Рацыянальна выкарыстоўваць землі

Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы адзначаецца ў нашай краіне з 2002 года. Гэта прафесійнае свята работнікаў землеўпарадкавальнай службы, бюро тэхнічнай інвентарызацыі, геадэзістаў будаўнічых і дарожных арганізацый.
Напярэдадні свята мы завіталі ў землеўпарадкавальную службу Столінскага райвыканкама, якую ўзначальвае Юлія Мікалаеўна Гайкевіч зусім нядаўна, але ў самой сістэме яна амаль 20 гадоў. Пачынала вядучым спецыялістам па землеўпарадкаванні ў Столінскім гарсавеце, а з 2004 года  працавала намеснікам начальніка землеўпарадкавальнай службы да мінулага года.
—    У нашай службе працуюць 13 чалавек, з іх дзевяць з вышэйшай адукацыяй, як таго патрабуе наша справа. Некаторыя лічаць, што мы займаемся толькі адвядзеннем участкаў, але гэта толькі невялікая частка нашай работы, — адзначыла Юлія Мікалаеўна.
Сярод абавязкаў работнікаў – вядзенне ўліку зямлі, вырашэнне спрэчных пытанняў, пераафармленне права на валоданне замлёю, правядзенне аўкцыёнаў, вызначэнне кадастравага кошту ўчастка   для падаткаабкладання, нясуць спецыялісты адказнасць за рацыянальнае выкарыстанне земляў.
Паступае шмат зваротаў ад жыхароў раёна па зямельных пытаннях. У 2012 годзе падрыхтавана і разгледжана на пасяджэннях райгарпасвыканкамаў 2425 рашэнняў.
У сувязі з газіфікацыяй павялічылася колькасць зваротаў ад грамадзян. Спецыялістамі службы абмерана і зроблена дакументацыя на 703 зямельныя ўчасткі  ў сельскай мясцовасці.
Значную частку рабочага часу забіраюць спрэчныя пытанні, у якіх вельмі важна прыняць аб’ектыўнае рашэнне. У мінулым годзе такіх было разгледжана 43 звароты. У асноўным яны ўзнікаюць, калі чалавек афармляе дакументы на ўчастак, калі трэба ўзгадніць межы з суседам. Іншым часам здараецца, што спрэчка між суседзямі ўзнікае з-за нейкай бытавой дробязі, а пасля  перакідваецца на зямельныя граніцы.
Праводзяцца аўкцыёны, на якіх выстаўляюцца зямельныя ўчасткі для індывідуальнага будаўніцтва і развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці. У мінулым годзе было 12 аўкцыёнаў, у выніку якіх паступіў адзін мільярд 100 тысяч рублёў. У 2011 годзе  было  праведзена чатыры такія аўкцыёны і з іх паступіла 162 мільёны 400 тысяч рублёў.
З мэтай вядзення дзяржаўнага кантролю за выкарыстаннем і аховай земляў у 2012  годзе  быў  складзены 21 пратакол за парушэнне зямельнага заканадаўства і невыканання патрабаванняў  навядзення парадку на зямлі. Па іх накладзены штрафы на 18 мільёнаў 400 тысяч рублёў.
Задача ўсіх спецыялістаў – парадак на зямлі, рацыянальнае выкарыстанне зямельных участкаў, а таксама аб’ектыўнасць у прыняцці рашэнняў.
—    Напярэдадні свята віншую ўсіх, чый лёс звязаны з землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службай, з прафесійным святам. Поспехаў, дабрабыту, здароўя, паменей спрэчных пытанняў, — пажадала Юлія Мікалаеўна Гайкевіч.
Таццяна СЕГЕН
Фота  аўтара

Добавить комментарий