Ёсць дзецi? Павiнны быць i алiменты!

“У майго сына вялікая запазычанасць па аліментах. Зараз у яго новая сям’я, на яго ўтрыманні трое дзяцей і жонка ў дэкрэтным водпуску. З сына ўтрымліваюць ўсю зарплату, нічога не застаецца на пражыванне сям’і. Як павінны вылічваць запазычанасць па аліментах? Якія дакументы сын павінен падаць на работу, каб яму пакідалі грошы на пражыццё?
Вярэніч В. П., г. Столін”.
На пытанне нашай чытачкі адказвае старшы памочнік пракурора Алёна Рыгораўна АНДРЭЙКАВЕЦ:
—    У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь з заработнай платы ўтрымліваецца (у тым ліку па аліментах) сума ў памеры не большым, чым 70 працэнтаў ад заработку.
У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і аліменты на непаўналетніх дзяцей спаганяюцца ў наступных памерах: на адно дзіця – 25 працэнтаў; на двое дзяцей – 33 працэнты, на трох і больш – 50 працэнтаў ад заработнай платы або іншага даходу бацькоў за месяц.
Пры гэтым для працаздольных бацькоў мінімальны памер аліментаў у месяц павінен складаць не менш за 50 працэнтаў на адно дзіця, 75 працэнтаў – на дваіх і 100 працэнтаў на траіх дзяцей ад пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
Памер аліментаў можа быць паменшаны судом, калі ў грамадзяніна, абавязанага плаціць аліменты, ёсць іншыя непаўналетнія дзеці, якія пры спагнанні аліментаў аказваюцца менш забяспечанымі матэрыяльна, чым дзеці, што атрымліваюць аліменты.
Таму раім звярнуцца па пытаннях памяншэння сумы аліментаў  у суд па месцы знаходжання выканаўчага ліста.
Ад рэдакцыі:  Хочацца яшчэ раз нагадаць чытачам пра каштоўнасць інстытута сям’і.  Да стварэння сям’і, а тым больш планавання і нараджэння дзяцей патрэбна падыходзіць з усёй адказнасцю. Можна перастаць быць камусьці мужам, ды бацькам быць ніколі не перастаеш. А значыць, павінен мець адказнасць за сваіх дзяцей, у тым ліку і фінансавую…
Анастасія ПАКРОЎСКАЯ

Добавить комментарий