Не разглядзелі знакі лёсу

Летні час дорыць не толькі станоўчыя навіны, але і пацвярджае сумную статыстыку:  павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў, нягледзячы на прафілактычныя мерапрыемствы.
Так, сёмага ліпеня адбылася аварыя з удзелам двух матацыклістаў паміж населенымі пунктамі Аздамічы і Цераблічы.
Падрабязнасці страшнай трагедыі “НП” паведаміў начальнік АДАІ Столінскага РАУС С. А. Трапец.
Жыхар в. Аздамічы, 1988 г. н., кіруючы матацыклам “ІЖ”, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з матацыклам “ІЖ Планета” з бакавым прычэпам, які рухаўся насустрач. За рулём знаходзіўся жыхар в. Цераблічы, 1988 г. н.
У выніку аварыі 25-гадовы жыхар в. Цераблічы памёр на месцы. Пасажырка матацыкла “ІЖ Планета”, 1978 г. н. і вадзіцель матацыкла без прычэпа атрымалі цялесныя пашкоджанні і знаходзяцца ў бальніцы. Другая пасажырка “ ІЖ Планеты” не пацярпела.
Абодва вадзіцелі не мелі вадзіцельскіх пасведчанняў, іх транспартныя сродкі не былі зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку. І вадзіцелі, і пасажыры ў час паездкі былі без моташлемаў.
Абодва вадзіцелі знаходзіліся ў полі зроку дзяржаўтаінспекцыі. Раней яны неаднаразова прыцягваліся да адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, без вадзіцельскіх пасведчанняў. Лёс даваў ім шанц задумацца над сваімі паводзінамі, ды маладыя хлопцы не скарысталіся ім.
Работнікі ДАІ пачалі спецыяльныя мерапрыемствы па выяўленні парушэнняў Правілаў дарожнага руху матацыклістамі. Так, дзявятага ліпеня з 16 да 24 гадзін супрацоўнікі дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі правялі рэйд у населеных пунктах Альшанскага, Вялікамалешаўскага, Рамельскага сельскіх Саветаў.
Вынік прафілактычнага мерапрыемства — 12 матацыклаў забраны на штрафстаянку. Тры вадзіцелі кіравалі транспартам ў нецвярозым стане, сем не мелі права кіравання, два чалавекі кінулі сваіх “двухколых сяброў” і ўцяклі.
У аг. Альшаны каля 24.00 гадзін быў затрыманы матацыкл, на якім ехалі… дзве дзяўчыны, 1994 г. н. На смелых прадстаўніц прыгожага полу  складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы. За свае паводзіны дзяўчатам прыйдзецца заплаціць салідны штраф.
У бліжэйшы час будзе праведзены чарговы рэйд, незарэгістраваныя матацыклы будуць адабраны, каб прадухіліць іх з’яўленне на дарогах.
Дарога памылак не даруе. Памятайце, што вадзіцель нясе адказнасць не толькі за сябе, але і за сваіх пасажыраў.
Аліна
НОВІКАВА

Добавить комментарий