З гісторыі беларускага тэатральнага гуртка ў Давыд-Гарадку

У пачатку ХХ стагоддзя на Беларусі назіраўся значны ўздым народнай творчасці. Развіццё беларускай літаратуры, у тым ліку і драматургіі, садзейнічала з’яўленню ў гарадах і мястэчках краю аматарскіх мастацкіх гурткоў, якія імкнуліся пашыраць і папулярызаваць родную культуру сярод сялянства і гараджан.
Нягледзячы на тое, што Палессе ў тыя часы знаходзілася на перыферыі культурнага жыцця, падобная з’ява дайшла і да тутэйшага асяроддзя. Прыкладам гэтага можа быць існаванне беларускага аматарскага гуртка ў Давыд-Гарадку.
Працуючы над пошукам звестак пра Давыд-Гарадок у перыядычным друку ХІХ-ХХ стагоддзя, я наткнуўся на дзве даволі цікавыя карэспандэнцыі, якія былі надрукаваны ў газеце “Наша ніва” за 1911 год. Карэспандэнцыі былі дасланы ў газету з Давыд-Гарадка верагодна прадстаўніком мясцовай інтэлігенцыі, які падпісаў іх псеўданімам “Абывацель”. У першай карэспандэнцыі аўтар даў невялікае апісанне мястэчка і яго жыхароў: “Мястэчко нашэ жыве сваім асобным жыццём. Не малое яно (мае больш як 14 тысяч жыцелёў) і ў сваім жыцці мае шмат усякіх здарэннёў, аб каторых дужа мала чуваць у газетах. Мешчане нашы – гэто ўсё народ землеробны, але цікавяцца дужа і гандлем. Здаўна, ужо так вядзецца, што на гандлёвые заробкі яны разьежджаюцца па вялікіх гарадох Расіі і Польшчы, а нідаўна пачалі кіравацца і ў Амэрыку. На сваёй-жэ старонцы гандляваць у іх ані ў думцы, бо баяцца тутэйшаго добра ўжо організаванаго гандлю. Ня ведаюць ешчэ, што значыць хаўрус, кооперацыя, суполкі…”. Далей у карэспандэнцыі аўтар скардзіўся на адсутнасць у мястэчку ўсялякай  культурна-асветніцкай працы. У прыклад толькі ставілася дзейнасць праваслаўнага святара Ц. Юхневіча. У канцы вылучаўся заклік да мясцовых інтэлігентаў, каб тыя больш актыўна ўзяліся за справу пашырэння асветы сярод гарадчукоў.
Гэты заклік быў пачуты. Пра гэта сведчыць другая карэспандэнцыя “Абывацеля”. З яе можна даведацца, што 5 чэрвеня 1911 года ў актавай зале ДавыдГарадоцкага гарадскога вучылішча адбылася вечарына на карысць незаможных вучняў. У карэспандэнцыі згадваецца аматарскі тэатральны гурток з тутэйшай інтэлігенцыі, які паставіў на вечарыне 2 п’есы па-беларуску: “Па рэвізіі” ўкраінскага драматурга М. Крапіўніцкага і “Сватанне” А. Чэхава (у пачатку ХХ стагоддзя гэтыя творы былі перакладзены на беларускую мову). Паводле аўтара, спектакль прайшоў “пры агульнай сімпатыі і смеху публікі, каторая бадай ці не першы раз пачула простую беларускую гутарку на сцэне”.  У канцы вечарыны гледачы шчыра дзякавалі арганізатарам мерапрыемства, сярод якіх быў інспектар мясцовага гарадскога вучылішча І. М. Чувардзінскі. “Зважаючы на тое, што гэта была тут першая спроба   арганізацыі тэатру, – хацелася б верыць, што Гарадок не закісне цяпер і ў скорасці ізноў убачыць на сцэне працавітую моладзь”, – падкрэслівалася ў канцы карэспандэнцыі.
На старонках “Нашай нівы” таксама быў надрукаваны фотаздымак беларускага тэатральнага гуртка ў Давыд-Гарадку.
На жаль, мне не давялося знайсці больш падрабязных звестак аб дзейнасці беларускага тэатральнага гуртка ў Давыд-Гарадку. У кнізе “Памяць. Столінскі раён” згадана, што апошняя беларуская вечарына ў горадзе адбылася ў 1915 годзе, а значыць, гурток існаваў тут каля 4 гадоў. Невядомымі застаюцца  імёны сяброў гуртка. Верагодна неабходна праца ў беларускіх архівах, каб паставіць кропку па гэтым  пытанні.  Спадзяюся, што дадзены артыкул выклікае цікавасць не толькі ў мясцовых краязнаўцаў, але і ў прафесійных гісторыкаў і сумеснымі намаганнямі мы зможам перагарнуць яшчэ адну старонку гісторыі горада на Гарыні.
Аляксандр Горны,
магістр
гістарычных
навук
Гродна — Давыд-Гарадок

Добавить комментарий