Выбары адбыліся — выбар зроблены

З 55543 жыхароў раёна, якія маюць права прымаць удзел у выбарах, выказалі сваё волевыяўленне 42419 чалавек, ці 75,02 працэнта.
Датэрмінова прагаласавалі 16944 выбаршчыкі, па месцы знаходжання – 1510 чалавек. Непасрэдна ў дзень выбараў, 23 верасня, на ўчасткі для галасавання прыйшлі 23965 жыхароў Століншчыны.
Вынікі атрымаліся наступныя:
За Контуся Яўгеніа Анатольевіча прагаласавалі 526 чалавек, ці 1,2 працэнта.
За Каральчука Яўгена Аляксандравіча – 1210 чалавек, ці 2,9 працэнта.
За Шпакевіча Валерыя Пятровіча – 12663 чалавекі, ці 29,9 працэнта.
За Ярашэвіча Аляксандра Мікалаевіча – 25272 чалавекі, ці  59,6 працэнта.
Такім чынам, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Столінскай выбарчай акругі № 16 выбраны
Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч.

Столін
У асноўны дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – 23 верасня – першым наведала Столінскі  – Паўночны выбарчы ўчастак № 2, размешчаны ў сярэдняй школе № 2 г. Століна, дзе выканала свой грамадзянскі абавязак.
Тут  усё найлепшым чынам падрыхтавана да правядзення выбараў: уся камісія ў зборы, аздобленыя нацыянальнай сімволікай кабінкі і празрыстая скрынка для галасавання, дастаткова інфармацыі выбарчага характару. Працавалі шматлікія наглядальнікі:  ад СНД, камуністычнай партыі Беларусі, Беларускага саюза жанчын, прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, партыі працы і справядлівасці, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Валерыя Шпакевіча.
Святочнасці моманту надаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”, які наведаў выбарчы ўчастак а дзясятай гадзіне раніцы. Падчас гэтага візіту аддаў голас за свайго кандыдата ўдзельнік калектыву Васіль Цярлецкі. У сталовай працаваў буфет.
З 1787 выбаршчыкаў, якія ўнесены ў спісы, прыйшлі на выбары 1083 чалавекі. З іх 295 чалавек зрабілі свой выбар датэрмінова. Галасы выбаршчыкаў размеркаваліся наступным чынам: за Яўгена Контуся прагаласавалі 11 чалавек, за Яўгена Каральчука – 28, Валерый Шпакевіч набраў 286 галасоў і Аляксандр Ярашэвіч – 665 галасоў. Супраць усіх кандыдатаў выказаліся 74 выбаршчыкі і 19 бюлетэняў аказаліся несапраўднымі.
Столінскі – Бальнічны ўчастак № 7 заўсёды галасуе адным з першых. Раней за ўсіх становяцца вядомымі і вынікі галасавання.
У дзень выбараў на бальнічным ложку знаходзіліся 109 пацыентаў. У палове адзінаццатай гадзіны свае галасы за кандыдатаў аддавалі апошнія выбаршчыкі. Хто не мог прыйсці на выбарчы ўчастак самастойна, члены камісіі наведаліся да іх у палату.
Як паведаміла сакратар выбарчай камісіі Таццяна Стральчук, найбольшую колькасць галасоў атрымаў кандыдат у дэпутаты Валерый Шпакевіч – 57. За Аляксандра Ярашэвіча прагаласаваў 31 выбаршчык, за Яўгена Каральчука – дзевяць, за Яўгена Контуся – два выбарчшчыкі. Супраць усіх кандыдатаў апусцілі бюлетэні ў скрынку пяць выбаршчыкаў, несапраўдных бюлетэняў пяць.
На Столінскі – Усходні выбарчы ўчастак № 1, што знаходзіўся ў сярэдняй школе № 3 г. Століна, першыя выбаршчыкі прыйшлі яшчэ да васьмі гадзін раніцы.
Па словах старшыні выбарчай камісіі Людмілы Андрыяшка, найбольшую актыўнасць праяўлялі людзі сталага ўзросту. З 1543 унесеных у спісы для галасавання выбаршчыкаў канстытуцыйным правам выбіраць скарысталіся толькі 730 грамадзян. Як і на ўсіх выбарчых участках, тут працавалі незалежныя назіральнікі ад грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, партый і замежных краін.
Пасля падліку галасоў выявілася, што за Яўгена Контуся прагаласавалі 12 выбаршчыкаў, за Яўгена Каральчука – 20. На карысць Валерыя Шпакевіча аддалі свае галасы 250 чалавек. Перавагу атрымаў Аляксандр Ярашэвіч: ён набраў 390 галасоў выбаршчыкаў. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 48 выбаршчыкаў. Дзесяць бюлетэняў несапраўдных.
Галіна ГАШЧУК

На Столінскім — Будаўнічым выбарчым участку № 3, які размясціўся ў адміністрацыйным будынку ДРБУ-141, галасавалі ў асноўным людзі з найбольш населенай часткі горада: са шматпавярховых дамоў побач з прамысловай зонай райцэнтра і прыватных сядзіб, узведзеных за апошняе дзесяцігоддзе абапал праспекта Міру.
Выбаршчыкі ішлі на ўчастак няспынным патокам на працягу ўсяго дня. Сярод іх візуальна можна было вылучыць людзей сярэдняга ўзросту, якія найбольш праяўляюць сябе ў жыцці, працоўнай дзейнасці.
За ўвесь дзень асноўнага галасавання ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не адбылося таго нечаканага і нязвыклага, пра што давялося пачуць напярэдадні ад апазіцыйных рухаў, якія заклікалі байкаціраваць выбары. На ўчастку былі створаны ўсе ўмовы для волевыяўлення кожнага. Не прыгадаю выпадку, каб хто паспрабаваў агітаваць «за» ці «супраць» кандыдатаў у дэпутаты.
— Такі наш менталітэт, — дзеліцца ўражаннямі старшыня выбарчай камісіі Аляксандр Сяргеевіч Бабаловіч, — людзі адчуваюць, што ім нішто і ніхто не замінае галасаваць іменна за таго, хто больш адпавядае іх меркаванням пра прадстаўніка заканадаўчай улады, таму незадаволенасці, абурэння ніхто не выказвае.
Празрыстасць галасавання пэўным чынам сімвалізавала і празрыстая ўрна, у якую выбаршчыкі апускалі бюлетэні. Члены выбарчай камісіі працавалі зладжана, праяўляючы і тактоўнасць, і павагу да закону аб выбарах. Здаецца, многіх выбаршчыкаў ведаеш у твар, але прасілі ўсіх паказаць пашпарт.

За ходам галасавання на ўчастку сачылі сем назіральнікаў ад арганізацый, партый і рухаў. І пасля падпісання пратакола галасавання ніхто з іх не выказаў заўваг па ходзе галасавання. Было зразумела, што не дапускалася спроб фальсіфікаваць важную кампанію, дапускаць суб’ектыўныя дзеянні ў адносінах пададзеных галасоў за кандыдатаў у дэпутаты.
Роўна ў восем гадзін вечара зачыняюцца дзверы выбарчага ўчастка. Праверка бюлетэняў і падлік галасоў занялі крыху больш за гадзіну. На вачах рос стос бюлетэняў, у якіх было пазначана прозвішча Аляксандра Мікалаевіча Ярашэвіча. У выніку ён атрымаў на ўчастку пераважную большасць – 902 галасы выбаршчыкаў з 1262, якія прынялі ўдзел у галасаванні. На другім месцы Валерый Пятровіч Шпакевіч, якога падтрымалі 226 выбаршчыкаў. Яўген Аляксандравіч Каральчук атрымаў 30 галасоў, Яўген Анатольевіч Контусь – сем.
Фёдар ШУМКО

На Столінскім —  Камсамольскім  участку для галасавання № 5, які размяшчаўся ў Доме культуры, выбаршчыкі актыўна ішлі з самай раніцы. Першым нават давялося пачакаць некалькі мінут, пакуль адчыняцца дзверы ўчастка.
З 984 выбаршчыкаў, зарэгістраваных у спісках, прыйшлі аддаць свой голас 680 чалавек. З іх датэрмінова прагаласавалі 195 чалавек. Увесь час працэс галасавання знаходзіўся пад пільным наглядам назіральнікаў, сярод якіх былі як прадстаўнікі калектываў, арганізацый, так і прадстаўнікі кандыдатаў. Былі і замежныя назіральнікі АБСЕ і Казахстана.
Сакратар камісіі Алена Васільеўна Жакун, якая не першы год займае гэтую адказную пасаду, расказала, што ў параўнанні з мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў выбаршчыкі праявілі большую актыўнасць: працэнт прыняўшых удзел у галасаванні крыху большы. Прыходзілі на выбарчы ўчастак цэлымі сем’ямі. Даволі часта бюлетэні ў урну апускалі маленькія дзеткі, якіх бацькі трымалі на руках.
Людзі прыходзілі і выказвалі свае пачуцці, меркаванні: “Аддадзім голас за нашага чалавека, які ведае нашы праблемы”.
Настрой выбаршчыкам падняў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”.
У выніку за Я. А. Контуся аддалі голас 9 чалавек, за Я. А. Каральчука — 25, за В. П. Шпакевіча – 209, за А. М. Ярашэвіча – 381. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 39 чалавек.
На Столінскім – Новапасялковым участку для галасавання № 6, які размешчаны ў клубе ПМК-62, усяго прагаласавала 502 чалавекі з 936, якія занатаваны ў спісках.
Скарысталіся магчымасцю аддаць свой голас папярэдне 153 выбаршчыкі. Дома галасавалі 17 чалавек, якія па стане здароўя не змаглі прыйсці на ўчастак для галасавання. А вось самая старэйшая жыхарка Надзея Іванаўна Арсяновіч, 1933 года нараджэння самастойна прыйшла аддаць свой голас. Жанчына заўжды адной з першых прыходзіць на ўчастак, выказваючы актыўную жыццёвую пазіцыю.
Былі і тыя, хто ўпершыню прыняў удзел у выбарах. Гэта Юрый Белавус і Крысціна Літвінка. Яны атрымалі невялікія сувеніры на памяць аб гэтай важнай палітычнай падзеі.
На ўчастку ўвесь час прысутнічалі назіральнікі ад арганізацыі, ад кандыдатаў. У суботу, напярэдадні выбараў, участак наведалі і прадстаўнікі АБСЕ.
З вынікамі выбараў па ўчастку пазнаёміла сакратар Паліна Пятроўна Касовіч. За Я. А. Контуся аддалі голас 7 чалавек, за Я. А. Каральчука — 18, за В. П. Шпакевіча – 133, за А. М. Ярашэвіча – 294. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 37 чалавек.
Яшчэ ў час галасавання выбаршчыкі далі свой наказ будучаму дэпутату – каб па Гарынскай працавала вулічнае асвятленне.
Таццяна СЕГЕН

Рэчыца
Першым аддаць голас за свайго кандыдата на Рэчыцкі — Пушкінскі ўчастак № 15, які размясціўся ў сценах СШ № 3, прыйшоў пенсіянер Мяфодзій Іванавіч Макавецкі. На гадзінніку яшчэ не было і васьмі гадзін раніцы, таму выбаршчыку давялося дачакацца афіцыйнага адкрыцця выбарчага ўчастка.
Менавіта тут быў зафіксаваны тысячны выбаршчык. Ім аказалася пенсіянерка Марыя Уладзіміраўна Вышынская, якая атрымала сувенір.
Галасы  жыхароў мікрараёна і сумежных з ім вуліц размеркаваліся наступным чынам:  за Я. А. Контуся прагаласавалі 9 чалавек, за Я. А. Каральчука – 41, за В. П. Шпакевіча – 370 грамадзян.
Бясспрэчным лідарам стаў А. М. Ярашэвіч, за якога аддалі галасы 938 чалавек.
Датэрмінова на Рэчыцкім — Пушкінскім участку прагаласаваў 641 чалавек.
Дома па стане здароўя прагаласавалі 12 грамадзян.
У дзень выбараў настрой выбаршчыкам на  ўчастку падымалі “Гарынскія папрадухі”. А падсілкавацца можна было ў буфеце, работа якога была наладжана ў школьнай сталовай сіламі работнікаў грамхарчу Столінскага райспажыўтаварыства.
Лілія ГУШЧА

Радчыцк
На тэрыторыі Радчыцкага сельсавета размешчаны тры населеныя пункты – непасрэдна Радчыцк, Паніжжа і Вялікі Лес. Агульная колькасць выбаршчыкаў тут невялікая – 470 чалавек, але яны ўнеслі ўклад у раённую скарбонку.
Датэрмінова на выбарчым участку прагаласавалі 229 чалавек. У нядзелю дзверы для выбаршчыкаў адчыніліся, як і па ўсёй краіне, у восем гадзін раніцы. І па традыцыі першым аддаў свой голас за кандыдата старшыня мясцовага сельвыканкама Васіль Канстанцінавіч Дабравольскі.
Увогуле, мясцовыя жыхары актыўна ішлі на ўчастак –  прагаласавалі 444 выбаршчыкі (яўка склала 94,5 працэнта). За А. М. Ярашэвіча прагаласавалі 190 выбаршчыкаў, за В. П. Шпакевіча – 108, за Я. А. Каральчука – 45 і Я. А. Контуся – 21. Не змаглі вызначыцца з кандыдатам 80 выбаршчыкаў, якія паставілі “супраць”.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Велямічы
Мнагалюдна было ў Доме культуры аграгарадка Велямічы, дзе размясціўся выбарчы ўчастак  № 29. Людзі спяшаліся аддаць свой голас за выбранага кандыдата. Часта прыходзілі не па аднаму, а сем’ямі.
Першы выканаў свой грамадзянскі абавязак член камісіі Іван Пятровіч Давідчук. Ён падзяліўся з карэспандэнтам сваім меркаваннем: “З выбарам кандыдата вызначыўся загадзя, калі знаёміўся з перадвыбарнымі праграмамі. Цікавіла ўсё: дзе нарадзіўся чалавек, кім працуе, водгукі аб яго працы і яго асобе. Прааналізаваў атрыманую інфармацыю і канчаткова спыніўся на дастойнай кандыдатуры, на маю думку”.
Усяго выбаршчыкаў на Веляміцкім участку – 1159 чалавек. У 13.00 прагаласавала больш за 50 працэнтаў – 742 чалавекі. З іх 482  прагаласавалі датэрмінова. Прычыны прагаласаваць загадзя ў кожнага свае: нехта запланаваў на выхадных наведаць сяброў, якія жывуць няблізка, хтосьці адзначае асабістыя святы – юбілей, дзень нараджэння ці вяселле.
Юнакоў і дзяўчат, якія першы раз прыйшлі на выбарчы ўчастак, частавалі салодкімі прызамі.
На ўчастку працавалі назіральнікі: Канстацін Яўгенавіч Мароз, прадстаўнік райаддзела Брэсцкага ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і Уладзімір Пятровіч Кадоліч, прадстаўнік рэспубліканскай грамадскай арганізацыі  “Грамадзянскі форум”.  Канстанцін Яўгенавіч гаворыць: “Выбарчая кампанія праходзіць згодна з заканадаўствам. Ніякіх парушэнняў няма, заўваг па ходзе выбараў не маю. Яўка выбаршчыкаў на высокім узроўні”.
У фае клуба працавала гандлёвая кропка, дзе можна было набыць прысмакі і салодкія напоі. Работнікі ЦСДК наладзілі святочны канцэрт, тым самым падымаючы настрой выбаршчыкам.
Старына
На момант наведвання карэспандэнтам выбарчага ўчастка № 32 прагаласавалі 124 чалавекі. Усяго выбаршчыкаў на гэтым участку – 149.  Сем чалавек камісія наведала дома.
Першы раз прыйшлі прагаласаваць Павел Аляксандравіч Ляшкевіч і Іван Аляксандравіч Масла.
Датэрмінова галасавалі, у асноўным, пажылыя людзі. У дзень выбараў аддаць свой голас прыходзілі моладзь і людзі сярэдняга ўзросту. Старшыня камісіі адзначае, што выбаршчыкі прыходзяць ужо са сфарміраваным меркаваннем. І ў кожнага свае перавагі наконт таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Назіральнікі, якія працавалі на гэтым участку, не мелі ніякіх нараканняў на правядзенне выбараў.
Турское
Выбаршчыкаў на Турскаўскім участку 275 чалавек. У 14 гадзін тут прагаласавала болей за 90 працэнтаў – 262 выбаршчыкі. Датэрмінова выканалі свой грамадзянскі абавязак 225 чалавек.
Першы раз галасавалі Павел Анатольевіч Жлоба і Сяргей Эдуардавіч Кажаноўскі. Членамі камісіі ім былі ўручаны падарункі.
Трох бабуль, якія  з 1920 года нараджэння, камісія наведала па месцы жыхарства. Свой голас змаглі аддаць, не выходзячы з дома,  Вера Максімаўна Мамайка, Ганна Васільеўна Мамайка, Паліна Барысаўна Гушча.
Старшыня камісіі  Вера Уладзіміраўна Гушча дзеліцца сваімі думкамі пра выбары дэпутатаў: “Выбарчая кампанія праходзіць спакойна. Людзі ідуць арганізавана і  робяць свядомы  выбар, а не спантанна. Гэта вельмі радуе”.
Давыд-Гарадок
На Лермантаўскім ўчастку для галасавання, размешчаным у мясцовым Доме культуры, у 12 гадзін дня аддалі свой голас 25 працэнтаў выбаршчыкаў, гэта 200 чалавек з 800 чакаемых.
Падыходзілі ў Дом культуры людзі сярэдняга ўзросту, пажылыя… Словам тыя, хто асабліва нераўнадушны да будучыні сваёй дзяржавы.
Пахвальна, што наведаў участак і прагаласаваў Міхаіл Паўлавіч Дзісь, якому споўнілася 92 гады.
У час датэрміновага галасавання назіралі за ходам выбараў на Лермантаўскім участку прадстаўнікі з АБСЕ – Анджэй Восін і Рычард Бэйтнтар.
Калектыў народнага аматарскага аб’яднання “Прамень” падрыхтаваў святочны канцэрт для гарадчукоў.
Святлана
ШПАКОЎСКАЯ
Назіральнікі
Гэтыя выбары не сталі выключэннем: да нас завіталі, як заўжды, замежныя назіральнікі, якія наведвалі выбарчыя ўчасткі як непасрэдна ў дзень выбараў, так і ў час датэрміновага галасавання.
Прысутнічалі яны і пры падвядзенні канчатковых вынікаў выбараў. Прадстаўнікі АБСЕ наадрэз адмовіліся выказаць свае нейкія меркаванні па ходу выбараў. На здзіўленне карэспандэнта яны адказалі, что ім гэта забаронена. Узнікае пытанне, хто і чаму зрабіў  забарону? А такую рэакцыю назіральнікаў, напэўна, можна лічыць, як адсутнасць хібаў у правядзенні выбараў. Ну, калі няма чаго сказаць…
У адрозненне ад прадстаўнікоў АБСЕ, назіральнікі з Казахстана далі свае каментарыі:
—    Парушэнняў за ходам выбараў не выявілі, — адзначыў Жэніс Серіккаліеў. – Раней былі назіральнікамі за выбарамі ў Арменіі, Расіі. У Беларусі ўпершыню. Са станоўчага боку трэба адзначыць непасрэдную арганізацыю працэсу галасаваня – ніякіх стоўпатварэнняў, на вялікіх участках электарат падзелены па вуліцах, што дазваляе хутка і без замінкі атрымаць бюлетэнь.
Праўда, калі параўноўваць з нашай краінай, то прыкладна да абеду ў нас прымае ўдзел у выбарах ужо каля 80 працэнтаў, у вас жа найбольшая актыўнасць у другой палове дня. Але гэта не істотна.
Наогул, па прыезду ў Беларусь былі здзіўлены ўбачаным, таму што інфармацыя, якая была ў нас пра вашу краіну раней, карэнным чынам адрозніваецца ад рэчаіснасці. Вельмі спадабаліся чысціня і парадак у вёсках і гарадах, а таксама, запэўню вас, тут добрыя дарогі. Чым мы, на жаль, не можам пахваліцца. А добразычлівасцю беларусаў мы, можна сказаць, уражаны. Ведаеце, у мяне нават узнікла жаданне прыехаць у Беларусь яшчэ падчас свайго водпуску і проста адпачыць.
Алена КЛІМУШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *