«Кар’ера не сустрэне дома, а грошы не выцеруць слёзы…»

Сёння свой юбілей адзначае настаўніца рускай мовы і літаратуры Вялікамалешаўскай школы Ганна Кузьмінічна Кавалец. Вось ужо 41 год яна працуе настаўніцай, з якіх 25 гадоў выкладае рускую мову і літаратуру. Тады, чвэрць стагоддзя назад, яна прыйшла на месца Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец. Так здарылася, што Кавалец замяніла Кавалец, але не толькі ў гэтым засталося падабенства. Ад Надзеі Іванаўны Ганна Кузьмінічна пераняла шмат у сваёй рабоце. Яе характарызуюць як адукаванага, ведаючага, няўрымслівага педагога.
Таполя на
ўскрайку вёскі
Калі Ганна была васьмікласніцай, яны садзілі на ўскрайку роднай вёскі Сямігосцічы дрэвы. Зараз з іх засталася толькі адна таполя. І калі яна прыязджае да маці ў родную вёску, то заўжды ідзе туды, да таго дрэўца, каб узгадаць сваё дзяцінства, той час, калі жыццём людзей кіравала дабрыня, калі сусед дапамагаў суседу, калі былі іншыя жыццёвыя каштоўнасці…
І песняй
поўніцца жыццё
Пасля дзясятага класа Ганна паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча. Яна добра памятае, як здавала экзамен па музыцы. Паслухаць, як спявае абітурыентка, спусціўся дырэктар педвучылішча. Песня суправаджала яе па жыцці. Дзякуючы песні яна пазнаёмілася з першым хлопцам на вёсцы – Васілём, які таксама любіў спяваць, быў удзельнікам мастацкай самадзейнасці. Так і зараз — збіраецца вялікая сям’я і пачынаюць спяваць. Сын Васіль бярэ ў рукі гітару і гучаць песні Кавальцоў. Унук другакласнік Уладзіслаў марыць пра падарунак на дзень нараджэння – гітару, ён таксама хоча спяваць.
“А слава не
абдыме ноччу…”
— Самае галоўнае ў жыцці – сям’я. Нядаўна пачула словы, якія адпавядаюць майму жыццёваму крэда: “Кар’ера не сустрэне дома, грошы не выцеруць слёзы, а слава не абдыме ноччу”, — гаворыць Ганна Кузьмінічна.
У сям”і Кавальцоў пяцёра дзяцей. Старэйшы Аляксей жыве ў Малешаве і працуе механізатарам, выхоўвае чацвярых дзяцей. Уладзімір пасля заканчэння Брэсцкага педуніверсітэта атрымаў спецыяльнасць настаўнік гісторыі, але займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Ганна Кузьмінічна спадзяецца, што ён вернецца ў школу, бо мае педагагічныя здольнасці. У сям’і Уладзіміра двое дзетак. Алёна працуе ў бальніцы сястрынскага догляду ў Альгомелі. Выхоўвае траіх дзяцей. Васіль – дырэктар філіяла райспажыўтаварыства грамхарчу. У яго адзін сын. Меншая дачушка Елізавета вучыцца на пятым курсе Мазырскага педуніверсітэта.
З асаблівай цеплынёй Ганна Кузьмінічна расказвае пра свайго мужа – Васіля Мікалаевіча, які заўжды поруч, надзейнае плячо якога яна адчувае заўсёды. Васіль вырас у беднай сям’і, а сваім дзецям імкнуўся даць больш любові, цеплыні, …цацак. Сямейная традыцыя – бацька заўжды ўпрыгожвае самастойна ёлку, а дзецям дорыць жаданыя цацкі.
“Лепш добрым на свеце быць…”
Ганна Кузьмінічна шмат чытае на памяць, пераказвае творы з такім цяплом і натхненнем, што адразу хочацца ўзяць і перачытаць прачытанае, ці пазнаёміцца з невядомым творам.
— Настаўнік літаратуры павінен прапаведаваць на ўроку. Дзе, як не на гэтым прадмеце, дзеці пачуюць пропаведзь пра дабро. На кожным уроку трэба знайсці тое духоўнае зерне, якое можна засяліць у душы падрастаючага пакалення. Я заўжды паўтараю словы Асадава: “Лепш добрым на свеце быць, а злосці і так хапае” — гаворыць педагог.
Падарунак ад
Ганны
Кузьмінічны
Сярод захапленняў маёй гераіні – вязанне, вышыўка, пакаёвыя расліны і, канешне, чытанне кніг. Яна ніколі не кладзецца спаць, не пачытаўшы. Зараз больш часу аддае духоўнай літаратуры, але разам з тым перачытвае і класічныя творы. Лічыць, што за добрую памяць трэба дзякаваць прачытанаму, вывучанаму і вязанню. Вяжа Ганна Кузьмінічна па схемах, якія дасканала разбірае, а пасля па памяці аднаўляе. Традыцыйны падарунак ад бабулі ўсім дзесяці ўнукам – звязаная рэч. Але не толькі ўнукам яна дорыць свае вырабы. Прынесла паказаць маленькія пінетачкі. Іх яна звязала да Ражджаства нованароджаным – дзеткам сваёй вучаніцы і калегі.
Вучні
Многія вучні Ганны Кузьмінічны пайшлі яе шляхам, выбраўшы педагогіку. Сярод іх Надзея Васільеўна Птушко, Наталля Фёдараўна Знавец, Наталля Пятроўна Карняўчук і многія іншыя.
Зараз настаўніца выкладае ў 11 класах. Мяркую, што і з апошняга выпуску Ганны Кузьмінічны будуць жадаючыя паступіць у педуніверсітэт, каб працягнуць шлях свайго педагога – разумнага, эрудыраванага, які ўмее прывіць любоў да літаратурнага слова, з яго дапамогай паказаць дабро і зло ў нашым жыцці.

Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий