Ёсць тысяча тон!

Перад пачаткам сёлетняга жніва была адзначана надзейная падрыхтоўка ўборачнай тэхнікі ў КУВП “Манькавічы”. Ці не ў гэтым, як і ў працавітасці мясцовых механізатараў крыецца паспяховы старт ва ўборачных работах гаспадаркі? Яшчэ не ўсе сельгасарганізацыі ўключыліся ў жніво каласавых культур, а лепшыя экіпажы КУВП “Манькавічы“ не толькі разам пераадолелі тысячатонны намалот, а і паасобку настойліва ідуць да гэтага рубяжа.
Прыемна назіраць за работай камбайнавых экіпажаў. Няхай машыны рухаюцца па-свойму манатонна, але за гэтым бачыцца аптымізм і жаданне дабіцца намечанай мэты. У гаспадарцы пастараліся зрабіць усё, каб камбайнерам нішто не замінала ў рабоце. Няма прастояў пад выгрузкай збожжа. Два разы на дзень прама ў поле дастаўляецца гарачае харчаванне. А пра дэфіцыт паліва тут не згадваюць гадамі. І, вядома, тэхніка не ламаецца, не падводзіць.

У перадавіках зноў бачым Міхаіла Іванавіча Ліпскага і Мікалая Паўлавіча Бандарчука. Раней яны вызначаліся ў іншых экіпажах, цяпер працуюць з поўнай аддачай разам. Убіралі азімае жыта на насенныя мэты.
—    Жыта паспела, сёння гэтае поле ўсё ўбяром, — упэўнены Мікалай Паўлавіч, — а далей пойдзем на трыцікале.
Там, дзе камбайны прайшлі ў пачатку дня, роўнымі радамі ляжаць цюкі саломы. Пасля яе ўборкі ў работу ўключаюцца лушчыльнікі.
Галоўны аграном гаспадаркі Віктар Мікалаевіч Грэчка з разуменнем расказвае:
—    Запозненае снежнае покрыў пашкодзіла пасевы, не дазволіла атрымаць жаданы ўраджай азімых культур. І таму мы стараемся не губляць вырашчанае. Больш за трыццаць цэнтнераў азімага жыта на кожным гектары для гэтага года – нядрэнны вынік. Ёсць надзея на ўраджай яравых збожжавых культур.
У гаспадарцы лічаць, што з пачаткам уборкі не пралічыліся. Усё ідзе добра, але ў галаве cпецыялістаў трымаецца думка пра магчымасць непагадзі. І механізатары не тое што спяшаюцца, яны проста не спазняюцца, маючы дзень-другі ў рэзерве.
Такая ж зладжанасць пануе і на збожжатаках у Белавушы і Манькавічах. Важная задача – не спыняць работу камбайнаў — тут выконваецца. На заўтра рэшткі недапрацаванага збожжа не пакідаюцца.
Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий