Дзень Перамогі ў памяці жыве…

Столін
Па традыцыі раніцай  9 Мая ў горадзе Століне члены райвыканкама прыязджаюць на могілкі і ўскладваюць кветкі да помнікаў ветэранаў вайны. Побач з іх магіламі ва ўрачыстым каравуле стаяць школьнікі, аддаючы даніну павагі тым, хто перамог у той жудаснай вайне.
Мітынг да Дня Перамогі праходзіў на цэнтральнай плошчы горада. З вітальным словам да ўсіх сабраўшыхся звярнуўся старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі. Ён адзначыў, што Дзень Перамогі – гэта самае дарагое свята для кожнага з нас. І хаця з тых гадоў ваеннага ліхалецця мінула ўжо шмат часу і засталося зусім мала рэальных удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай, але словы “Мы перамаглі!” сёння з гонарам гавораць тыя, хто нарадзіўся ў пасляваенныя гады.
Людскую падзяку ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікам тылу і ўсім, хто набліжаў перамогу, нельга выказаць у словах. Мы заўсёды будзем захапляцца іх адвагай, гераізмам, самаадданай працай.
Асабліва каштоўнай з’яўляецца работа ветэранскіх арганізацый па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.
Старшыня райвыканкама заклікаў моладзь Століншчыны не спыняцца на дасягненнях у розных галінах развіцця раёна, праяўляць ініцыятыву і настойлівасць.
—    Жыццёвы вопыт і мудрасць старэйшага пакалення разам з дапытлівасцю і вялікім рэзерве творчых сіл моладзі здольны на многае. Давайце разам зробім усё для таго, каб наша жыццё стала лепшым, а Століншчына – яшчэ больш паспяховай, прыгожай і добраўпарадкаванай! – сказаў Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.
Урачыстасці сваімі выступленнямі дадалі і прадстаўнікі культурнай галіны раёна.
Алена КЛІМУШКА
Рэчыца
Яшчэ напярэдадні Дня Перамогі  ветэранаў Вялікай Айчыннай пачалі ўшаноўваць і словам, і справай. Па добрай традыцыі іх наведалі школьнікі рэчыцкіх школ, дэлегацыі арганізацый і прадпрыемстваў, з якіх ветэраны  пайшлі на заслужаны адпачынак.
Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і прыроўненыя да іх асобы атрымалі матэрыяльныя дапамогі Рэчыцкага пасялковага Савета.
Святочны мітынг 9 мая пачаўся у 10 гадзін. Сёлета на яго, на жаль, змаглі прыйсці толькі тры ветэраны – гэта Любоў Васільеўна Страха, Іван Іванавіч Мельнік і Аляксей Мікалаевіч Высоцкі.   На тэрыторыі Рэчыцкага пасялковага Савета жыве 6 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 2 інваліды дзяцінства па наступствах вайны, 3 працаўнікі тылу, адна сям’я загінуўшага ваеннаслужачага.  За мінулы год з жыцця пайшлі тры ветэраны.
Святочнае мерапрыемства адкрыў старшыня Рэчыцкага пасялковага Савета Ігар Мікалаевіч Курган, які нагадаў  пра вялікі подзвіг беларускага народа і павіншаваў прысутных з Днём Перамогі.
Слова ад імя ветэранаў узяў Іван Іванавіч Мельнік.  Прагучалі віншавальныя словы і ад сённяшніх абаронцаў Айчыны: з вітальным словам выступіў намеснік начальніка аддзялення пагранічнага кантролю “Гарынь” па ідэалагічнай рабоце і прафесійна-службовай падрыхтоўцы маёр Андрэй Генадзьевіч Гушча.
Традыцыйна ў гэты святочны дзень гарэў вечны агонь, быў узняты сцяг, ускладзены кветкі  да помніка тых, хто заплаціў за мірнае неба сваім жыццём.
Фінальны акорд афіцыйнай часткі – святочны салют салютнай групы аддзела пагранічнай службы “Рэчыца”.
Што да неафіцыйнай часткі, то насычаная канцэртная праграма была наладжана сіламі Рэчыцкага ДК і Рэчыцкай школы мастацтваў. Працавалі гандлёвыя рады Столінскага райспажыўтаварыства.

Струга
Святкаванне Дня Перамогі ў Струзе сабрала многа жыхароў у цэнтры аграгарадка. На мітынг прыехаў Аляксандр Пятровіч Раманюк, жыхар в. Аніскавічы Кобрынскага раёна. Справа ў тым, што Аляксандр Пятровіч доўгі час не ведаў, дзе пахаваны яго бацька, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
У 2011 годзе ён напісаў ліст у радыёпраграму “Помни имя своё”, якая дапамагае людзям знаходзіць магілы загінуўшых сваякоў. У 2012 годзе А. Раманюк дачакаўся адказу: па радыё паведамілі, што яго бацька, Пётр Фёдаравіч Раманюк, пахаваны ў аг. Струга Столінскага раёна.
Аляксандр Пятровіч Раманюк прыехаў на Палессе разам з унучкай, каб ускласці кветкі і ўшанаваць памяць. У час мітынгу ён вельмі чулліва расказаў пра гісторыю сваёй сям’і, ролю вайны ў лёсе і жыцці.
Велямічы
Традыцыйна святкаванне Дня Перамогі пачалося ў 11 гадзін каля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтры аграгарадка.
На мітынг прыйшлі ветэраны, школьнікі, моладзь, жыхары аграгарадка.  Старшыня сельвыканкама Святлана Васільеўна Пашкевіч выступіла з вітальным словам. Яна адзначыла, што ўсё менш і менш становіцца тых, хто абараняў Айчыну. Зараз на тэрыторыі сельсавета пражываюць 12 ветэранаў, тры сям’і загінуўшых. На мітынгу прысутнічалі сем ветэранаў.
Старшыня сельгасвытворчага кааператыва “Веляміцкі” Мікалай Васільевіч Місюра павіншаваў прысутных з Днём Перамогі, выказаў добрыя словы ветэранам. Перамогу, за якую нашы дзяды заплацілі вельмі вялікую цану, трэба памятаць і захоўваць у сэрцы.
Айцец Іаан, настаяцель Свята-Ільінскай царквы, звярнуўся да ўдзельнікаў са шчырымі словамі падзякі за мужнасць і гераізм. Ён павіншаваў прысутных і са святам светлага Вялікадня.
Вучні Веляміцкай школы прачыталі імёны тых, хто не вярнуўся з поля бою. Да помніка былі ўскладзены кветкі і вянкі. Школьнікі ўручылі букеты цюльпанаў і нарцысаў героям свята.
Падрыхтавалі святочны канцэрт работнікі  Дома культуры. Песні ваеннай тэматыкі для слухачоў выконвалі мясцовыя маладыя таленты: Ганна Пенчык, Вікторыя Карчэўская, Юлія Мамайка, Аляксандр Слуцкі і інш. Святочны настрой і прыемныя хвіліны адпачынку падарылі юнакі і дзяўчаты не толькі ветэранам, але і ўсім прысутным.
Святлана ШПАКОЎСКАЯ
Рубель
Праздник, посвященный Дню Победы, отпраздновали жители Рубельского сельского Совета. У памятника  погибшим воинам, расположенном у здания сельского Совета, собрались сотни жителей. Среди них ветераны Великой Отечественной войны и труда, узники фашистских лагерей, дети-школьники, взрослые и старики, в чьей памяти отложились ужасы страшной войны. Праздник  начался с митинга-реквиема. Со вступительным словом выступила председатель Рубельского сельского Совета Коледа Людмила Тимофеевна. К памятнику погибшим односельчанам, не вернувшимся с войны, возложили цветы. После состоялся тематический концерт местных самодеятельных артистов, который подготовили работники Дома культуры.
Вадим МАНАМС
Лілія ГУШЧА
Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Добавить комментарий