«Ствараем найлепшыя ўмовы…»

Сёння гасцініца “Гарынь” у Століне адзначае сваё 25-годдзе. Якраз 25 студзеня 1988 года ў райцэнтра па вуліцы Леніна яна прыняла першых наведвальнікаў.
Гэты прывабны па архітэктурным рашэнні будынак прыцягвае да сябе ўвагу здалёку. Гасцініца – вароты, твар горада і раёна для яго гасцей.
На самай справе гасцінічныя паслугі ў Століне былі і раней, але яны не ішлі ні ў якое параўнанне з цяперашнімі. Памятаецца, здымачная група кінастудыі “Беларусьфільм” пад кіраўніцтвам знакамітага рэжысёра Віктара Турава ў поўным складзе тулілася ў адным з пакояў цяперашняга Цэнтра  дзіцячай творчасці, што якраз насупраць “Гарыні”. Там не было ніякіх зручнасцяў, у пакоях – цесна.
У новай гасцініцы адразу маглі жыць 120 чалавек. У нумарах на два, тры і чатыры чалавекі па тым часе былі створаны нядрэнныя ўмовы. Ды час няўмольна вылучаў новыя патрабаванні для гасцінічнай сферы. І ў 2007 годзе пачалася рэканструкцыя гасцініцы. На наступны год Столін атрымаў камфартабельную гасцініцу  на 88 месцаў. Нумары толькі на два месцы.  26 з іх – вышэйшага разраду. У такіх нумарах ёсць спальня і гасцінны пакой. У кожным нумары, вядома, тэлевізар, халадзільнік. Ёсць і нумар з трох пакояў.
У гасцінічным комплексе таксама бар на 40 месцаў, цырульня з дзвюх залаў.
— За мінулы год, — расказвае загадчыца гасцініцы Ірына Віктараўна Саванчук, — наведвальнікі правялі ў нас 12 тысяч 29 ложка-сутак. Нашымі паслугамі скарысталіся 502 замежныя турысты з 23 краін. І прыемна было, калі задавальненне ад знаходжання выказвалі госці з Егіпта, ЗША, Англіі, Францыі, Ізраіля, Італіі…
Зразумела, што да ўзроўню сталічных гасцініц з басейнамі і казіно столінскай вельмі далёка, але тут імкнуцца даць максімум зручнасцяў для наведвальнікаў. Адміністратар кваліфікавана падкажа гасцям, дзе можна правесці вольны час у горадзе і раёне, чым дабрацца на чыгуначны і аўтавакзалы.
Прапануе яна і спадарожныя тавары, назаве адрасы бліжэйшых гандлёвых кропак. Наведвальнікаў гасцініцы абслугоўваюць 22 чалавекі. Самыя вопытныя – пакаёўкі Валянціна Іванаўна Лукашэвіч, Таццяна Антонаўна Трапец, Валянціна Герасімаўна Крывапуст.
У гасцініцы не скардзяцца на адсутнасць наведвальнікаў. Тут імкнуцца стварыць максімум умоў для іх пражывання. Прадугледжаны льготы для пэўнай катэгорыі насельнікаў. Напрыклад, тут могуць правесці шлюбную ноч маладыя са скідкай 20 працэнтаў. Настолькі ж таннейшае пражыванне для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, турыстычных і спартыўных груп. У выхадныя і святочныя дні плаціць трэба на 10 працэнтаў менш. На першым паверсе ёсць нумар з дадатковымі зручнасцямі для праблемнай катэгорыі наведвальнікаў.
Фёдар ШУМКО
Фота аўтара

Добавить комментарий