Прафесія даўжынёю ў жыццё

Менавіта такую тэму абмяркоўвалі падчас свайго пасяджэння члены Столінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” на чале з яе старшынёю – начальнікам аддзела па справах моладзі Таццянай Адамаўнай Лабадзінскай.
Сваімі ўспамінамі пра першыя крокі ў абранай прафесіі дзяліліся старшыня раённага савета ветэранаў, былы галоўны рэдактар раённай газеты “Навіны Палесся” Валянціна Васільеўна Мірановіч і кіраўнік аддзялення ААТ  “Белаграпрамбанк” Надзея Андрэеўна Яхнавец.
На самай справе цікавыя і павучальныя старонкі прафесійнага станаўлення пачулі ўдзельнікі мерапрыемства. Як адзначыла Валянціна Васільеўна, каб была магчымасць пачаць жыццё з пачатку, яна ўсё роўна выбрала б журналістыку. Надзея Андрэеўна падзялілася не толькі тым, як яна стала кіраўніком банка, але і з захапленнем расказала пра сённяшняе жыццё ўзначальваемай ёю ўстановы.
Адназначна, што гісторыі гэтых жанчын заслугоўваюць таго, каб пра іх даведалася шырокая аўдыторыя.
Ды ў раёне ёсць шмат людзей, якія ўсё сваё жыццё ідуць па адной выбранай сцяжынцы ў некалі набытай прафесіі і робяць гэта з гонарам. На маю думку, не перашкодзіла б, каб такія сустрэчы наладжваліся, напрыклад, з выпускнікамі школ. Тады і прафарыентацыя атрымалася б жывой і даступнай для старшакласнікаў.

Тэкст і фота
Алены
КЛІМУШКА

Добавить комментарий