Свята вёскі ў Рухчы

22 мая ў аграгарадку Рухча разам са святам святога Міколы жыхары адзначылі і свята вёскі.  Яно пачалося са святочнага богаслужэння.
Само мерапрыемства каля Дома культуры адкрылі старшыня Столінскага райсавета дэпутатаў Дзямко Аляксей Аляксеевіч і  старшыня Рухчанскага сельскага выканаўчага камітэта Валерый Уладзіміравіч Ліс, якія павіншавалі жыхароў са святам і прызвалі ўсіх да захавання чысціні і парадку на бацькоўскай зямлі.
Затым пачалася самая прыемная частка – узнагароды. За парадак у дварах і на тэрыторыі граматамі былі ўзнагароджаны Аляксандра Палхоўская і Уладзімір Дзенісовіч.
Самымі  старэйшымі жыхарамі Рухчы аказаліся Марыя Калаур, Вольга Дзікавіцкая,  Ганна  Шаламіцкая і Надзея Качаноўская. Адзначаны быў ветэран вайны, які адзіны застаўся  ў вёсцы – гэта Іван Паўлавіч Падвіцельскі.
Самая маленькая жыхарка вёскі –   Ульяна Генадзьеўна Шаміч – нарадзілася 19 лютага 2013 года. Усім былі ўручаны святочныя падарункі.
Узнагароджвалі маладых працаўнікоў СВК, а таксама тых,  хто ў сельскай гаспадарцы ўжо больш за 40 гадоў, –  Івана Палхоўскага, Івана Шаламіцкага, Пятра Багатку, Аляксандра Кужко і Уладзіміра Рамашку.  Не  абмінулі ўвагай і Соф’ю Сцяпанаўну Матвяйчук,  якая  каля  40  гадоў  адпрацавала ў мясцовай бібліятэцы, а таксама павіншавалі самую актыўную ўдзельніцу вясковых творчых свят – Таццяну Галуха.
На свяце працавала выстаўка творчых работ, якую падрыхтавала загадчыца мясцовай бібліятэкі Валянціна Колб, з задавальненнем прысутныя каштавалі розныя прысмакі, салодкую вату, шашлыкі, а дзеці маглі весела паскакаць на батутах.
Жыхары з вялікай асалодай паглядзелі святочны канцэрт і сюжэтна-гульнявую праграму для сямейных пар, падрыхтаваную работнікамі Рухчанскага СДК Нінай Трушко і Аксанай Дзямко.
Ніна ЛІСАВЕЦ,
вядучы метадыст
па фальклору
і этнаграфіі РАМЦ

Добавить комментарий