Вялікае сэрца дружнага калектыву

З кожным годам у нашым раёне
спецадукацыя займае ўсё мацнейшыя пазіцыі. Рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўдзяляецца больш увагі з боку дзяржавы. Сведчанне таго, што работнікі гэтага напрамку добра спраўляюцца са сваімі задачамі, стала занясенне Столінскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі на раённую Дошку гонару. У гэтым заслуга ўсяго дружнага калектыву.
Яшчэ пяць гадоў назад карэкцыйны цэнтр налічваў сем супрацоўнікаў. Зараз жа штат установы складае 35 чалавек. Адміністрацыйны будынак знаходзіцца ў цэнтры Століна, а класы для дзяцей з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі працуюць у Рэчыцы і Альшанах.
Перад карэкцыйна-развіваючым цэнтрам пастаўлена шмат задач. У першую чаргу гэтая ўстанова каардынуе сістэму спецадукацыі. Вядзецца адукацыйны працэс для дзяцей з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі развіцця, аказваецца ранняя комплексная і карэкцыйна-развіваючая дапамога. Важнае месца ў дзейнасці спецыялістаў займае дыягнастычная дзейнасць – абследаванне дзетак на псіхолага-медыка-педагагічных камісіях. Складаюць педагогі адукацыйныя маршруты, аказваючы дапамогу ўсім адукацыйным установам раёна, дзе рэалізуецца праграма спецадукацыі, вядзецца кансультаванне бацькоў і спецыялістаў іншых галін па пытаннях спецадукацыі.
Работа немагчыма і без асветніцкай дзейнасці. На базе цэнтра выдаюцца буклеты, дыдактычныя матэрыялы, праводзяцца круглыя сталы, семінары і г. д. Ужо сталі традыцыйнымі мерапрыемствы, якія з году ў год праходзяць пад эгідаю цэнтра – гэта шматлікія выстаўкі, конкурсы, святы, прымеркаваныя да важных дат.
Вядзецца банк даных. Ён дапамагае аптымізаваць работу з асаблівымі дзеткамі. Галоўная задача, самае вялікае жаданне работнікаў – ахапіць сваёй дзейнасцю ўсіх дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гэтым навучальным годзе спецадукацыю праходзяць 99,2 працэнта. Гэта пяты паказчык у вобласці. У параўнанні з мінулым годам ён павялічыўся на 1,2 працэнта.

Зараз на ўліку ў цэнтры стаіць 541 дзіця, з іх 22 чалавекі займаюцца ў класах цэнтра, 33 прыходзяць на заняткі ў цэнтр. Працуюць 12 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі (чатыры ў школьных і восем у дашкольных установах адукацыі), у іх займаюцца 254 дзіцяці. Працуюць тры інтэграваныя групы для дзяцей дашкольнага ўзросту, 97 інтэграваных класаў, у якіх навучаюцца 128 чалавек. У трох спецыяльных групах навучаюцца 30 дзяцей, з 44 дзеткамі вядзецца навучанне дома.
Пры цэнтры працуе бацькоўскі клуб “Любячае сэрца”, работа якога накіравана на папярэджанне развіцця захворванняў сярод дзетак, на своечасовае выяўленне парокаў развіцця. Клубам кіруе Наталля Паўлаўна Мышапуд. Карэкцыйна-педагагічная дапамога аказваецца Марынай Іванаўнай Яхнавец (яна яшчэ і кіраўнік раённага метадычнага аб”яднання настаўнікаў-дэфектолагаў) і Таццянай Мікалаеўнай Савашынскай.
У класах цэнтра працуюць вопытныя спецыялісты. У Рэчыцы гэта выхавальнікі Наталля Валер’еўна Кашлецкая і Алена Васільеўна Вярэніч. Першая, акрамя асноўнай работы, з’яўляецца кіраўніком праблемнай групы выхаваўча-інтэграванага навучання, а другая яшчэ займаецца з дзеткамі ў гуртку “Умелыя ручкі” Цэнтра дзіцячай творчасці.
Яшчэ два выхавальнікі з Рэчыцы — Юлія Уладзіміраўна Бабіч і Вольга Леанідаўна Кісялеўская. Яны працуюць у тэатральным напрамку, прайшлі майстар-класы мінулым летам у “Тэатры пад адкрытым небам”.
Настаўніца класа ў Рэчыцы Людміла Міхайлаўна Даудава, настаўнік адаптацыйнай фізічнай культуры Міхаіл Сяргеевіч Харашун. Міхаіл Сяргеевіч працуе з дзеткамі ў гуртку “Краязнаўства” цэнтра турызму і краязнаўства. Работа з яго гурткоўцамі ацэнена не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы. Памочнікі выхавальніка Раіса Максімаўна Халімончык і Вольга Мікалаеўна Басавец добра ведаюць сваю работу.
У класе цэнтра ў Альшанах займаюцца выхавальнікі Вольга Вячаславаўна Барадзіна і Святлана Фёдараўна Кірылава. Святлана Фёдараўна таксама вядзе мастацкі гурток Цэнтра дзіцячай творчасці, выкладае музыку. Яе распрацоўкі ўрокаў музыкі былі надрукаваны ў весніку “Кансультант”. Аляксандр Васільевіч Драпей выкладае адаптацыйную фізічную культуру. Яго выхавальнікі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў. З абавязкамі памочніка выхавальніка цудоўна спраўляюцца Ганна Рыгораўна Барадзіна і Пелагея Рыгораўна Карпавец. Як добры спецыяліст зарэкамендавала сябе і медсястра Наталля Іванаўна Сыса.
Граматна кіруе адукацыйным працэсам намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганна Паўлаўна Валюкевіч. Па ўсіх прававых пытаннях, якія тычацца спецадукацыі, не толькі спецыялістаў, а і бацькоў пракансультуе педагог сацыяльны Алёна Мікалаеўна Клочка. Аказваюць раннюю комплексную дапамогу педагог-псіхолаг  Таццяна Аляксандраўна Сімончык і настаўнік-дэфектолаг Галіна Уладзіміраўна Волас. Ёсць у цэнтры і свая бібліятэка. Тамара Паўлаўна Кажушка загадвае не толькі кніжным фондам, а і ўсёй матэрыяльнай базай установы. Яе правай рукой і майстрам на ўсе рукі з’яўляецца рабочы Аркадзь Дзмітрыевіч Грынюшка. Усе работы з камп’ютарным абсталяваннем, праграмным забеспячэннем ускладзены на інжынера-праграміста Андрэя Уладзіміравіча Васечку. Дзяцей у класы цэнтра падвозяць на двух аўтобусах. Падвозам займаюцца вадзіцелі Юрый Аляксандравіч Харашун і Дзмітрый Дзмітрыевіч Курч. Пытаннямі харчавання займаецца кладаўшчыца Наталля Фёдараўна Бабіч. І ахоўваюць парадак вартаўнікі Вольга Сцяпанаўна Вабішчэвіч і Надзея Міхайлаўна Паляруш.
Вось ужо пяць гадоў кіруе гэтай установай дырэктар Іна Аляксееўна Шаламіцкая, якая прайшла шлях ад выхавальніка дзіцячага садка да настаўніка-дэфектолага ў інтэграваным класе. Іна Аляксееўна прызнаецца, што менавіта ў цэнтры знайшла сваё прафесійнае прызначэнне.
Цэнтрам наладжана цесная ўзаемасувязь з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання (выпускнікі карэкцыйнага цэнтра ідуць у групы дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра), з ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці (праводзіцца прафарыентацыйная работа, якая адзначаецца ў вобласці), са Столінскай бальніцай (дзякуючы гэтаму пачынаецца ранняя работа з дзеткамі), у апошні час – з аддзелам па фізічнай культуры, спорце і турызме Столінскага райвыканкама. Ёсць і пастаянныя памагатыя, якія не застаюцца ў баку ад праблем, пастаянна выслухоўваюць, аказваюць дапамогу. У першую чаргу гэта Столінскі райвыканкам, аддзел адукацыі, а таксама шэфы – Столінскі раён электрасетак, вузел электрасувязі, райспажыўтаварыства, бальніца, фермеры аг. Альшаны, індывідуальны прадпрымальнік В. А. Васькін. Пастаянна ідзе супрацоўніцтва з міжнародным таварыствам “Хатэм”, якое многа дапамагае цэнтру.
Работнікі і выхаванцы цэнтра прымаюць актыўны ўдзел у шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах, конкурсах, фестывалях. Яны ўзнагароджаны мноствам дыпломаў, грамат.  Работа цэнтра ацэньваецца па колькасці дзетак, якія зняты з уліку. У мінулым годзе з 587 дзяцей было знята 250.
Разам з усімі дасягненнямі ёсць яшчэ і праблемы. Па-ранейшаму нізкім застаецца працэнт забеспячэння спецыялістамі, не хапае настаўнікаў-дэфектолагаў. Не хапае падручнікаў для заняткаў па спецпраграмах. Хочацца, каб цэнтр аказваў поўную комплексную рэабілітацыю. Для гэтага патрэбен масажыст, інструктар ЛФК. А яшчэ самае запаветнае жаданне работнікаў – перабрацца ў адзін вялікі будынак.
Ёсць і задачы, якія павінны быць выкананы ў бліжэйшы час. Гэта адкрыццё дзвюх дашкольных груп для дзяцей з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі развіцця, пункта карэкцыйнай дапамогі на базе СШ № 2 аг. Альшаны.

Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий