Гарыць жыццё вакол нас

Здаецца, дачакаліся: прыйшла вясна. Нягледзячы на тое, што многа дзе лугі і палеткі залітыя вадою, спецыялісты асцерагаюцца сельгаспалаў, якія заўжды пачынаюцца з прыходам цёплых дзён.
—    У апошнія гады вясновыя палы сухой расліннасці набылі характар агульнанацыянальнага бедства, — гаворыць начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Васільевіч Патапчук. – Але нагадваю, што ў нашай краіне выпальванне сухой расліннасці і сельгаспалы ЗАБАРОНЕНЫ.
У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за такія палы або непрыняцце мер па іх ліквідацыі вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Штраф за такія парушэнні – ад 10 да 40 базавых велічынь.
Таксама нельга паліць кастры ў забароненых месцах. За гэта прадугледжана папярэджанне ці штраф да 12 базавых велічынь.
У сувязі з тым, што ідзе час масавых палаў, разасланы напаміны кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый аб персанальнай адказнасці за выпальванне сухой расліннасці на іх тэрыторыях.
Васіль Васільевіч яшчэ раз нагадаў, што выпальванне травы не нясе ніякай карысці. Выпаленыя ўчасткі лугоў наадварот становяцца бяднейшымі на разнатраўе, там застаюцца толькі найбольш жывучыя расліны. У асноўным гэта пустазелле. А агнём вынішчаецца вялікая колькасць насякомых, а таксама птушкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *