Настрой – ад якасці хлеба

Пераможцай конкурсу “Малады чалавек года-2012” у галіне эканомікі і прамысловай гаспадаркі вызначана інжынер-тэхнолаг філіяла РУВП “Брэстхлебпрам” Столінскі хлебазавод Ганна Уладзіміраўна ВАНДЗІЧ.
Калі знаёмішся з Ганнай Вандзіч, усё больш пераконваешся, што выбар прафесіі для яе не выпадковы, што яна ні на хвіліну не сумняваецца, што знайшла любімую справу, якой аддае ўсю душу, усё майстэрства.
Першай прыступкай да гэтай прафесіі стала вучоба ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы. Выпускніца столінскай сярэдняй школы № 3 чамусьці не вагалася, куды паступаць вучыцца далей.
Як прызнаецца, прыкладу блізкага чалавека, быццам, і не было, каб уяўляць сябе спецыялістам хлебапякарнай і кандытарскай справы. Хіба што бабуля Галіна  Канстанцінаўна з дзяцінства прывабіла яе да розных выпечак, перадаючы сваё ўменне ў гэтым.
А на Столінскі хлебазавод таксама трапіла не выпадкова. Тут у час вучобы ў каледжы праходзіла вытворчую практыку. І сама, як кажуць, “зачапілася” за работу, за калектыў, ды і яе заўважылі, ацанілі, прапанавалі прыйсці пасля вучобы працаваць.

Ганна Вандзіч не толькі прыемны субяседнік, дасведчаны ў сваёй рабоце спецыяліст, а і дасціпны чалавек на ўсё, што адбываецца вакол. Калі спытаў, што яна больш за ўсё цэніць у людзях, адразу ж адказала;
— Шчырасць, чэснасць!
І вынесены ў загаловак яе адказ пра настрой, магчыма, па яе мерках можна было б трактаваць зусім дакладна, як сказала яна:
— Настрой – ад якасці прадукцыі!
І сапраўды, хлебазавод, хлебапёк – ня поўная характарыстыка і дакладная назва таго, што мы маем па вуліцы Набярэжнай у Століне. Тут столькі найменняў карыснай, смачнай і салодкай прадукцыі, столькі працуе заўзятых адметных людзей, што, адным словам, хлеб не назавеш.
Ганна Уладзіміраўна, на яе думку, не спяшалася жыць. Але паспела многа зрабіць, каб стаць паважаным чалавекам, мець уласны светапогляд. Яна не спынілася на самаўдасканаленні і без адрыву ад вытворчасці паспяхова закончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Цяпер яна дока ў захаванні і перапрацоўцы харчовай, расліннай сыравіны.
А яшчэ паспела павучыцца і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Пакуль свайго аўто не мае, практыкуе на бацькоўскай машыне.
Ёсць кватэра ў маладзёжным жыллёва-будаўнічым кааператыве.
На рабоце, якую Ганна Уладзіміраўна лічыць заўжды за свята, у яе адказныя абавязкі. Сам бачыў, як пастаянна да яе ідуць па кансультацыю, як яна рашуча ўмешваецца ў вытворчы працэс.
Яна ж – той самы галоўны кантралёр, пагранічнік, які дае “дабро” на вырабленую прадукцыю.
Якасць вызначае па двух важнейшых прынцыпах. Арганалептыка вызначаецца больш візуальна. Хлебабулачныя вырабы павінны быць без парываў, трэшчын, добра прапечанымі. І пах, агульны знешні выгляд. Па фізіка-хімічных паказчыках не павінна быць аніякіх адхіленняў ад тэхналогіі. Няхай хто паспрадуе перавысіць вільготнасць, кіслотнасць, дапусціць неадпаведнасць утрымання цукру, тлушчу…
Правільна кажуць: каб кантраляваць, самому трэба ўсё ведаць. Ганна Уладзіміраўна ў сваёй працоўнай біяграфіі паспела праявіць сябе ў якасці кантралёра на выхадзе прадукцыі, фармороўшчыка, укладчыка, майстра вытворчасці.
Яна па характары аптыміст. Мае многа добрых жаданняў, якім, безумоўна, трэба абавязкова збыцца. На адпачынак ірвецца на мора: вельмі любіць плаваць. Цешыцца ад кветак: ружы і рамонкі – ёй найпершы падарунак. Марыць пра падарожжы, у тым ліку і па Еўропе.
Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий