«Палын-вада»: на пераломе трагічных падзей

На адным
дыханні
прачытаў дзве кнігі романа-хронікі Анатоля Рэзановіча «Палын-вада». Першая — «Трэснуты лёд», другая — «Гарачы вецер». Яны выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» ў 2012 годзе. Для майго пакалення апісаныя падзеі яшчэ свежыя ў памяці.
Анатоль Рэзановіч рыхтуе да публікацыі новыя творы. Дык вось, у адным з іх ёсць такія словы:
«Пылінка, расток кветкі, карабок запалак, дом, лясное дрэва, касмічны карабель… Усё гэта — «элементы» ўсеагульнага Быцця, у якім нічога выпадковага, лішняга няма і не можа быць. Усё неабходна, усё да месца і да часу.
Пылінка можа павялічыць масу, калі далепіцца да іншай пылінкі. І так да бясконцасці, пакуль не народзіцца новая планета альбо нават Сусвет. З растка кветкі з’явіцца сапраўдная кветка, якая будзе не толькі ўпрыгажэннем лугу, але і крыніцай нектару для пчол, якія вырабляюць мёд.
Пачак запалак прымяняецца для распалу каміна альбо падпальвання смецця, з якога, дарэчы, можа з’явіцца маса пылінак.
Дом пабудаваны для таго, каб у ім жыць, працягваць свой радавод – адной сям’і альбо некалькіх.
Лясное дрэва прыносіць плады для харчавання нашых «меншых братоў», служыць для вырабу будматэрыялаў.
Касмічны карабель створаны для асваення калязямной прасторы і назірання за прыроднымі працэсамі, якія там адбываюцца. Тут усё ўзаемазвязана».
Думаецца, што так узаемазвязана і чалавечае жыццё. За адной падзеяй ідзе іншая, якая становіцца працягам першай. Менавіта аб гэтым і піша Анатоль Рэзановіч.
У рамане-хроніцы «Палын-вада» асноўныя падзеі адбываюцца на Палессі, у вёсцы Рубеж, раённым гарадку Доліне, а потым у Брэсце і Мінску.
Галоўны герой — Аляксей Жылеўскі. Яго лёс падобны на лёсы тысяч і тысяч яго сучаснікаў, якія нарадзіліся, выхоўваліся і жылі яшчэ ў гады Савецкага Саюза. Здавалася б, гэты час быў зусім нядаўна. Але ён ужо ў мінулым. Асабліва для сённяшніх школьнікаў, студэнтаў, якія вывучаюць гэтае мінулае па падручніках гісторыі. У сувязі з гэтым мне прыемна адзначыць, што раман-хроніка «Палынь-вада» — гэта жывая гісторыя. Але гісторыя ў асобах, героях Палесся, простых людзях роднай зямлі. Яны перажылі многія трагедыі ХХ стагоддзя, адна з якіх — Чарнобыль. Не толькі фізічны, але і духоўны. На мой погляд, менавіта духоўны Чарнобыль найбольш ярка паказвае Анатоль Рэзановіч. Праўда, гэтая бяда не только спустошвае многіх людзей, але і дае многім і многім надзею, упэўненасць у сябе.
Не буду апісваць складаны і захапляльны сюжэт рамана-хронікі «Палын-вада». Яго трэба чытаць, аналізаваць, а галоўнае — рабіць вывады. А яны несуцяшальныя, таму што многія з нас яшчэ жывуць мінулым. Адны яго ідэалізуюць, а іншыя праклінаюць. На жаль, бо гісторыя разнапланавая і разнавектарная. Але яна ідзе наперад.
Мне, як гісторыку і журналісту, больш даспадобы, каб уся гісторыя чалавецтва ішла эвалюцыйным шляхам і ніякім іншым. Але, як бачым, без рэвалюцыйных успышак пакуль не абыходзіцца.
Але што ёсць, тое і ёсць. Тое, што Савецкі Саюз разбурыўся, заслуга не «заклятага» Захада, хоць ён і быў у гэтым зацікаўлены, як мог, садзейнічаў знікненню вялікай дзяржавы, але і віна непасрэдна наша, нашых былых ідэолагаў і кіраўнікоў КПСС і Савецкай дзяржавы. Каб не быць галаслоўным, прывяду словы з кнігі аўтарытэтнага і паважанага чалавека, былога старшыні Савета Міністраў СССР Мікалая Іванавіча Рыжкова з кнігі «Галоўны сведак. Справа аб развале СССР»: «Да сваёй трагедыі КПСС падышла таму, што на працягу дзесяцігоддзяў, маючы манаполію на ўладу, яна страціла здольнасць да рэальнай, паўсядзённай палітычнай барацьбы. У выніку партыя як адзіны арганізм страціла свае лепшыя якасці — баявітасць, самаахвяраванне, бескарыслівасць. Адбылося яе…  адрахленне».
Асабліва хочацца выдзеліць слова «бескарысліваць». Яго змена на слова “карыслівасць” у розуме і справах мінулых і ўжо сённяшніх кіраўнікоў нарадзіла ў іх хлусню, карысць, карупцыю, саманадзейнасць, бессаромнаcць і г. д.
Дарэчы, пачатак рамана-хронікі «Палын-вада» напачатку называўся “Людзі і пярэваратні” і друкаваўся ў брэсцкай абласной газеце «Заря», калі Анатоль Рэзановіч там працаваў, быў таксама размешчаны на старонках часопісаў «Всемирная литература» і «Палессе».
На пераломе трагедый больш нам падыходзіць слова “выратаванне”. Чаму? Таму што яно прыйдзе і ўжо прыходзіць да нас ад бедаў Чарнобыля. І фізічных, і духоўных. Таму што мы праз свой жыццёвы вопыт усведамляем свае памылкі, свае непаразуменні, сваё бязбожжа. У першую чаргу бязбожжа. Менавіта яго асуджае дзед Фёдар. Свайму ўнуку Аляксею — галоўнаму герою рамана-хронікі — кажа аб недапушчальнасці гэтага граху. Вось дыялог з першай кніжкі:
«Нечакана лодку страсянула, і дно яе паехала па чымсьці цвёрдым.
«На бярвенні наскочылі», — падумаў Аляксей.
Ён заглушыў матор, паспрабаваў вяслом выштурхнуць з-пад пласкадонкі бервяно, чорны прагніўшы канец якога выступаў з-пад вады, але дарэмна.
— На мель вяслуй, — параіў дзед.
Аляксей накіраваў лодку да берага, дзе пачаў даставаць бервяно. Дапамагаў дзед Фёдар. Удваіх яны, нарэшце, дасталі чорны, увесь у цвілі, брус.
— Гэта ж з крыжа, — здзівіўся Аляксей. — Адкуль ён тут?
Стары агледзеў мокры брус, правёў па ім далонню, задумліва прамовіў:
— Тут непадалёку немцы ў вайну людзей расстрэльвалі. Крыж, напэўна, з чыейсьці магілы вада вымыла. Давай на сухое месца вынесем, няхай ляжыць, дажывае сваё стагоддзе.
— Можа, з сабой забяром? — прапанаваў Аляксей.
— Для чаго? — не зразумеў стары.
— На дровы пойдзе, — па-тлумачыў Аляксей.
Нахіліўшы галаву, дзед Фёдар спадылба зірнуў на ўнука і холадна адрэзаў:
— Крыж — Божы знак. Ад Бога ўсё на зямлі. Усё. Парэжаш крыж — парэжаш сябе, жывога. Ведай».
Ужо ведаем. З гісторыі. З жыцця людзей. З мінулага і нават з сённяшняга. Вось так.
Дзве кніжкі рамана-хронікі «Палын-вада», нарэшце, выйшлі. І гэта добры знак. На ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе, якая прайшла ў лютым гэтага года, аўтар, які прэзентаваў іх, паабяцаў выпусціць трэцюю і чацвёртую кнігі.
Хочацца дачакацца і прачытаць, каб упэўніцца ў сваёй унутранай упэўненасці ў пераменах, якія вядуць да здаровага і духоўна больш багатага жыцця.
А магчыма, у адным з персанажаў пазнаю самога сябе.
Андрэй Вышынскі,
«ИП»

«Палын-вада»: на пераломе трагічных падзей: 1 комментарий

  • 06.05.2013 в 11:24 пп
    Permalink

    парастак, «расток» гэта русізм

Добавить комментарий