Чырвоны «форд» – чырвоны след. Працяг гісторыі…

Нашы пастаянныя чытачы, упэўнена, памятаюць артыкул пад назвай «Чырвоны «Форд» – чырвоны след». У ім мы расказвалі пра аварыю, у якой загінуў чалавек. Загінуў пад коламі п’янага жыхара г. Століна М., які не толькі не аказаў дапамогу ахвяры ДТЗ, а і пакінуў месца здарэння.

І хаця грамадскасць чакала дастойнага пакарання для віноўніка ДТЗ, а бацькі і сябры загінуўшага жылі ў чаканні і на мяжы нервовых зрываў, фінал не тое што расчараваў – многім зрабіў балюча. Злачынец нарадзіўся ў кашулі: трапіў… пад мінулагоднюю амністыю! Ад адказнасці яго выратавала.. чарнобыльскае пасведчанне. Пасля перажытага ад граху далей (у поўным сэнсе слова!) ён паехаў у Расію. Напэўна, баяўся расправы? Потым усё ж вярнуўся на малую радзіму…

Ды, як паказалі нядаўнія падзеі, ёсць вышэйшая справядлівасць. Іронія лёсу: у той дзень, калі маці загінуўшага ў пошуках праўды прыйшла на прыём да начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці А. А. Рахманава, амніставаны злачынец… збіў на аўто двух чалавек! Збіў, знаходзячыся ў нецвярозым стане. Збіў НА ПЕШАХОДНЫМ ПЕРАХОДЗЕ! А самае галоўнае: збіў… пад камерамі відэаназірання аддзялення Белаграпрамбанка ў Століне! Сам Усявышні, напэўна, паклапаціўся пра тое, што, калі не знойдзецца сведкаў ДТЗ, будзе яшчэ больш важкі аргумент — відэа. Дарэчы, і сведкі аварыі былі. Абураныя людзі літаральна накінуліся на парушальніка…

Пацярпеўшыя ў ДТЗ — мужчына і жанчына – атрымалі пераломы ног. Ім пашанцавала – будуць жыць.

Як паведаміў “НП” начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь А. Л. Каржоўнік, М. заключаны пад варту.

Злачынцу, які не зрабіў ніякіх вынікаў з першага свайго “чырвонага следу”, свеціць тэрмін да 5 гадоў.

…Што паказала гэтая гісторыя? Тое, што закон аб амністыі не дасканалы. Тое, што нельга даваць шанцаў п’яным вадзіцелям, тым, хто пакідае месца здарэння. Атрымаўшы індульгенцыю аднойчы, патэнцыйныя забойцы не пераглядаюць свае ўчынкі, не задумваюцца над тым, што пазбавілі кагосьці сына, мужа і бацькі, ідуць на новыя, цалкам аналагічныя,“подзвігі”.

Хіба вартыя амністыі ТАКІЯ людзі?!

Лілія ГУШЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *