«Не спадзяваўся застацца жывым…»

Я даўно ведаю Фёдара Іванавіча
Буйніча. У Варанях да выхаду на заслужаны адпачынак ён шчыра працаваў на аўтамабілі. Выязджаў на работу на досвітку, вяртаўся позна.
А ў першыя гады пасля стварэння калектыўнай гаспадаркі  Фёдар  Іванавіч  узорваў  аб’яднаныя  надзелы на трактары. Механізатараў, вадзіцеляў тады, як і тэхнікі, не хапала. На дапамогу прыходзілі ў асноўным трактарысты з раённай МТС. У іх вясковая моладзь і вучылася механізатарскай справе. Фёдар Іванавіч праявіў жаданне і асвоіў таксама грузавы аўтамабіль.
Вось так і жыў з калгаснай працы, трымаўся за дом і хатнюю гаспадарку.
Па  Варанях, яе жыхарах, Вялікая Айчынная вайна прайшлася жорсткай хмарай.  З першых дзён акупацыі фашысты ні ў што не ставілі жыццё мясцовых жыхароў. Каб забіваць, здзекавацца, асаблівых прычын не знаходзілі.
27 верасня 1942 года акупанты расстралялі 10 мясцовых актывістаў. 15 лютага 1943 года спалілі большую частку вёскі, жывымі спалілі 43 яе жыхары. Дзясяткі варанёўцаў з ліку моладзі пагналі ў Нямеччыну на катаржныя работы. Яшчэ незагойнай ранай для вёскі стала гібель многіх франтавікоў і партызан, якія са зброяй у руках абаранялі Радзіму.
Фёдар Іванавіч – таксама ахвяра той вайны. Юнака разам з іншымі равеснікамі з Альшан, Стругі пагрузілі ў эшалон і павезлі на захад.  Спыніліся ў Гданьску. Там сталі прывучаць да новага парадку ў канцлагеры Штутаў.
…Я разумею, што Фёдару Іванавічу вельмі цяжка ўспамінаць тыя пакуты, здзекі, якія давялося вытрымаць. І стараюся ў размове з ім не задаваць балючых пытанняў. А сам ён успамінае адрывістымі фразамі, нетаропка:
— Трымалі за калючым дротам. Есці хацелася пастаянна. Надзеі на выратаванне не было зусім. Разам з таварышам два разы ўцякаў. Нас, абяссіленых, неўзабаве знаходзілі. Па некалькі дзён трымалі ў карцэры. Потым – зноў у канцлагер…
Як дажыў да лета 1944-га, і цяпер не ўяўляе. Ужо грымела кананада, Чырвоная Армія перайшла дзяржаўную граніцу і рухалася па Польшчы да Берліна. Вязняў канцлагера павезлі далей на захад. Калі да канца вайны заставалася зусім мала, усяго некалькі дзён, іх пагрузілі на баржы і вывезлі ў Балтыйскае мора, каб патапіць.
Ад смерці іх выратавалі англічане. Немцаў адправілі на бераг, а ўсіх вязняў пасадзілі на цеплаход і накіравалі ў Швейцарыю. Там тры месяцы лячылі ў шпіталі.
Шлях на радзіму быў няблізкі. Масква, Чалябінск, работа ў паравозным дэпо… У спаленай вёсцы давялося будаваць хату, абжывацца.
Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий