Сем дзён

Падзеямі дзеліцца прараб Столінскай перасовачнай механізаванай калоны № 24 Андрэй Міхайлавіч КАВАЛЬСКІ:

Мара дзяцінства
Старшакласнікам вырашыў, што стану будаўніком. На вачах быў прыклад бацькі. Маю цікавасць і цягу “падагравала” тое, што бацькі будавалі свой дом і я ў меру сваіх сіл дапамагаў. Пасля школы паступіў у Пінскі гідрамеліярацыйны каледж на спецыяльнасць “Будаўніцтва воднай гаспадаркі”.
Ад муляра — да прараба
Так атрымалася, што пасля каледжа прыйшоў на работу ў ПМК-62 мулярам. Адначасова паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць “Сельскае будаўніцтва і ўпарадкаванне тэрыторый”.  Неўзабаве даведаўся, што ПМК-24 патрабуюцца майстры-прарабы. Мяне ўзялі, ды так і працую тут з 2005 года. Прайшоў стажыроўку, вучыўся ў калег, браў прыклад з  Яраслава  Савіча, Сяргея Стоўбы, іншых вопытных спецыялістаў.
Дзень будаўніка
Усе, хто будаваў альбо рабіў рамонт, ведаюць, наколькі  гэта працаёмкі і карпатлівы занятак. Шчыра віншую і жадаю ўсім работнікам будаўнічай галіны моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, прафесіяналізму. Няхай іх жыццё будзе напоўнена радасцю і светлымі стваральнымі мэтамі!
На малой радзіме
Жыць з сям’ёй застаўся ў Століне. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы маладых сем’яў пабудавалі свой дом. Жонка Наталля Мікалаеўна – настаўнік Беражноўскай музычнай школы. Выхоўваем пяцігадовую дачушку Ангеліну.
Захапленне = прыватны бізнес
У дзяцінстве падарылі фотаапарат, які стаў маім захапленнем. З цягам часу хобі пачало прыносіць не толькі задавальненне, але і дадатковы заработак. З’яўляюся індывідуальным прадпрымальнікам па арганізацыі ўрачыстасцяў. Было б жаданне, а сродкі для дастойнага жыцця можна зарабіць заўсёды.
Спякота
Для будаўнікоў надвор’е – галоўная ўмова добрай работы. Канешне, у дождж, мароз і спякоту працаваць вельмі цяжка, але ж прыстасоўваемся.
Вольны час
Яго практычна не бывае. Аднак  лічу і знаходжу час пры інтэнсіўным рытме жыцця выбрацца на адпачынак.  Летась  з  жонкай  тыдзень правялі ў Егіпце, з сябрамі зрабілі тур выхаднога дня на Нарач. Сёлетні водпуск яшчэ наперадзе. Мару паехаць у горы. Падабаецца падарожнічаць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *