Сусветны дзень снегу

Сусветны дзень снегу традыцыйна адзначаецца ў студзені больш чым у 40 краінах свету. Новае для беларусаў свята – гэта выдатны момант правесці час на свежым паветры: можна заняцца зімовымі відамі спорту ці прыняць удзел у іншых мерапрыемствах. Які варыянт не выберы – яскравыя эмоцыі і добры настрой гарантаваны.

У суботу, 26 студзеня, нягледзячы на мароз, у гарадскім парку ў Століне сабраліся дзясяткі людзей – школьнікі, навучэнцы ліцэя, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў горада. У спартыўнай праграме свята – лыжныя гонкі на розныя дыстанцыі.
Сярод юнакоў (дыстанцыя 5 км) першым да фінішу прыйшоў Мікалай Пашкевіч (СШ № 2 г. Століна), другім – Сяргей Вабішчэвіч, трэцім – Яўген Яхнавец (абодва – Стружская СШ). Сярод дзяўчат (дыстанцыя 2 км) перамогу атрымала Таццяна Комар (Стружская СШ), тругое і трэцяе месцы занялі сёстры Караліна і Крысціна Прыходзька (СШ № 2 г. Століна). У агульнакамандным заліку сярод навучальных устаноў першае месца заняла каманда Стружскай СШ, другое месца – каманда СШ № 2 г. Століна і трэцяе – СШ № 3 г. Століна.
Сярод мужчын на дыстанцыі 5 км не было роўных Івану Флар’яновічу з Вялікага Малешава, другое месца заняў Уладзімір Флар’яновіч таксама з Вялікага Малешава, трэцяе месца дасталося Сяргею Штэйнеру з Беражнога. Сярод жанчын першынствавала Кацярына Флар’яновіч з Вялікага Малешава, другое месца заняла Зоя Піліпчук з каманды “Столінская ЦРБ” і трэцяе – Галіна Шэлест з каманды “Райспажыўтаварыства”. У камандным заліку перамогу атрымала каманда “Флёрыкі” з Вялікага Малешава, другое месца заняла каманда “Столінская ЦРБ” і трэцяе – “Савушкін прадукт”.
Па традыцыі ў лыжных гонках прыняў удзел і ветэран фізкультуры Яўген Адамавіч Малчановіч, які сваёй прысутнасцю на лыжні зараджаў энергіяй больш маладых спартсменаў.
Пераможцы і прызёры спартыўнага свята былі ўзнагароджаны граматамі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прэміямі. Таксама арганізатары і ўдзельнікі лыжні выказваюць падзяку аддзелу культуры, райспажыўтаварыству і Столінскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.
Такая прыгожая зіма, якая выдалася ў гэтым годзе, у спалучэнні з такімі цікавымі мерапрыемствамі павінна заахвоціць дзяцей да заняткаў зімовымі відамі спорту. Будзем спадзявацца, што зімовая лыжня стане прывабнай для падрастаючага пакалення.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Добавить комментарий