Быць гатовым маральна

Па выніках 2012 года начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 18 вёсцы Аздамічы прапаршчык унутранай службы Яўген ВАБІШЧЭВІЧ быў прызнаны “Маладым чалавекам года-2012” у галіне сілавых структур.
Сустрэўся з Яўгенам напярэдадні прафесійнага свята.
—    Раскажы крыху аб сабе, як давялося звязаць сваё жыццё са справай пажарнага?
—    Нарадзіўся ў 1989 годзе ў Плотніцы. Можна сказаць, што выбар маёй прафесіі вызначыў выпадак, калі ў бацькоў згарэў хлеў. Я тады яшчэ быў школьнікам і добра запомніў гэта. Тады вырашыў, што хачу стаць пажарным, каб дапамагаць людзям. Пасля заканчэння школы ў 2006 годзе паступіў у камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь на завочнае аддзяленне. Праходзіў тэрміновую ваенную службу. Атрымаў спецыяльнасць інжынера па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Першым месцам службы стала пажарная аварыйна-выратавальная часць у Мікашэвічах, потым працаваў у Давыд-Гарадку, Фядорах, Століне на розных пасадах ад радыётэлефаніста да пажарнага. Начальнікам ПАВП № 18 стаў у 2012 годзе.
—    Як прайшоў перыяд станаўлення?
—    Адразу  было цяжка. Потым, калі ўцягнуўся ў графік, стала лягчэй.  Работа стала неад’емнай часткай майго жыцця, нават не задумваюся аб яе мінусах. Нягледзячы на жорсткі графік, мне хапае часу і на адпачынак, і на заняцце падсобнай гаспадаркай. Пакуль жыву разам з бацькамі, але ў хуткім часе планую пераехаць у Столін, таму што вельмі далёка ездзіць на работу. За час службы прызвычаіўся да ўсяго: экстранныя выклікі ў любы час дня і ночы, вучэбныя пажарныя трывогі і працоўны графік сталі звычайным рытмам жыцця. Любы пажарны скажа: аднолькавых выпадкаў у нашай практыцы няма – кожны па-свойму небяспечны, ніколі не ведаеш, што здарыцца праз дзесяць хвілін, а то і адну.
Таму чалавек нашай прафесіі перш за ўсё павінен быць мужным, стойкім і мець загартаваныя нервы.
—    З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца падчас службы?
—    Цяжка на пажарах і дарожна-транспартных здарэннях, дзе пацярпелі людзі. Для мяне лепш стаміцца фізічна, чым маральна.

 Першы час маральна і псіхалагічна было вельмі цяжка, але дзякуючы падрыхтоўцы ў інстытуце, практыцы і вопыту аб гэтым не думаеш. Самыя страшныя пажары – тушэнне тарфянікаў. Яго тленне можа працягвацца гадамі, зямля прагарае на некалькі метраў. Таму  трэба ў самыя сціслыя тэрміны ўсімі наяўнымі сіламі справіцца са стыхіяй.
—    Даводзілася асабіста ратаваць людзей?
—    Былі такія выпадкі. Тры чалавекі засталіся жыць. І гэта яшчэ раз для мяне падкрэслівае,  што мая работа патрэбна людзям.
—    Якія незвычайныя выпадкі ўзгадаеш са сваёй практыкі?
—  Даводзілася ратаваць і жывёлу, і кватэры адчыняць. Быў выпадак, калі дзіця зачынілася ў кватэры на пятым паверсе. Пажарная лесвіца не дастае, таму давялося забрацца ў кватэру з даху. Прывязаўся вяроўкай, таварышы на страхоўцы, і спусціўся на балкон.
—    З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца ў рабоце?
—    Праблема – барацьба з тымі, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі і ў той жа час курыць.  Бывалі выпадкі, калі чалавека папярэджвалі, прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, прыводзілі прыклады з практыкі, а праз нейкі час гэты чалавек загінуў на пажары ці пацярпеў. Цяжка працаваць і з сем’ямі, дзе бацькі многа п’юць. У такіх выпадках вельмі шкада дзяцей, якія ўвесь час знаходзяцца ў небяспецы.
—    Як стараешся адпачыць ад работы, набрацца новых сіл?
—    Люблю хадзіць на рыбалку. Побач рэкі Прыпяць, Стыр, шматлікія каналы. Я рыбак-аматар, карыстаюся толькі вудкамі. Гэта больш адпачынак для душы, а не хоббі. Так набіраюся сіл, перш за ўсё маральных.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *