Краязнаўчаму музею – 60 гадоў

 Iдэя стварэння ў Століне краязнаўчага музея ўзнікла толькі на пачатку  1950–х гадоў. А ўвасабленне яе ў жыццё адбывалася на працягу 1954-1955  гадоў.
Першым дырэктарам Столінскага раённага краязнаўчага музея (з  1 студзеня 1954 г.) і фактычным яго стваральнікам стала Вера Мацвееўна  Очкіна – ураджэнка Расіі, якая пасля вызвалення Століншчыны ад  нямецка-фашысцкіх захопнікаў цесна звязала свой жыццёвы лёс з нашым  краем. Менавіта яна, маладая тады жанчына, загадчык аддзела па рабоце  сярод  жанчын Столінскага райкама партыі, узначаліла  нялёгкую справу стварэння Столінскага раённага краязнаўчага музея  літаральна на пустым месцы – пачынаючы з першага экспаната будучай экспазіцыі.
Дарэчы, насельніцтва раёна актыўна адгукнулася на ідэю стварэння музея. Людзі пачалі несці ўсё, што  хто меў цікавага  са спадчыны сваіх продкаў: каменныя сякеры, старажытныя дакументы,  прылады працы і побыту, розныя манеты і інш.
Ля  вытокаў Столінскага раённага  краязнаўчага  музея  стаяў Яўстафій  Юльянавіч  Высоцкі,  надзвычай  цікавы,  рознабакова адораны чалавек. Прыйшоўшы на працу ў музей ужо ў сталым  узросце,  Яўстафій  Юльянавіч як майстар на ўсе рукі вельмі  многае  зрабіў  для  стварэння  першай  экспазіцыі.  У далейшым Я. Ю. Высоцкі асвоіў складанае рамяство таксідэрміста – спецыяліста  па  вырабе  чучалаў  жывёлін,  рыб  і  птушак  –  і  ў  гэтай  якасці  набыў  шырокую   вядомасць  на  Століншчыне  і  за  яе  межамі.
Для размяшчэння першай экспазіцыі музея рашэннем мясцовых  улад  быў выдзелены другі паверх невялікага двухпавярховага будынка  ў  цэнтры Століна, па вуліцы Леніна, 3. Тут размясціліся два аддзелы – прыроды і археалогіі.
Важнай  падзеяй  для  супрацоўнікаў  музея стала далучэнне  19 студзеня 1961 г.  да  Столінскага  раёна  тэрыторыі скасаванага  Давыд-Гарадоцкага раёна.  Такім чынам, поле дзейнасці музея і геаграфія збору мясцовых  матэрыялаў пашырылася  амаль у два разы.
Неўзабаве на ўрадавым узроўні было прынята рашэнне аб скарачэнні колькасці культасветустаноў галоўным чынам за кошт невялікіх музеяў і бібліятэк. У Брэсцкай  вобласці пад скарачэнне падпалі  Бярозаўскі і Столінскі раённыя краязнаўчыя музеі. Столінскі музей  захоўваўся,  але  як  філіял  Брэсцкага  абласнога краязнаўчага  музея.  Штат  работнікаў  пры  гэтым  быў  скарочаны  да  мінімуму: заставалася  толькі  адзінка  захавальніка  фондаў.
У хуткім часе рашэнне аб фактычным скасаванні Столінскага  краязнаўчага музея было прызнана памылковым, і ў 1963 годзе ўсё вярнулася на кругі свае. Чарговым кіраўніком музея на шмат гадоў стала  Ксенія  Дзмітрыеўна  Кожына.
Музею быў выдзелены адзін з  выслабаненых карпусоў былога Дома састарэлых калгаснікаў у парку «Манькавічы» (сённяшняе месцазнаходжанне ўстановы). Аднак для таго,  каб прыстасаваць гэты будынак пад музей, давялося распачаць працяглы  капітальны рамонт. Адначасова вялася карпатлівая работа па фарміраванні новай экспазіцыі.
Урачыстае адкрыццё новай, другой па ліку экспазіцыі Столінскага  раённага краязнаўчага  музея адбылося 7 сакавіка 1976 г. у праграме раённага свята «Палескія зоры». Чырвоную стужку ля ўвахода  ў музей перарэзаў асабіста першы сакратар райкама КПБ  М.  Я.  Ліфанаў.
Незадоўга да гэтай падзеі  музей  узначаліў новы дырэктар Юрый  Мікалаевіч  Камароў, ураджэнец горада Драгічын Брэсцкай вобласці. Ён   праяўляў  павышаную цікавасць перш за ўсё да распрацоўкі тэматыкі  Вялікай Айчыннай вайны. Збіраў, удакладняў і абагульняў звесткі аб  воінскіх часцях-вызваліцелях горада і раёна, удзельніках вайны-ардэнаносцах, воінах, партызанах і падпольшчыках-земляках, вёў  інтэнсіўную перапіску з архівамі і г. д.
У 1984 годзе Ю. М. Камарова, які перайшоў на іншае месца работы,  змяніла на дырэктарскай  пасадзе Святлана Аляксандраўна Луцкая. Яшчэ  зусім  маладой,  дапытлівай  дзяўчынай  прыйшла   яна  пасля    заканчэння  Столінскай сярэдняй школы ў музей. Пад кіраўніцтвам старэйшых калег вырасла ў дасведчанага кваліфікаванага  работніка.  На  жаль, лёс наканаваў С. А. Луцкай нядоўгае жыццё. Яна памерла ва  ўзросце  крыху  больш  за  40  гадоў.
1 кастрычніка  1989  года  музей  узначаліла  цяперашні,  сёмы  па  ліку,  дырэктар  Святлана  Паўлаўна  Вярэніч.  А ў лістападзе 1994  года  экспазіцыя  музея  была  дэманціравана  ў  сувязі  з  пастаноўкай  будынка  музея  ў  парку «Манькавічы» на капітальны рамонт. Паколькі грамадска-палітычны лад у краіне  да  таго часу змяніўся,  а наша рэспубліка стала  незалежнай дзяржавай, наспела неабходнасць з улікам новых грамадска-палітычных рэалій пераасэнсаваць створаную ў савецкі час музейную  экспазіцыю, якая несла на сабе моцны адбітак ідэалогіі ўжо неіснуючай  дзяржавы – СССР.
Разгарнулася работа па стварэнні новай, ужо трэцяй у гісторыі музея экспазіцыі, якая  завяршылася ўрачыстым  адкрыццём яе 11  снежня  2005  года.
Многія з цікавых музейных прадметаў у выглядзе арыгіналаў ці  копій  знайшлі  сваё  месца ў сучаснай  экспазіцыі,  якая разгорнута ў шасці залах: прыроды,  археалогіі,  гісторыі  (3  залы), этнаграфіі.
Трэба  адзначыць,  што  прадметны  рад  і  тэкстава-ілюстрацыйнае  афармленне  кожнай  з аглядавых залаў  істотна  адрозніваюцца  ад  таго,  што  Столінскі  раённы  краязнаўчы  музей  прапаноўваў  наведвальнікам  у  папярэдняй  экспазіцыі.  Змяненні  асабліва закранулі гістарычную  частку  экспазіцыі.  Прынамсі,  праца  над  ёю  яшчэ  не завершана.  бо  плануецца стварэнне асобнай залы пасляваеннага развіцця Століншчыны.  Такім  чынам,  храналогія  ахопу  гісторыі  нашага  краю  будзе  даведзена  да  сучаснасці  і  лагічна  завершана.
Акрамя ўласнай экспазіцыі музей прапануе наведвальнікам  пазнаёміцца з некалькімі пастаянна дзеючымі выставамі: ордэнаў  замежных  дзяржаў і былога  СССР, «Сімвал веры» (выстава славянскага іканапісу 19 ст.), «Мой  край – маё  Палессе»  (выстава  работ знакамітага  столінскага  мастака  Ю. П. Сергіенкі) і графікі   нашага  таленавітага  земляка,  рэзчыка  па  дрэве, графіка і этнографа-аматара народнага майстра І. П.  Супрунчыка  з  Церабліч.
***
Столінскі раённы краязнаўчы музей з’яўляецца каардынуючым  цэнтрам  ўсёй  краязнаўчай  работы  ў  раёне. На Століншчыне  зараз  дзейнічае  20  грамадскіх  музеяў, тром з іх прысвоена  званне  «народны».
У сваёй штодзённай дзейнасці музей  выкарыстоўвае  такія  формы  работы,  як  экскурсіі,  сустрэчы  з  цікавымі  людзьмі, гутаркі  на  гістарычныя тэмы. У эстэтычным  выхаванні,  прывіцці  пачуцця  прыгожага  пэўную ролю  адыгрываюць  перасовачныя  выставы,  асобныя  з  якіх  спецыяльна  прысвячаюцца  творчасці  нашых  таленавітых  землякоў – мастакоў, народных майстроў. Вялікае  значэнне ў гэтым кірунку мае «гасцёўня» – па  сутнасці  пастаянна дзеючы  мастацкі  салон,  у  якім  экспануюцца  карціны  нашых  вядомых  мастакоў Уладзіміра Уродніча,  Юрыя  Сергіенкі,  Аляксандра  Харашуна  і  іншых.  У апошнія гады  выкарыстоўваюцца  і  сродкі  відэатэхнікі.
Новыя  перспектывы  для  развіцця  музея  адкрыла  яго  далучэнне  з  2005  года да ўдзелу у буйной міжнароднай праграме «Супрацоўніцтва для рэабілітацыі» (англамоўная абрэвіятура CORE). У рамках гэтай  праграмы музей распрацаваў і абараніў чатыры ўласныя малыя праекты: «У  сэрцы маім – Палессе» (прысвечаны развіццю экалагічнага турызму на Століншчыне); «Чорная быль Палесся»  (збор інфармацыі аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС на  тэрыторыі нашага раёна, захаванне памяці аб  удзельніках ліквідацыі гэтай  буйнейшай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя);  «Круціся, ганчарнае кола!» (мае на мэце адраджэнне і захаванне  традыцый  ганчарства в. Гарадная) і «Вытокі нашай спадчыны», які  прадугледжвае захаванне  і прапаганду мясцовай этнаграфічнай  спадчыны  на базе этнаграфічнага народнага музея пры сельскай бібліятэцы в.  Цераблічы.
Наталля  ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *