А на сэрцы – лёгка!

Сярод пераднавагодніх пажаданняў мне вельмі спадабалася гэтае: каб было на сэрцы лёгка, было цяжка ў кашальках!
Калі ў нашай душы, на сэрцы лёгка, калі не адчуваеш стомы і свет здаецца такім лагодным і мілым? Безумоўна, тады, калі няма даўгоў, недаробленай справы, калі ніхто на цябе не злуе, не крыўдуе, калі нічога не баліць. І калі лад у сям’і, парадак на рабоце, сярод сяброў. А цяжкія кашалькі – гэта магчымасць не адмовіць сабе набыць жаданае, ажыццявіць мару, напрыклад, паехаць адпачыць на мора.
Наш раён – сельскі. Вёска і вызначае наш дабрабыт, урэшце, наш настрой.
Вёска нас корміць. А столінская адметна і тым, што па ўсёй рэспубліцы і за яе межамі яшчэ і будуе, дапамагае гадаваць жывёлу, убіраць ураджай. Наша агародніна і садавіна не толькі прадаецца па Беларусі, а і экспартуюцца за мяжу. Іншы раз крыўдна становіцца, калі кажуць, спасылаючыся на статыстыку, што ў раёне зарплата ніжэйшая, чым у іншых. Умеюць нашы людзі і працаваць ахвотна, умела, і зарабляюць многа.
Перад Новым годам ёсць усе падставы спадзявацца, што дадзены сёлета дадатковы зарад трываласці ў сельскай гаспадарцы прынясе рэальны плён ужо ў бліжэйшы час. Хочацца вылучыць некалькі асноўных напрамкаў, у якіх намеціліся пэўныя зрухі.
Століншчына – адзін з самых тавараёмістых раёнаў краіны па аб’ёмах рэалізацыі малака. І для нас ці не самым актуальным было будаўніцтва новых сучасных малочнатаварных ферм, рэканструкцыя дзеючых. І справа не столькі ў нарошчванні прадукцыі ферм, колькі ў карэнным паляпшэнні яе якасці, у стварэнні ўмоў для высокатэхналагічнага ўтрымання жывёлы. І, вядома, павінны значна палепшыцца ўмовы працы людзей, павысіцца іх заробак. На Століншчыне паступова выходзяць на праектную магутнасць новыя сучасныя фермы ў СВК “Новая Прыпяць”, “Фядорскі” і “Новае жыццё-2003”, аснашчаныя новым абсталяваннем пасля рэканструкцыі 24 фермы з пятнаццацю даільнымі заламі. Гэты год быў задзелам, а наступны раскрые ўсе магчымасці і перавагі новабудоўляў.
Пра перспектывы работы на новай ферме можна паразважаць на прыкладзе СВК “Новае жыццё-2003”. На старых памяшканнях жывёлаводы дзякуючы старанню, увішнасці, а таксама моцнай кармавой базе, эфектыўнай племянной рабоце, ушчыльную падцягнуліся па прадуктыўнасці кароў да перадавых гаспадарак раёна – СВК “Фядорскі” і “Палеская ніва”. І гэта пры тым, што да сённяшняга дня не было магчымасці ўкараніць паточна-цэхавую сістэму ўтрымання статка, дзякуючы гэтаму цалкам выкарыстаць магчымасці дыферэнцыраванага кармлення жывёлы. На новыя гарызонты выходзяць магчымасці аднаўлення малочнага статка, павышэнне якасці малака. На новай ферме хутка будзе ўтрымлівацца 765 кароў, а па гаспадарцы іх колькасць вырасце да тысячы галоў. І яшчэ адна важная акалічнасць: сярэдні ўзрост даярак у гаспадарцы – 32 гады.
Адна з такіх працавітых даярак – Валянціна Васільеўна Ярмоліч (на здымку). На ферму прыйшла працаваць адразу пасля школы. І доіць кароў, і за маленькіх цялятак адказвае. У яе стопрацэнтная захавальнасць цялят. Валянціна Васільеўна верыць у заўтрашні дзень, у тое, што з фермы малако будзе ісці толькі класам “экстра”.
Другі яскравы прыклад – тэхнічнае пераўзбраенне ў механізацыі раёна. Яшчэ нядаўна мы маглі ганарыцца адным-двума тысячнікамі на ўборцы ўраджаю, а на гэтым жніве іх дзясятак. На падрыхтоўцы глебы, сяўбе, нарыхтоўцы кармоў адзін механізатар на энерганасычаных машынах працуе за пяцярых.
А яшчэ адзін важны задзел – карэннае паляпшэнне земляў. На працягу 2012 года ў раёне аграмеліярацыйныя работы праведзены на 1900 гектарах, рэканструкцыя ўгоддзяў адбылася на 3500 гектарах. Меліярацыя, увядзенне ў абарот новых плошчаў зроблена на 2700 гектарах. А на наступны год у планах пераўтваральнікаў земляў – павелічэнне плошчаў палепшаных угоддзяў.
У нас ёсць чым ганарыцца сёння, ёсць на што спадзявацца ў наступным годзе.

А на сэрцы – лёгка!: 1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *