Не баяцца ні жывых, ні мёртвых

12 снежня на могілках па вул. Першамайскай у Альшанах было мнагалюдна.  Жыхарам аграгарадка сюды не перашкодзілі прыйсці ні мароз, ні снег амаль па калена: іх сюды паклікала вялікая агульная бяда.
Не ўкладвалася ў галаве: каму і навошта спатрэбілася руйнаваць  святое – помнікі на магілах сваіх аднавяскоўцаў?
Ды “героі” на той момант ужо былі аператыўна знойдзены ўчастковым. Імі аказаліся два непаўналетнія жыхары Альшан Ш. і С. Абодва працуюць жывёлаводамі ў СВК “Новая Прыпяць”. Абодва маюць не надта сяброўскія зносіны з законам.
Як выглядаў той вечар у іх бестурботным жыцці?
11 снежня яны вярталіся праз могілкі дадому ад свайго сябра. Ш. у гасцях выпіў, таму быў у стане “мора па калена” – гэта ён першым пачаў рукамі і нагамі пераварочваць помнікі. Цвярозы С. спачатку ў вандалізме  не  ўдзельнічаў. Ды Ш. падштурхнуў яго да гэтага адным толькі выразам:
—    Ты што – баба?
Бабай С. быць не хацелася, таму і ён узяўся за “справу”.  Вынік начной прагулкі па могілках – 19 сапсаваных помнікаў!
Магчыма, злачынцы і не былі б знойдзены, калі б не адно “але”.  У той вечар да ўчастковага прыехаў знаёмы і яны выйшлі на вуліцу. З боку могілак пачуўся грукат, і мужчыны накіраваліся туды, каб паглядзець, у чым справа.   Парушальнікі ўбачылі іх і кінуліся наўцёкі, але ўчастковы заўважыў  прыкметы: апрануты ў камуфляж, адзін амаль на галаву вышэйшы за другога.  Непаўналетнія пабеглі ў бок клуба.  Там іх і затрымаў участковы, які тады нават не падазраваў, ШТО нарабілі юнакі на могілках.  І хутчэй для парадку загадаў ім прыйсці раніцай у апорны пункт для разбіральніцтва…
А раніцай вёска гула.  Хтосьці даведаўся пра акт вандалізму  ў школе, хтосьці ў аптэцы, хтосьці дома. Людзі тэлефанавалі адзін аднаму і прасілі прыйсці на могілкі, каб праверыць, ці на месцы помнікі іх родных.  На могілкі ў той дзень прыйшло каля ста чалавек!  Тыя, хто не пацярпеў ад рук вандалаў, таксама не разыходзіліся – спачувалі  аднавяскоўцам, якім не пашанцавала.  Такая непавага да памяці памерлых здарылася ўпершыню, апякла многія сем’і і прагрымела на ўсю Століншчыну.
…Ехала на выязны суд у Альшанах і ўяўляла сабе падсудных двума “лбамі”, асілкамі з шырокімі плячыма. Ды на справе яны аказаліся маленькімі шчуплымі юнакамі,    якія  панура   глядзелі ў падлогу і ледзь чутна гаварылі. Было цяжка ўявіць, як 11 снежня гэтыя “сціплыя хлопчыкі” не адчувалі пад сабой зямлі. 12 сакавіка, у дзень суда, яны ўключылі “ахвяр”.  І так удала, што многія пацярпеўшыя на судзе ім нават… прабачылі.
На судзе спачатку былі заслуханы паказанні падсудных. Ш. паспрабаваў скінуць ўсе грахі на свой нецвярозы стан. Маўляў, “нічога не памятаю”, хаця ў час следства не тое што расказваў – паказваў, як і што рабіў са сваім “напарнікам”.
С. быў больш шчырым. Ды і амнезію сабе пры ўсім сваім жаданні прыпісаць не мог, бо сцвярджаў, што быў у той вечар цвярозым.  Праўда, асабіста для карэспандэнта гэты факт малаважкі:  п’яны – дурны, а цвярозы? Пайшоў на павадку ў дурня?
…Потым далі слова пацярпеўшым. Адзін за адным жыхары Альшан выходзілі, каб падзяліцца сваім болем. Некаторыя  не  стрымлівалі слёз ад успамінаў пра 11 снежня 2012 года.  Сярод пацярпеўшых аказаліся і настаўнікі падсудных, і нават  сваякі.  У кагосьці пашкодзілі помнік дзеда, у кагосьці мужа.  У некаторых пацярпеўшых  зруйнавалі  адразу два помнікі – маці і бацькі.  Што тады тварылася ў іх душы – вядома толькі ім…
У час судовага працэсу аднавяскоўцы спрабавалі націснуць на пачуцці падсудных:
—    Хлопчыкі, куды вы пайшлі? Гэта ж святое месца, яно слязьмі прапітана…
—    Што вы атрымалі ад гэтага? Ад Бога – грэх. Ад  людзей – пакаранне… Сваім бацькам – ганьба…
Некаторыя пацярпеўшыя былі больш прынцыповымі: ставілі “дыягназ” і абмалёўвалі будучыню парушальнікаў:
—      Гэта хворыя на голаву людзі… Ёсць Божы суд…
Але як бы там ні было, большасць пацярпеўшых усё ж прабачала непаўналетнім і не настойвала на суровым пакаранні. За выключэннем тых грамадзян, якім яшчэ не быў адноўлены ўрон.
Пра матэрыяльны ўрон – асобная размова. У матэрыялах справы – проста смешныя лічбы. У большасці пацярпеўшых пазначаны ўрон у памеры… 23-25 тысяч рублёў. Пацярпеўшыя ў судзе не хавалі эмоцый:
—    Я сам заплачу 25 000 рублёў —  няхай мне за гэтыя грошы адновяць помнік… Абурае непавага экспертаў да працэдуры ацэнкі ўрону…
Магчыма, нейкія пашкоджанні на помніках і  магільных плітах было цяжка заўважыць пад вялікім пластом снегу? А прыйшла вясна, і вачам адкрыліся новыя абставіны?
Усе, хто не задаволены тым, як адноўлены помнікі, не атрымалі матэрыяльнай кампенсацыі,  маюць права падаць грамадзянскія іскі.
Суд на чале з суддзёй Столінскага раёна Ф. У. Стахаўцом цалкам задаволіў патрабаванне памочніка пракурора С. М. Пінчука і прызначыў С. і Ш. пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь (кожнаму) і арышту тэрмінам на два месяцы.   Дарэчы, С. атрымаў два месяцы і 27 дзён, таму што меў не знятую  і непагашаную судзімасць. Нягледзячы на намаганні адвакатаў, юнакі былі асуджаны не толькі за  зняслаўленне магіл, а і за злоснае хуліганства.
Маладыя людзі былі ўзяты пад варту ў зале суда. Ды ці напужала іх гэта? Асаблівых эмоцый на іх тварах не заўважыла. Ды і адкуль узяцца духоўнасці? Яны ж не баяцца ні мёртвых, ні жывых…
Лілія ГУШЧА
Фота аўтара

Не баяцца ні жывых, ні мёртвых: 1 комментарий

  • 18.04.2013 в 5:01 пп
    Permalink

    «У большасці пацярпеўшых пазначаны ўрон у памеры… 23-25 тысяч рублёў…
    Интересно, это эксперты оценили ущерб от оставленного отпечатка пальца??? В такой ситуации даже не смешно…

Добавить комментарий