўніцтва школы і, канешне, сям’і.
Сям’я для Ларысы Цімафееўны мае вельмі важнае значэнне. Старэйшы сын Аляксандр працуе аграномам. Яго жонка Таццяна выбрала для сябе прафесію свекрыві – стала настаўнікам. Двайняты Вольга і Андрэй – студэнты 4 курса. Вольга вучыцца ў  Брэсцкім тэхнічным універсітэце, дзе атрымлівае спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, а Андрэй – у БДАТ. Ён будучы інжынер-энергетык.
Муж Мікалай Іванавіч працуе ў ДРБУ-141 майстрам. Нядаўна сям’я папоўнілася яшчэ адным членам – у Аляксандра і Таццяны нарадзіўся сын Ягорка.
Занятак вольнага часу залежыць ад пары года. Вясной і летам – гэта агарод. Восенню і зімой –  вязанне, шыццё, чытанне. У грыбны час з радасцю бывае ў лесе. Больш там, на сваёй радзіме, куды пастаянна вырываецца, дзе так любяць праводзіць час і дзеці.
Калі дрэнны настрой, то “лечыць” яго апавяданнямі Зошчанкі ці О. Генры. Яе жыццёвы дэвіз “Жадання 100 магчымасцяў, нежадання 100 прычын”.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *