…І зноў у рэйс, зноў у дарогу!

Прафесія аўтамабіліста закранае вельмі многа людзей. А тых, хто мае дачыненне да свята, якое адзначаецца ў апошнюю нядзелю кастрычніка, у нашай краіне мільёны. За рулём можна ўбачыць людзей рознага ўзросту, а ў апошні час да язды на аўтамабілях усё часцей далучаецца прыгожая палавіна чалавецтва – жанчыны.
Найбольшая колькасць аўтамабілістаў нашага раёна сканцэнтравана ў філіяле ААТ “Брэстаблаўтатранс” «Аўтапарк № 12 г. Століна». Гэтая арганізацыя ажыццяўляе як пасажырскія перавозкі, так і дастаўку грузаў аўтамабільным транспартам.

—      Сёння філіял забяспечвае работу пасажырскага парка на пяці міжгародніх, трох гарадскіх і 23 прыгарадных маршрутах, — расказвае дырэктар філіяла Юрый Рыгоравіч ГАЛАВАЧ, — а нашы грузавыя аўтамабілі  працуюць як непасрэдна ў раёне, так і за яго межамі.

На балансе філіяла  знаходзіцца   76 адзінак рухомага саставу. З іх на грузавых перавозках задзейнічана 36 аўтамабіляў, на аўтобусных перавозках 33 адзінкі.

У гэтыя дні магутныя аўтапаязды грузападымальнасцю 36 тон працягваюць адвозку цукровых буракоў з гаспадарак Століншчыны  на  буракапрыёмны пункт. Найбольш грузавыя аўтамабілі задзейнічаны на будаўнічых пляцоўках, дастаўляючы будаўнічыя матэрыялы для ўзвядзення жылля і іншых аб’ектаў. Паспяхова працуюць вадзіцелі грузавога парка на аб’ектах Мінска, а таксама на ўзвядзенні атамнай станцыі ў Астраўцы.
У апошнія гады філіял узяў курс на абнаўленне рухомага саставу. Апошняе набыццё – самазвал грузападымальнасцю 36,15 тоны, які выгадна эксплуатаваць на вялікія адлегласці пры значным аб’ёме грузаў. Таксама нядаўна набыты  зручныя сучасныя аўтобусы МАЗ-105 на гарадскія перавозкі і МАЗ-241 на прыгарадныя маршруты.

Вядома, у апошні час стала больш складана працаваць стабільна ў эканамічным плане. У выдатках усё больш месца займаюць больш дарагія паліва і запчасткі. Але трэба сказаць, што ў філіяле не апускаюць рукі, шукаюць шляхі і падыходы да аптымізацыі ўсіх выдаткаў, зводзячы да мінімуму вымушаныя страты.

На грузавых перавозках рэзерв у павелічэнні аб’ёмаў перавозак грузаў бачыцца ў больш эфектыўным выкарыстанні новай вялікагрузнай тэхнікі. Пры гэтым ставіцца задача абавязковага выканання планавых заданняў вадзіцелямі, поўнай адпрацоўцы балансу рабочага часу.

На пасажырскіх перавозках для паўнацэннага абслугоўвання людзей не абыходзіцца без дзяржаўных датацый. Галоўная мэта – задаволіць патрэбы пасажыраў. Але не ўсе маршруты прыносяць эканамічны эфект. На двух з усіх міжгародніх (Столін – Гомель, Луткі – Брэст) атрымана 385 мільёнаў прыбытку, рэнтабельнасць склала 32 працэнты. У той жа час на маршруце Столін — Мінск праз Жыткавічы страты склалі 422 мільёны рублёў. Яшчэ больш складана на гарадскіх і прыгарадных пасажырскіх перавозках. На іх за кошт тарыфаў пакрываецца адпаведна 53,3 і 39,6 працэнта выдаткаў. І тут уся надзея на датацыю дзяржавы.

У пэўнай меры страты змяншаюцца за кошт больш эфектыўнага выкарыстання аўтобусаў у залежнасці ад запатрабавальнасці пасажырапатоку на прыгарадных маршрутах. Але і пры гэтым на маршруце Столін — Нячатава ўласнымі сіламі філіяла пакрываецца толькі 15 працэнтаў выдаткаў, на маршруце Столін — Люты Бор – 20,9 працэнта.

Фактычна з пачатку года па філіяле атрыманы рост даходаў у параўнанні з мінулым годам на 131 працэнт, у тым ліку на грузавых перавозках – 140 працэнтаў, на аўтобусных – на 121 працэнт. Гэта адны з лепшых паказчыкаў у вобласці.

У гэтым, вядома, заслуга ўсяго дружнага працоўнага калектыву. І ў першую чаргу – вадзіцеляў, рамонтных і дапаможных рабочых, касіраў і інжынерна-тэхнічных работнікаў.

Сярод іх напярэдадні прафесійнага свята кіраўніцтва філіяла адзначыла сярод вадзіцеляў і кандуктараў  Ігара  Мікалаевіча Дранца,  Міхаіла  Уладзіміравіча Каржоўніка, Аляксандра Іванавіча Вабішчэвіча, Казіміра  Іосіфавіча Яхнаўца, Вячаслава Уладзіміравіча Удошкіна, Раісу Георгіеўну Шугалевіч, сярод рамонтных і дапаможных рабочых – Аляксандра Мікалаевіча Ляшкевіча і Аляксандра Якаўлевіча Ліпскага, сярод работнікаў аўтавакзала і станцыйных збудаванняў – Ніну Раманаўну Гляд, Марыю Максімаўну Гром.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий