Навакольнае асяроддзе: рэзерваў шмат

На мінулым тыдні на тэрыторыі Столінскага раёна прайшло выязное пасяджэнне сесіі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. Тэмай мерапрыемства было абмеркаванне стану навакольнага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, радыяцыйнай і гігіенічнай бяспекі ў Брэсцкай вобласці і мерах, якія прымаюцца мясцовымі органамі ўлады сумесна з суб’ектамі гаспадарання па забеспячэнні спрыяльных умоў жыцця і жыццядзейнасці насельніцтва.
Пачалося мерапрыемства ў аграгарадку Фядоры. Напачатку работы сесіі старшыня абласнога  Савета дэпутатаў С. Д.  Ашмянцаў узнагародзіў граматай аблсавета за плённую працу дырэктара КУВП «Манькавічы» А. В. Мікуліча.
Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў адзначыў важную ролю менавіта выязных пасяджэнняў, дзе можна ўвачавідкі ацаніць канкрэтныя прыклады работы ў акрэсленым кірунку, а таксама высветліць прычыны ўзнікаючых праблем і знайсці шляхі іх вырашэння. Карысным будзе і перайманне станоўчага, пэўных дасягненняў, напрацовак у той ці іншай галіне развіцця рэгіёна. Тым больш, што дэпутаты – гэта і кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў.
Гаворачы пра экалагічную бяспеку, захаванне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамара Анатольеўна Ялкоўская заўважыла, што ў гэтым назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка. Пацвярджэнне  — шэраг прыкладаў, якія тычацца і Століншчыны. Гэта і будаўніцтва ачышчальных сістэм ЖКГ, і працуючая амаль год новая сістэма ачысткі паветра на камбінаце будаўнічых матэрыялаў, і ўведзеныя ў дзеянне кагенерацыйныя ўстаноўкі. Пэўную перспектыву развіццю раёна надаюць і наяўныя радовішчы торфу, глін, пяску.
Аднак  па-ранейшаму маюць месца факты дрэннага  стаўлення  да  навядзення парадку на зямлі, на нізкім узроўні азеляненне і іншае.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко расказаў пра меры, што прымаюцца органамі кіравання і самакіравання для стварэння нармальных умоў жыццезабеспячэння насельніцтва, якое жыве на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі.
Так, на цяперашні час 50 населеных пунктаў і пяць аб’ектаў раёна ўключаны ў пералік тых, што знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджання. І ў аграпрамысловым комплексе, і ў сферы аховы здароўя, прамысловасці, гандлёвай сетцы  ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на мінімізацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Шмат увагі надаецца навядзенню санітарнага парадку на тэрыторыях вытворчых і сельскагаспадарчых аб’ектаў, населеных пунктаў і дваровых тэрыторый.
Тым не менш, застаецца яшчэ шэраг праблем. Гэта    будаўніцтва   водаправода, газіфікацыя, а таксама радыеэкалагічная адукацыя насельніцтва.
Як дзякуючы эфектыўнаму выкарыстанню  меліяраваных зямель СВК «Фядорскі» дасягнуў лідзіруючых пазіцый у аграрным сектары,  падзяліўся старшыня гаспадаркі Рыгор Аляксеевіч Дзямко. Канешне, удзельнікаў сесіі не маглі не ўразіць дзеючыя сучасныя малочнатаварныя фермы, а таксама аб’ёмы новабудоўляў. Немалаважна, што перадавая гаспадарка не пакідае без падтрымкі і ўвагі сацыяльную сферу аграгарадка.
На базе Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная адбылося знаёмства з тым, як выкарыстоўваецца мясцовая сыравіна – гліны –  для ганчарнай вытворчасці, а таксама як захоўваецца і развіваецца старажытнае рамяство.
Мясцовыя жыхары таксама праявілі цікаўнасць да візіту высокіх гасцей,  сабраўшыся перад Цэнтрам. Старшыня аблсавета С. Д. Ашмянцаў, канешне ж,  падышоў да вяскоўцаў з просьбай агучыць хвалюючыя іх пытанні, падзяліцца набалелым. Прагучала заўвага наконт прыёму гандлёвымі кропкамі ягад, якія ў навакольных лясах збіраюць гараднянцы. На што адразу было ўдакладненне, што праблем з гэтым няма.
З Гарадной госці ад’язджалі  не толькі са станоўчымі эмоцыямі і прыемнымі ўражаннямі ад экскурсіі, якую выдатна правяла дырэктар Цэнтра Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец, але і з сувенірамі, зробленымі мясцовымі майстрамі. Сярод якіх, дарэчы, ёсць ужо і маладыя ўмельцы ганчарнай справы, што, зразумела, не можа не радаваць. Прычым,  нават будучы ўжо студэнтамі, на канікулах юнакі не абмінаюць Цэнтр ганчарства.
У ходзе работы сесіі быў наведаны філіял ААТ «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў» — Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў. Як высветлілася, многія прадстаўнікі дэпутацкага корпусу з іншых раёнаў вобласці нават не ведалі, што дзякуючы ўкараненню сучасных тэхналогій на прадпрыемстве вырабляецца цэгла выдатнай якасці.
Дырэктар КУВП «Манькавічы» Аляксей Васільевіч Мікуліч, знаёмячы з работай спіртагарэлачнай вытворчасці,  зрабіў акцэнт на выкарыстанні тут прыродных запасаў вады. І патлумачыў, што робіцца для таго, каб як мага ашчадней расходаваць гэтае багацце.
У якасці прыкладу сумеснага клопату і дзяржавы, і непасрэдна жыхароў горада Століна пра прыроднае багацце быў прыведзены парк “Манькавічы”, добраўпарадкаваннем якога займаюцца амаль усе прадпрыемствы і арганізацыі райцэнтра.
Вынікі насычанага рабочага дня дэпутатаў былі падведзены ў Столінскім доме культуры.
Даклады зрабілі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці Нэлі Гіндзюк, намеснік начальніка абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Штык, намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзімір Чорненькі.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў заўважыў, што  адсутнасць у нашай краіне радовішчаў нафты і газу  азначае толькі тое, што мы  павінны пастаянна працаваць на пошук і выкарыстанне новых рэзерваў сярод прыродных багаццяў.
Тэкст і фота
Алены  КЛІМУШКА

Добавить комментарий