Паклiкала краiна ведау

1 верасня ва ўсіх школах нашага раёна прайшлі святочныя лінейкі, прымеркаваныя да Дня ведаў. Сёлета ў школах раёна навучаецца 11 тысяч 582 чалавекі. Упершыню за школьныя парты селі 1084 першакласнікі.
На многіх лінейках прысутнічалі госці – члены райвыканкама, старшыні гарсельвыканкамаў і СВК. Дзевяць школ атрымалі ў гэты дзень падарункі ад Столінскага райвыканкама — спартыўны інвентар  на агульны кошт 100 мільёнаў рублёў.
Беражноўская сярэдняя школа адчыніла дзверы для 306 чалавек, з іх 28 першакласнікаў. Ва ўстанову сёлета прыйшлі на работу пяць новых настаўнікаў.
На святочным мерапрыемстве ў Беражным прысутнічаў ураджэнец Бор-Дубенца, выпускнік Беражноўскай СШ 1971 года, а цяпер намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Аляксеевіч Мамановіч. Ад імя праўлення Нацыянальнага банка, яго старшыні Надзеі Андрэеўны Ермаковай ён павіншаваў усіх з пачаткам новага навучальнага года.
Пётр Аляксеевіч Мамановіч адзначыў, што ў нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца сістэме адукацыі. Значны ўклад і Нацыянальнага банка ў развіццё гэтай галіны. У прыватнасці, бліжэйшая да нас вышэйшая навучальная ўстанова пераўтварылася ў Палескі ўніверсітэт  пры падтрымцы гэтага банка.
—    Любіце сваю краіну, любіце сваю зямлю, вывучайце і любіце беларускую мову, — сказаў Пётр Аляксеевіч.
Ад Нацыянальнага банка ён уручыў спартыўны інвентар – мячы, якімі цяпер змогуць карыстацца вучні школы.
Начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка адзначыў, што ў Беражноўскай школе працуе цудоўны калектыў педагогаў, што дзеці пры жаданні і настойлівасці даюць магчымасць ганарыцца імі не толькі аграгарадку Беражное, Столінскаму раёну, а і ўсёй краіне. Сённяшнім вучням ёсць на каго раўняцца.
Са святам павіншавалі ўсіх прысутных старшыня Беражноўскага сельвыканкама Віталь Анатольевіч Чэх і старшыня СВК “Беражное” Васіль Фёдаравіч Кавалевіч. Ад імя бацькоў першакласнікаў усіх вітала Таццяна Мікалаеўна Дзямко.
Прыемна было глядзець на вучняў 11 класа, якім ужо ў наступным годзе пакідаць сцены роднай школы. У Беражным ужо склалася традыцыя – выпускнікі шыюць сабе аднолькавыя касцюмы. Вось і сёлета хлопцы 11 класа выйшлі ў аднолькавых камізэльках, а дзяўчаты – у спаднічках з такой жа тканіны. Выпускнікі ўручылі першакласнікам падарунак Прэзідэнта – кнігу “Мая Радзіма – Беларусь”, а таксама паветраныя шарыкі.
Святочная лінейка ў Дубайскім навучальна-педагагічным комплексе яслі-сад – СШ пачалася з урачыстага шэсця настаўнікаў і вучняў. Усяго ў гэтай установе займаюцца 100 чалавек. Школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. У мінулым годзе з васьмі выпускнікоў 50 працэнтаў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, з іх трое – у медыцынскія ўніверсітэты. У гэтым, канешне, заслуга настаўнікаў, якія душу ўкладаюць у сваіх вучняў. Папоўнілася школа сёлета і маладымі спецыялістамі. Адразу пяць чалавек прыйшлі ў Дубайскую школу.
Сёлета ўпершыню ў школу пайшлі шэсць першакласнікаў. Дырэктар школы Мікалай Іванавіч Дзямко  ўручыў ім падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — кнігу “Мая Радзіма – Беларусь”, а выпускнікі – “Буквары”.
Мікалай Іванавіч Дзямко падзякаваў бацькам, педагагічнаму калектыву, тэхработнікам за падрыхтоўку школы да новага навучальнага года. Дасягненні школы, мэтанакіраваная работа калектыву, поспехі вучняў не засталіся незаўважанымі. Сёлета ўстанова ад Столінскага райвыканкама атрымала падарункі – лыжы, мячы, валейбольную сетку, а таксама спартыўныя касцюмы.
Павіншаваў са святам вучняў школы, бацькоў старшыня СВК “Дубайскі” Аляксандр Сяргеевіч Лахадынаў.
 Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий