Ахоўвай, Божа, Беларусь!

29 ліпеня ў Мінску ў святочных мерапрыемствах з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Русі пашчасціла прыняць удзел і паломнікам са Століншчыны.
На чале з настаяцелямі Рухчанскага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы айцом Уладзімірам, Дубенецкага храма Ражджаства Прасвятой Багародзіцы айцом Фёдарам, Радчыцкага храма Ражджаства Прасвятой Багародзіцы айцом Валерыем і святаром Паўлам разам з тысячамі праваслаўных хрысціян з 11 епархій Беларускага Экзархата вернікі прайшлі Хрэсным ходам да Мінскага замчышча.
Тут на ўрачыстую літургію пад адкрытым небам, што ў саслужэнні праваслаўных першаіерархаў і шматлікага духавенства правёў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, сабралася каля 50 тысяч чалавек, каб узнесці хвалу веры нашых продкаў – праваслаўю. Служба праходзіла на царкоўнаславянскай і грэчаскай мовах. Не выказаць словамі, як заварожваюча і пранізваюча гучалі малітвы!
Упершыню на беларускую зямлю прыехалі прадстаяцелі і прадстаўнікі ўсіх праваслаўных цэркваў. У Мінск прыбылі Блажэннейшы Папа і Патрыярх Александрыйскі і ўсёй Афрыкі Феодар, Блажэннейшы Патрыярх Святога Града Іерусаліма і ўсёй Палесціны Феафіл ІІІ, Свяцейшы і Блажэннейшы Каталікос – Патрыярх усёй Грузіі Ілія ІІ, Свяцейшы Патрыярх Сербскі Ірыней, Блажэннейшы Архіепіскап Новай Юсцініаны і ўсяго Кіпра Хрызастом ІІ, Блажэннейшы Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, Блажэннейшы Мітрапаліт Амерыканскі і Канадскі Ціхан, а таксама прадстаўнікі Канстанцінопальскага і Анціахійскага Патрыярхатаў, Эладскай і Албанскай праваслаўных Цэркваў, Праваслаўнай Царквы Чэшскіх земляў і Славакіі.
Патрыярх Кірыл адзначыў той факт, што пасля важнай падзеі ў жыцці Кіеўскай Русі – Хрышчэння – была пахрышчана і Полацкая зямля. А яе гістарычныя прадстаўнікі – гэта мы – народ Беларусі.
У гэты ж дзень у храме-помніку ў гонар Усіх Святых прайшла сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Патрыярхам Кірылам і прадстаўнікамі памесных праваслаўных цэркваў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякія межы не могуць падзяліць тое глыбокае адзінства, што зыходзіць з нашай гісторыі. “І тое, што высокія іерархі разам з нашым народам святкуюць вялікую гістарычную дату, сведчыць пра значную ролю праваслаўнай духоўнасці ў жыцці беларусаў”, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. – Менавіта цяпер стала зразумелым, што не толькі хлебам адзіным жыве чалавек, што не толькі матэрыяльны дабрабыт з’яўляецца вызначальным для спакою і росквіту людзей. Само жыццё прымушае зноў зрабіць выбар, шукаць духоўныя арыенціры, вызначаць сістэму каштоўнасцяў”.
Напярэдадні, 28 ліпеня, у сталічны прыход апостала Андрэя Першазваннага быў дастаўлены аднайменны крыж. У дзень Набожнай літургіі крыж перавезены ў храм у гонар Усіх Святых. На шчасце, паломнікам Століншчыны выдалася цудоўная Божая міласць – прыкласціся і пакланіцца крыжу першага з дванаццаці апосталаў Іісуса Хрыста Андрэя Першазваннага.
Спякотнае надвор’е ніяк не перашкаджала святу душы, наадварот, нібы нагадвала, што ў гэты дзень узгадваюць Хрысціцеля Русі князя Уладзіміра, якога людзі клікалі не інакш, як Ясным сонейкам.
Па традыцыі ўсім паломнікам былі ўручаны іконкі князя Уладзіміра з благаславеннем Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла на памяць аб 1025-годдзі Хрышчэння Русі.
Уражанні далучэння да вялікай святыні не пакідалі вернікаў і на ўсім шляху дахаты. А дапаўнялі духоўную асалоду малітвы і пропаведзі нашых святароў – айца Уладзіміра і айца Фёдара.
І святары, і паломнікі выказваюць словы падзякі кіраўніцтву Столінскага райвыканкама за арганізацыю гэтай паездкі, што назаўсёды пакінула ў нашых сэрцах веліч падзей 1025-годдзя Хрышчэння Русі.
Алена КЛІМУШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *